viasna on patreon

FIDH распаўсюдзіла справаздачу па выніках назіраньня за судовым працэсам аб нерэгістрацыі "Нашай Вясны"

2009 2009-09-24T22:22:41+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/fidh6.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Міжнародная Федэрацыя за правы чалавека (FIDH)

Міжнародная Федэрацыя за правы чалавека (FIDH)

Міжнародная фэдэрацыя правоў чалавека (FIDH) распаўсюдзіла справаздачу па выніках назіраньня за судовым працэсам па зыску Грамадзкага праваабарончага аб'яднаньня “Наша Вясна” да Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, які праходзіў у Вярхоўным Судзе 10-12 жніўня 2009 году.
Справаздача зьмяшчае падрабязны аналіз хады працэсу, а таксама шэраг рэкамэндацыяў да беларускіх уладаў.
FIDH зьвяртае ўвагу на такія акалічнасьці, як адмова ў прадастаўленьні беларускай візы Прэзыдэнту FIDH сп.Сухаэр Бельхасэн, якая мела намер наведаць Беларусь з мэтай назіраньня за працэсам, а таксама няроўныя ўмовы для адстойваньня сваёй пазыцыі – “Наша вясна” сутыкнулася з дадатковымі апанэнтамі у асобе дзяржаўнага абвінаваўцы і судзьдзі, у выніку чаго існуюць сур’ёзныя сумненьні ў тым, што “судзьдзя і Суд былі незалежнымі і неперадузятымі.” 
Сярод станоўчых момантаў, датычных працэсу, справаздача называе той факт, што “абодва бакі мелі шырокія магчымасьці для адстойваньня сваіх пазыцыяў.” “Судзьдзя дазволіў бакам задаваць адзін адному пытаньні без аніякіх абмежаваньняў, а таксама выкарыстоўваць сьведчаньні і адказваць на хадайніцтвы, заяўленыя іхнімі апанэнтамі і прадстаўніка пакуратуры.”
Разам з тым, FIDH падкрэсьлівае, што, нават калі б недакладнасьці ў дакумэнтах, прадстаўленых “Нашай вясной”, маглі лічыцца дастатковай падставай для адмовы ў рэгістрацыі, гэта не апраўдвае парушэньне права на свабоду асацыяцыяў з боку ўладаў.
Акрамя таго, аўтары справаздачы нагадваюць, што Камітэт па правах чалавека ААН прызнаў ліквідацыю “Вясны” у 2003 годзе парушэньнем Артыкула 22 Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і прапанаваў беларускім уладам прадаставіць сузаснавальнікам НДА кампэнсацыю, уключаючы права на перарэгістрацыю арганізацыі. Нягледзячы на гэта, беларускія ўлады назвалі высновы Камітэту неабавязковымі для выкананьня і праігнаравалі яго рэкамэндацыі. 
У заключнай частцы справаздачы зьмяшчаюцца рэкамэндацыі да беларускіх уладаў, Эўразьвязу і АБСЭ.
Сярод іншага, FIDH заклікае беларускі ўрад стварыць спрыяльныя ўмовы для працы праваабаронцаў, а таксама “спыніць чыненьне перашкодаў іхнай дзейнасьці”. Фэдэрацыя таксама рэкамэндуе Эўрапэйскаму Зьвязу і АБСЭ “зьвярнуць асаблівую ўвагу на пытаньні праваабарончай дзейнасьці і свабоды асацыяцыяў” у Беларусі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства