Трэцяя справа ваенкамату супраць радавога запасу

2009 2009-09-15T15:10:51+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/nazdra1.jpg

Сёньня грамадзкі актывіст з Мазыра Павел Наздра быў дастаўлены міліцыяй у раённы суд.

Мясцовы ваенкамат ужо трэці раз абвінавачвае яго ў парушэньні правілаў вайсковага ўліку. Радавы запасу Наздра, які дзесяць гадоў таму адслужыў у беларускім войску, нібыта не паведаміў, што ўладкаваўся сёлета на працу ў жыльлёва-камунальную гаспадарку. Гэта й сталася падставай для чарговай адміністрацыйнай справы супраць актывіста:

“Усё гэта — вынік маёй актыўнай грамадзкай дзейнасьці. Нават ваенны пракурор, які прыяжджаў правяраць ваенкамат, пра гэта мне сказаў: ты проста патрапіў у поле зроку, і гэта вынік тваёй грамадзкай дзейнасьці”.

Летась на падставе пратаколу ваенкамату суд ужо штрафаваў Паўла Наздру за падобнае парушэньне. Актывіст заплаціў дзьве базавыя велічыні — 70 тысяч рублёў.

Сёлета педунівэрсытэт, дзе Павел працаваў электрыкам, не падоўжыў зь ім кантракт. У ліпені ваенкамат зноў склаў адміністрацыйны пратакол аб тым, што Павел не паведаміў пра звальненьне. Аднак суд адхіліў прэтэнзіі ваенкамату й справу спыніў.

У той жа дзень намесьнік ваенкама Юры Пракапенка выпісаў Паўлу позву ў ваенкамат. 25 жніўня маёр Аляксеенка склаў супраць актывіста новы адміністрацыйны пратакол — радавы запасу не паведаміў, што ўладкаваўся на новае месца працы.

Цяперашнюю адміністрацыйную справу суд прызначаў на 8 верасьня, а позву Паўлу праз маці даставілі толькі 11 верасьня. Натуральна, што 8 верасьня Паўла на судзе не было. Не разабраўшыся, судзьдзя Мазай і вынес пастанову, каб сёньня міліцыя прымусова прывяла Паўла ў суд.

Спадар Наздра папрасіў час для знаёмства з новай адміністрацыйнай справай пра парушэньне вайсковага ўліку. Таму разбор адклалі на заўтра, 16 верасьня.

У сваю чаргу, Павел Наздра паскардзіўся пракурору на неабгрунтаванае рашэньне судзьдзі Мазая прывесьці яго ў суд пад прымусам. Ён просіць таксама прынесьці пратэст на леташнюю пастанову суду пра пакараньне штрафам.

У Мазырскім судзе знаходзіцца пазоў Паўла Наздры да намесьніка ваенкама Юр’я Пракапенкі на кампэнсацыю маральнай шкоды — з прычыны неабгрунтаванай спробы прыцягнуць актывіста ў ліпені да адміністрацыйнай адказнасьці за парушэньне правілаў вайсковага ўліку.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international