У Празе ў межах уплывовай міжнароднай канфэрэнцыі “Форум-2000” адбыўся круглы стол, прысьвечаны ролі міжнароднай супольнасьці ў дэмакратызацыі Беларусі.

2005 2005-10-11T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Форум быў заснаваны ў 1997 годзе тагачасным прэзыдэнтам Чэхіі Вацлавам Гавэлам, ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі Элі Візэлем і японскім філантропам Іохі Сасакава. На сёлетні форум Вацлаў Гавэл запрасіў беларускага палітыка Аляксандра Мілінкевіча.

10 кастрычніка адбылася дыскусія на тэму “Дэмакратызацыя Беларусі: роля міжнароднай супольнасьці”. У размове прымалі ўдзел былы міністар замежных справаў Польшчы Браніслаў Герэмэк, пасол Вялікай Брытаніі ў Беларусі Браян Кэнэт, былы намесьнік прэм'ер-міністра Чэхіі Пэтар Марэш, дарадца прэзыдэнта Ўкраіны, расейскі палітык Барыс Нямцоў і адзіны кандыдат ад беларускай апазыцыі на прэзыдэнцкія выбары наступнага году Аляксандар Мілінкевіч.

На круглым стале абмяркоўвалася тры пытаньні – ці ўжо час мяняць палітыку Эўразьвязу датычна Беларусі, якія найлепшыя шляхі падтрымкі беларускай дэмакратычнай апазыцыі і, нарэшце, ці зацікаўленая Расея ў дэмакратызацыі Беларусі.

Варта сказаць, што сярод тых, хто ў залі сачыў за дыскусіяй, было шмат вядомых асобаў – у тым ліку арганізатар "Форуму-2000", былы прэзыдэнт Чэхаславаччыны і Чэхіі Вацлаў Гавэл, чэскі сэнатар Ян Румл, расейскі праваабаронца Сяргей Кавалёў, францускі філёзаф Андрэ Глюксман.

Удзельнікі дыскусіі выказвалі прапановы наконт магчымасьці дапамогі беларускай грамадзянскай супольнасьці і апазыцыі. Аляксандар Мілінкевіч у прыватнасьці казаў, што вельмі важна падтрымліваць рэгіянальныя выданьні, у тым ліку і незарэгістраваныя.

Сярод удзельнікаў канфэрэнцыі – былы кіраўнік амэрыканскай няўрадавай арганізацыі "Freedom House", былы дырэктар ЦРУ Джэймс Вулсі. Спадар Вулсі адказаў на некалькі пытаньняў карэспандэнта беларускай службы радыё Свабода. На адно з іх, якое тычылася ацэнкі сітуацыі ў Беларусі, стаўленьня да яе міжнароднай супольнасьці і яе магчымай зьмены, спадар Вулсі адказаў: "Беларусь будзе вельмі цьвёрдым арэшкам, бо Лукашэнка – надзвычай брутальны чалавек. І я думаю, мы маглі б бачыць нейкія зьмены накшталт тых, якія адбыліся ў Грузіі і часткова ва Ўкраіне і Кіргізстане, але я не прадбачу іх зараз жа. На маю думку што важна – дык гэта дапамагчы будаваць грамадзянскую супольнасьць, студэнцкія, няўрадавыя ды іншыя арганізацыі, якія ФСБ і прэзыдэнт Пуцін так ненавідзяць. Таму нейкім чынам, я б сказаў, што прэзыдэнт Пуцін і прэзыдэнт Лукашэнка ў гэтым пытаньні, вельмі добра задаюць кірунак дзеяньняў, яны – нешта накшталт флюгераў, павернутых назад. Калі дапусьціць, што яны паказваюць у абсалютна няправільным кірунку – нам варта было б рабіць усё тое, чым яны незадаволеныя, мы павінны дапамагчы адбыцца ўсяму, што ім не падабаецца. Вось жа ім пакуль што вельмі недаспадобы ідэя незалежных арганізацыяў – напрыклад студэнцкіх, якія заклікаюць да сапраўдных выбараў. І якраз нагэтулькі, на маю думку, мы павінны зразумець, што Захад павінен падтрымваць менавіта такія рэчы".

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international