У Жодзіне нарэшце створаны ўмовы для навучаньня па-беларуску 9-гадовага Янкі Лапіцкага

2005 2005-10-11T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На мінулым тыдні ў Жодзіне адбыліся перамовы паміж бацькамі Янкі і прадстаўнікамі сістэмы адукацыі, у выніку якіх прынятыя папярэднія дамоўленасьці. Паводле словаў бацькі Янкі Аляксея Лапіцкага, 10 кастрычніка намесьніца кіраўніка Жодзінскага гарадзкога аддзелу адукацыі Людміла Талмачова паведаміла, што рашэньне аб адкрыцьці беларускамоўнага навучаньня для ягонага сына прынятае на паседжаньні выканкама.

“Мы не атрымалі пакуль афіцыйнай паперы. Трэба будзе глядзець афіцыйнае рашэньне, як яно сфармулявана. Але так, як мы і дамаўляліся, заўтра Янка можа прыступаць да заняткаў. Аднаго настаўніка яны знайшлі, знайшлі на вуліцы. Вызначылі чалавека, які мае досьвед” – сказаў Аляксей Лапіцкі.

Янка будзе навучацца па-беларуску ў мясцовай гімназіі №1, але па індывідуальнай праграме. Мяркуецца, што чацьверакласьніка будзе навучаць настаўніца-пэнсіянерка, якая мае досьвед беларускамоўнага выкладаньня. Хлопчык будзе вучыцца ў гімназіі ў другую зьмену.

Ініцыятывы жодзінскіх чыноўнікаў улагодзіць канфлікт зьявіліся пасьля нядаўняга звароту сям’і Лапіцкіх да міністра адукацыі Аляксандра Радзькова.У сваім лісьце Лапіцкія паскардзіліся, што з 2004 году з-за рашэньняў мясцовай улады яны пазбаўленыя “элемэнтарнага права” на атрыманьне сынам абавязковай і бясплатнай адукацыі на роднай мове, якая ёсьць дзяржаўнаю моваю ў Беларусі.

Вестка пра аднаўленьне беларускамоўнага навучаньня ўзрадавала жодзінскага хлопчыка, які ўжо другі год ня ходзіць у школу. Беларускамоўная кляса, у якой вучыўся Янка, была расфармаваная напярэдадні мінулага навучальнага году. У ёй было два вучні, і трымаць клас, паводле жодзінскіх чыноўнікаў, было задорага для бюджэту. Бацькі Янкі адмовіліся ад прапанаванага навучаньня сына ў расейскамоўнай школе і ўвесь гэты час змагаліся за канстытуцыйнае права навучаньня на роднай мове.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international