viasna on patreon

Замежныя паездкі старэйшых школьнікаў на аздараўленьне абмежаваныя новым указам

2005 2005-10-07T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Прэзыдэнт Лукашэнка падпісаў новы ўказ, якім акрэсьліў узроставую мяжу ў справе аздараўленьня беларускіх школьнікаў за мяжой. Паводле гэтага дакумэнту, падчас навучальнага году вывозіць за мяжу больш як на 15 дзён дазволена толькі вучняў 1—4 клясаў сярэдніх школаў і вучняў 1—5 клясаў спэцшколаў. Паводле афіцыйнай інфармацыі, падставай для гэтага стала патрэба захаваць бесьперапынны навучальны працэс. Пэдагогі мяркуюць, што сапраўдным клопатам уладаў ёсьць жаданьне абмежаваць кантакты школьнай моладзі з Захадам.

Юрыдычную сілу ўказ кіраўніка краіны набыў у кастрычніку, але фактычна ўзроставыя абмежаваньні дзейнічаюць ад пачатку году. Таму для многіх старшаклясьнікаў дарога за мяжу закрылася яшчэ раней. Прычым, бальшыня зь іх вырасла, стоячы ў чарзе на выезд, бо цягам лета аздаравіць усіх дзяцей немагчыма, кажа супрацоўніца фонду “Дзецям Чарнобылю” Людміла Марушкевіч.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, ліцэнзію на арганізацыю аздараўленьня дзяцей за мяжой сёньня маюць каля 130 грамадзкіх дабрачынных структураў. Дзякуючы іхнай дзейнасьці палепшыць сваё здароўе за мяжой змаглі тысячы беларускіх дзяцей. І абмежаваньне на выезд мае на мэце ня клопат пра якасьць навучаньня школьнікаў, а перадусім жаданьне абмежаваць іхныя кантакты з вольным сьветам, лічыць дырэктар зачыненага беларускага ліцэю Ўладзімер Колас. Ён выказаў такое меркаваньне радыё Свабода: “Мы бачым, што для гэтай улады галоўнае надзець на вочы маладым ідэалягічныя шоры й ня даць бачыць альтэрнатывы, ня даць бачыць нармалёвага сапраўднага жыцьця, якое ёсьць у свабодным сьвеце. І гэты ўказ, безумоўна, трэба разглядаць у гэтым кантэксьце”.

Паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі, пра факты невяртаньня дзяцей ці асобаў, якія іх суправаджаюць, арганізатары выезду мусяць паведамляць у міністэрствы адукацыі і аховы здароўя, а таксама ў дэпартамэнт гуманітарнай дзейнасьці Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта на працягу сутак.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства