Вацлаў Гавэл: "У эўрапейскім палітычным і культурным мысьленьні Беларусі не існуе"

2005 2005-10-11T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Удзельнікам "Форуму–2000" у Празе была прэзэнтаваная новая кніга “Невядомая Беларусь”. Вацлаў Гавэл напісаў прадмову да яе. Радыё Свабода прапанавала беларускі пераклад уступнага слова Вацлава Гавэла да гэтай кнігі.

"Я рады, што намаганьнямі выдавецтва “Dokořán” ("Насьцеж") і Беларускага цэнтра пры аб’яднаньні “Чалавек у нядолі” выходзіць, упершыню ў нас, кніга, якая дае нам магчымасьць бліжэй пазнаёміцца з краінай, пра якую шмат ня ведаем, але лёс якой цесна злучаны зь лёсам Эўропы і нашай краіны. Кніга “Невядомая Беларусь” апісвае і тлумачыць шэраг падзеяў з сучаснай і даўнейшай гісторыі Беларусі, якія нам могуць дапамагчы зразумець прычыны сучаснага стану гэтай краіны, якая зноў апынулася паміж Эўропай і Расеяй і якую ўжо некалькі гадоў адзін былы кіраўнік саўгасу спрабуе ператварыць у сваё прыватнае ўладаньне, а яе грамадзянаў ў сваіх падданых, падобна як яго шматлікія папярэднікі ў часы Савецкага Саюзу, а раней царскай Расеі. Парадаксальна пры тым, што на сваю пасаду ён быў абраны ў першай палове 90-х гадоў у адных зь нешматлікіх свабодных выбарах, што адбыліся на тэрыторыі СНД. Амаль што неіснуючая грамадзянская супольнасьць тады ня здолела перашкодзіць ані абраньню яўнага папуліста, ані дзяржаўнаму перавароту, які ён пазьней з дапамогай Масквы зьдзейсьніў.

Для сучаснай Беларусі тыпова, што аўтараў асобных артыкулаў (зь некаторымі зь іх я меў магчымасьць пазнаёміцца асабіста) злучае тое ж, што калісьці дысыдэнтаў у Чэхаславакіі і былых краінах былога савецкага блёку. Хаця яны і ня маюць асаблівых магчымасьцяў друкаваць свае кнігі на радзіме, а некаторыя, як, напрыклад, нядаўна памерлы Васіль Быкаў, яе былі вымушаныя пакінуць, усё ж яны імкнуцца даводзіць сваім суграмадзянам і сьвету, што кіруючаму рэжыму не ўдалося і не ўдасца прымусіць замаўчаць тых, хто нязгодны з уладараньнем вузкай групы людзей (а ў беларускім выпадку, хутчэй, аднаго чалавека), якія заклінаюць сябе лёзунгамі пра разьвіцьцё, змаганьне за мір і справядлівасьць для ўсіх, і пры тым кожны дзень ілгуць гэтым людзям па тэлебачаньні і ў газэтах, робяць іх жабракамі, а непаслухмяных апазыцыянэраў перасьледуюць, садзяць у турмы, выкідваюць са школ ці забясьпечваюць іх “зьнікненьне без сьледу”.

Усе аўтары гэтага зборніка таксама мелі дачыненьне да ўзьнікненьня грамадзянскай супольнасьці, якая, паводле майго глыбокага перакананьня, зьяўляецца неабходнай часткай пасьпяховага фукцыянаваньня дэмакратыі і адначасова найвялікшай пагрозай для ўсіх таталітарных і недэмакратычных рэжымаў. Гэта ўсьведамляе і самазваны беларускі прэзыдэнт, які ўжо ад свайго абраньня на пасаду ў 1994-м годзе вядзе кіпучы бой зь незалежнымі ініцыятывамі, сродкамі масавай інфармацыі і недзяржаўнымі арганізацыямі. У гэтым боі ён ужывае тыя ж мэтады, што камуністычныя рэжымы ўсходняга блёку перад 1989-м годам.

Беларусь сёньня ў такой жа сытуацыі, якую дакладна апісаў у сваім знакамітым эсэ Мілан Кундэра пра краіны Сярэдняй Эўропы пасьля Другой Сусьветнай вайны – яна як бы не існуе, не прысутнічае ў эўрапейскім палітычным і культурным мысьленьні. Можна сказаць, што не будзь беларускага дыктатара з яго выхадкамі, мы пра гэтую краіну зь дзесяцьцю мільёнамі людзей, якая пасьля пашырэньня Эўразьвязу стала і нашым суседам, не ведалі б увогуле нічога. Таму веру, што пралому жалезнай заслоны ў нашых думках і нашай большай зацікаўленасьці, якую Беларусь так патрабуе, пасадзейнічае і гэтая кніга".

Вацлаў Гавэл
Чэрвень 2005

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international