viasna on patreon

ГПА “Наша Вясна”: выступленьні бакоў у Вярхоўным судзе Беларусі 10 -12 жніўня

2009 2009-09-09T12:11:45+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/labkovi4.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Лабковіч

Уладзімір Лабковіч

Выступленьне Уладзіміра Лабковіча ў Вярхоўным судзе 12 жніўня па скарзе на рашэньне Мінюста аб адмове ў рэгістрацыі  грамадскага праваабарончага аб’яднаньня “Наша Вясна”

Высокі суд! Я таксама спынюся на некаторых падставах адмовы ў рэгістрацыі, і напачатку на падставе, якую разглядаў іншы прадстаўнік грамадскага аб’яднаньня, а менавіта на падставе, што тычыццца гэтак  званага прыцягненьня да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці. Лічу, што Міністэрства юстыцыі ў чарговы раз, нягледзячы на тое, што двойчы Вярхоўны суд указваў на незаконнасьць гэтай падставы для адмовы ў рэгістрацыі, называе яе ў дакуменце, які з’яўляецца пералікам прававых, на думку Мінюста, падстаў для адмовы ў нашай рэгістрацыі не толькі як непавагу да заснавальнікаў але і да суду.

Лічу, што гэтае дзеяньне скіраванае на зацягваньне судовага працэсу і думаю, што суд павінен даць ацэнку менавіта гэтай падставе для адмовы ў рэгістрацыі грамадскага аб’яднаньня дзеля таго, каб у будучыні, у тых грамадскіх аб’яднаньняў, якія яшчэ пажадаюць шукаць шчасьця  быць зарэгістраваным Міністэрствам юстыцыі, падобных падстаў для нерэгістрацыі больш не было.

Хачу зьвярнуць увагу высокага суда на той момант, што ў матэрыялах справы пазначана, нібыта я прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці двойчы. Хаця ў адным выпадку мне прыпісваецца адміністрацыйнае правапарушэньне зусім іншага чалавека, які таксама Лабковіч Уладімір Мікалаевіч, і гэта бачна з месца ягонага жыхарства. Асабіста я прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці аднойчы і гэтая адказнасьць даўно пагасілася. Гэтае парушэньне тычылася парушэньня правілаў дарожнага руху. Я, як пешаход,  няправільна выйшаў з прыпаркаванага аўтамабіля. Прашу суд улічыць гэта і даць асобную ацэнку менавіта гэтай падстваве для адмовы ў рэгістрацыі.

А зараз па іншых пунктах адмовы ў рэгістрацыі.

Адной з падстаў па адмове ў рэгістрацыі грамадскага праваабарончага аб’яднаньня з’яўлялася тое, што быццам бы другая частка назвы, а менавіта непасрэдна ўласнае найменьне “Наша вясна” супярэчыць устаноўчым дакументам грамадскага аб’яднаньня. Гэтае супярэчаньне заключаецца ў тым, што ў статуце быццам бы, не дадзенае тлумачэньне, што такое “Наша Вясна”. У адпаведнасьці з артыкулам 12 Закона Рэспублікі Беларусі “Аб грамадскіх аб’яднаньнях” назва грамадскага аб’яднаньня павінна ўтрымліваць у сабе указаньне на яго арганізацыйна-прававую форму, характар дзейнасьці, назву. Таксама даецца абмежаваньне на выкарыстаньне  ў назве некаторых слоў, напрыклад “Беларусь”, “беларускі”, “нацыянальны”, “народная”, “акадэмія”, імёнаў грамадзян Беларусі без іх згоды, і назвы юрыдычных асобаў, якія раней былі ліквідаваныя на законных падставах ўпаўнаважанымі на гэта органамі. Калі прааналізаваць назву грамадскага праваабарончага аб’яднаньня “Наша Вясна”, то бачна, што назва ўтрымлівае ўсе неабходныя атрыбуты: арганізацыйна-прававую форму - грамадскае аб’яднаньне, характар нашай дзейнасьці – праваабарончае. Іншых слоў, якія б пярэчылі артыкулу 12 Закона аб грамадскіх аб’яднаньнях, у назве няма. З гэтага вынікае тое, што назва цалкам адпавядае патрабаваньням артыкула 12 Закона аб грамадскіх аб’яднаньнях.

Але ж рэгіструючы орган сцвярджае, што назва не адпавядае статуту грамадскага аб’яднаньня. Каб высветліць гэта, неабходна прааналізаваць артыкул 9 вышэйадзначанага Закона, які апісвае патрабаваньні да статута грамаскага аб’яднаньня. Статут аб’яднаньня павінен утрымліваць, акрамя тых пунктаў якія не маюць дачыненьня да справы, поўную і скарочаную назву грамадскага аб’яднаньня. Гэта адзінае патрабаваньне Закона да статута, які рэгламентуе, якім чынам у статуце павінна быць адлюстравана назва грамадскага аб’яднаньня. Са статута нашага грамадскага аб’яднаньня адразу бачна, што запіс у статуце назвы, як поўнай, так і скарочанай, цалкам адпавядае гэтай норме статута і  артыкулу 12 Закона аб грамадскіх аб’яднаньнях.

У сваёй дзейнасьці Міністэрства юстыцыі таксама кіруецца інструкцыяй Мінюста за нумарам 48, якая добра вядомая, я думаю, і суду, таму не буду прыводзіць яе поўную назву. Згодна гэтай інструкцыі і адпаведна з пунктам 8 раздзела (главы) 2 Інструкцыі ў статуце павінна ўтрымлівацца поўная і скарочаная назва аб’яднаньня. Гэтая інструкцыя цалкам адпавядае Закону, і цалкам яго дублюе.

На маю думку, Міністэрства юстыцыі наўмысна сказіла норму абзаца 5 часткі 3 артыкула 15 Закона аб грамадскіх абяднаньнях, на які спасылаецца, як на падставу ў адмове ў рэгістрацыі аб’яднаньня. У гэтай частцы вядзецца гаворка не пра неадпаведнасьць назвы аб’яднаньня статуту, а аб неадпаведнасьці назвы грамадскага аб’яднаньня поўнай і скарочанай патрабаваньням заканадаўства і устаноўчым дакументам. Заканадаўца, уводзячы гэтую норму, указваў менавіта на тое, каб назва не парушала дзеючае заканадаўства.  У нашым выпадку ў гэтай норме не сказана нічога аб тым, што назва павінна адпавядаць статуту. Калі ж статут разглядаецца, як адзін з устаноўчых дакумантаў, то тады мы павінны кіравацца артыкуламі, якія рэгламентуюць напісаньне статуту і дзе няма ніякіх спасылак на абавязковасьць тлумачэньня назвы аб’яднаньня ў статуце.

Незразумела, на якой падставе рэгіструючы орган падзяліў назву на часткі, калі назва  з’яўляецца цэлым, утрымлівае неабходныя зьвесткі, з’яўляецца эстэтычным і задавальняе цалкам усіх заснавальнікаў аб’яднаньня.

У апаведнасьці з часткай 1 артыкула 50 Грамадзянскага кодэксу Рэспублікі Беларусь юрыдычная асоба мае найменьне, якое ўказвае на яго арганізацыйна-прававую форму, а для некамерцыйных асобаў таксама абавязкова падаецца ўказаньне на характар дзеяньня. Такім чынам, наш статут цалкам адпавядае і гэтай норме Грамадзянскага Кодэксу Рэспублікі Беларусь. Спасылка прадстаўніка Мінюста на тое, што ў іншых грамадскіх аб’яднаньнях, па іх жаданьню, у статуце даецца і тлумачэньне назвы аб’яднаньня не з’яўляецца прававым аргументам, паколькі шэраг грамадскіх аб’яднаньняў, зарэгістраваных Міністэрствам юстыцыі не мае тлумачэньняў уласных назваў. Так, напрыклад, статут Грамадскага аб’яднаньня “БНФ “Адраджэньне”, не мае тлумачэньня, што маецца на ўвазе заснавальнікамі гэтага аб’яднаньня пад прыведзеным выразам.  Таксама можна прыгадаць і грамадскае праваабарончае асветніцкае аб’яднаньне Рух “За Свабоду”, у статуце якога няма тлумачэньняў іх назвы.  Мне вядомыя статуты дзесяткаў грамадскіх аб’яднаньняў, якія зарэгістраваныя Мінюстам, нават у гэтым годзе, дзе няма ніякай расшыфроўкі непасрэднага найменьня грамадскага аб’яднаньня.

Мяне здзіўляе, што Міністэрства юстыцыі не выконвае дакладна і адзінаабразна Закон, а падганяе яго пад патрэбу, высмоктваючы з пальца, перадзёргваючы яго нормы, каб адмовіць нам у рэгістрацыі.. Гэта яшчэ бачна і таму, што напрацягу мінулых двух спробаў зарэгістраваць нашае грамадскае аб’яднаньне, да неадпаведнасьці назвы грамадскага аб’яднаньня статуту ніколі не было пртэнзій з боку рэгіструючага органа. Сёньня, як дарэчы і заўсёды, робіцца любая спроба і магчымасьць, нават фальсіфікуючы нормы закона,  зрабіць адну бачнасьць прававой падставы для адмовы ў рэгістрацыі.  Нават, калі дапусціць, што Мінюст проста памыляецца, і лічыць гэтую падставу законнай, то ўсё адно яно не выканала патрабаваньне часткі 3 артыкула 15 Закона аб грамадскіх аб’яднаньнях, дзе паведамляецца, што падставай для адмовы ў рэгістрацыі з’яўляецца адмова выканаць законную прапанову аб зьмене назвы грамадскага аб’яднаньня. Такой прапановы нам не паступала. Намі ўвогуле не атрымліваліся ні канкрэтна па назве, ні якія небудзь іншыя, патрабаваньні з боку Міністэрства юстыцыі.

Бачна, што насуперак норме закона, рэгіструючы орган спарадзіў новую падставу для нерэгістрацыі грамадскага аб’яднаньня, якой не ўтрымліваецца ні ў законе, ні ў інструкцыі самога Міністэрства. Хачу зазначыць, што калі такая практыка будзе падмацаваная яшчэ і рашэньнем Вярхоўнага суда, гэта будзе сведчыць аб тым, што фактычна асобам, якія будуць рэгістраваць грамадскія аб’яднаньні трэба будзе кіравацца не Законам, а ўгадваць капрызы прадстаўнікоў рэгіструючага органа пад час падрыхтоўкі дакумантаў да рэгістрацыі.

Наступнай падставай для адмовы ў рэгістрацыі рэгіструючы орган палічыў гарантыйны ліст на прадстаўленьне нам юрыдычнага адрасу неадпавядаючым рэчаіснасьці. Гэтае сцверджаньне таксама супярэчыць фактам і не грунтуецца на законе. У адпаведнасьці з артыкулам 13 Закона аб грамадскіх аб’яднаньнях рэгіструючаму органу прадстаўляецца дакумент, які падцвярджае наяўнасьць юрыдычнага адрасу. Такі дакумент быў прадстаўлены і, мала таго, для спрашчэньня працы рэгіструючага органа былі таксама прадстаўленыя: копія тэхнічнага пашпарту і дакумант, што падцвярджае права ўласнасьці на памяшканьне. Гэта неабавязковыя дакументы і мы зрабілі гэта па нашай добрай волі дзеля таго, каб спрасьціць працу Мінюста. У адпаведнасьці з артыкулам 14 Закона Рэспублікі Беларусь аб грамадскіх аб’яднаньнях рэгіструючы орган мае права ажыццяўляць праверку дакладнасьці дакумантаў , прашу звярнуць увагу – менавіта дакумантаў, якія прадстаўлены для рэгістрацыі. У дадзеным выпадку рэгіструючы орган перавысіў свае паўнамоцтвы і стаў правяраць не дакладнасьць дакумантаў, а тэхнічны стан памяшканьня, якое з’яўляецца прыватнай уласнасьцю. А ўмяшальніцтва ў прыватную ўласнасьць строга рэгламентавана нормамі закона і ўваход у памяшканьне, якое знаходзіцца на праве прыватнай уласнасьці не ўваходзіць у кампетэнцыю ні мясцовых выканаўчых органаў, ні Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Такіх паўнамоцтваў у рэгіструючага органа не было. Не было прадстаўлена, што мясцовы орган выканаўчай улады прыняў рашэньне аб праверцы памяшканьня на магчымасьць яго выкарыстаньня на падставе нейкіх пісьмовых рашэньняў на падставе праверкі БРТІ аб тэхнічным стане аб’екта. Увогуле, няма ніякага пісьмовага дакумента аб тым , што мясцовы выканаўчы орган на прававых падставах рабіў выяздныя праверкі, комплексныя праверкі гэтага памяшканьня.

Прашу звярнуць увагу Міністэрства юстыцыі на адказ Наваполацкага гарадскога выканаўчага камітэта. З гэтага адказу зусім не вынікае, што памяшканьне немагчымае для выкарыстаньня. Адказ сьведчыць толькі пра тое, што:

першае: памяшканьне існуе ў будынку, які тэхнічна эксплуатуецца, што памяшканьне на праве ўласнасьці належыць Салаўёву Дзмітрыю Сяргеевічу, які прадставіў гарантыйны ліст, што гэтае памяшканьне не перададзенае на правах арэнды ў любой прававой форме трэцім асобам. І тое, што прадстаўнік выканаўчага органа не здолеў увайсці ў памяшканьне таму, што на ім вісеў замок і віселі краты. З ліста выканаўчага камітэта абсалютна не вынікае, што гэты аб’ект тэхнічна немагчыма эксплуатаваць. Мы высьветлім, чаму Салаўёў не змог прадставіць гэтае памяшканьне для  агляду, бо ён будзе дапытаны ў судзе ў якасьці сьведкі. Па той інфармацыі, якой валодаю я, ён паведаміў прадстаўніку выканаўчага органа наступнае: ён лічыць гэтае патрабаваньне выканаўчых органаў незаконным, але ж ён пры гэтым не мае і фізічнай магчымасьці прадставіць памяшканьне для агляду, таму што ён не знаходзіцца ў горадзе Наваполацку, а знаходзіцца па месцы свайго пражываньня ў Менскім раёне, і ў бліжэйшы час выехаць у Наваполацк не мае магчымасці і часу, паколькі ён на той момант стала працаваў і такія патрабаваньні, якія не грунтуюцца на законе,  выканаць не можа.

Звярну ўвагу яшчэ раз, што Міністэрства юстыцыі само пратрактавала ліст Наваполацкага гарадскога выканаўчага камітэта, убачыўшы ў ім тое, чаго там не было, запісаўшы ў адмове ў рэгістрацыі, што, паколькі ў памяшканьне нельга было патрапіць,  то гарантыйны ліст прызнаецца юрыдычна нікчэмным.  Гэта груба парушае паўнамоцтвы Міністэрства юстыцыі, і указвае на тое, што Мінюст зыходзіў выключна з прэзумпцыі віноўнасьці, паколькі прызначыў нашае грамадскае аб’яднаньне і тых асоб, якія прадставілі нам  гарантыйны ліст, вінаватымі ўжо на той падставе, што не адамкнулі амбарны замок  і не ўпусцілі туды прадстаўнікоў мясцовых органаў  улады.

Трэба адзначыць, што гарантыйны ліст – гэта нават не дамова арэнды, гэта ёсьць дэкларацыя аб намеры ўласьніка памяшканьня ў выпадку рэгістрацыі грамадскага аб’яднаньня заключыць з ім дамову арэнды. З моманту выдачы гарантыйнага ліста –ён нават не становіцца адрасам для карэспандэнцыі грамадскага аб’яднаньня. Таму што, у адпаведнасьці з інструкцыяй Міністэрства юстыцыі, мы ў заяве на рэгістрацыю грамадскага аб’яднаньня ўказвалі хатні адрас старшыні грамадскага аб’яднаньня Бяляцкага, як адрас для карэспандэнцыі, паколькі выкарыстоўваць юрыдычны адрас, якога ў нас няма, і паколькі мы не маем пакуль праваздольнасьці мы не можам.

Можна толькі канстатаваць, што такім чынам Мінюст сваю адмову ў рэгістрацыі грунтуе не на фактах, якія знайшлі сваё падцверджаньне, а выключна на домыслах і неправамерных дзеяньнях, якія робяцца толькі дзеля адной мэты, а менавіта – любым коштам, нават парушаючы заканадаўства, не дапусціць рэгістрацыі нашага грамадскага аб’яднаньня.

 

Падобныя дзеяньні дзяржаўнага органа мы разглядаем як сістэматычную дыскрымінацыю нашых канстытуцыйных правоў у тым ліку права на аб’яднаньне і асацыяцыю, лічым гэтае рашэньне незаконным, і просім высокі суд рашэньне Міністэрства юстыцыі аб адмове ў рэгістрацыі адмяніць і абавязаць Міністэрства правесьці рэгістрацыю грамадскага праваабарончага аб’яднаньня “Наша Вясна” згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

 

Пытанні да Лабковіча:

 

Суддзя Вярхоўнага суду Анатоль Церах: “Ці мае права, на ваш погляд, Міністэрства юстыцыі праводзіць праверку у якім стане знаходзіцца памяшканьне, па якім размяшчаецца юрыдычны адрас аб’яднаньня?”

 

Лабковіч: “Згодна з артыкулам 14 Закона аб грамадскіх аб’яднаньнях, рэгістрыруючы орган мае права ажыццяўляць праверкі дакладнасьці дакументаў. Мы, як грамадскае аб’яднаньне, не нясем адказнасьці за дзеяньні будучага арэндадаўцы, дзе ён сам знаходзіцца, адчыняе ці не памяшканьне Мінюсту. Міністэрства юстыцыі зрабіла запыт выканаўчаму органу ці сапраўды ўласьнік памяшканьня той, хто прадставіў памяшканьне. Ці не з’яўляецца яно зараз здадзеным трэцім асобам па дамове арэнды. Гэтыя пытаньні, безумоўна і знаходзяцца ў межах артыкула 14 Закона і яны скіраваныя на праверку дакладнасьці прадстаўленага дакуманта.

 

Праверка ж памяшканьня павінна праводзіцца іншымі суб’ектамі, паколькі ўваход у прыватнае памяшканьне строга рэгламентаваны. І Канстытуцыя, і шэраг законаў гарантуюць абарону прыватнай уласнасьці і па тэлефоннаму званку з выканаўчага камітэта ад невядомай асобы (паколькі пісьмовага запыту Салаўёву не паступіла) .

Прашу звярнуць увагу, што такі ж самы пакет дакументаў быў перададзены літаральна тры месяцы таму, калі мы рабілі папярэднюю спробу зарэгістраваць нашае грамадскае аб’яднаньне. І той жа самы гарантыйны ліст нічым не адрозніваецца ад папярэдняга, акрамя даты. І тады ў таго ж самага прадстаўніка юстыцыі не было ніякіх прэтэнзій да гэтага дакумента.

 

Суддзя Анатоль Церах: “А па сьпісу заснавальнікаў дапаўненьні ў вас ёсьць?”

Лабковіч: “Па сьпісу заснавальнікаў я цалкам салідарны з выказваньнямі майго калегі. Лічу абсалютна абсурдным, бо для чаго патрэбныя ўсе гэтыя дадзеныя? Пакідаючы палітычны аспект, калі гэты зьвесткі выкарыстоўваюцца для палітычнага ціску і пераследу з боку дзяржаўных органаў на заснавальнікаў грамадскага аб’яднаньня, што на жаль для Беларусі з’яўляецца сістэмай, скажу пра добры намер, калі гэтыя зьвесткі патрэбныя для таго, каб ідэнтыфікаваць ці сапраўды заснавальнік – грамадзянін Беларусі. Ці сапраўды яго можна знайсьці па месцы працы альбо пражываньня, ці ён паўнагадовы і гэтак далей. Абсалютна зразумела, што указаньне заснавальніка Мікалаева, што ён з’яўляецца кіраўніком секцыі, А НЕ КІРАЎНІКОМ ГУРТКА – абсурд і юрыдычнай трактоўцы проста не падлягае. Ці гэты заснавальнік пераследвае нейкія страшныя мэты, падвысіўшы сябе да званьня кіраўніка секцыі. Але нават калі гэтых чатырох асоб, (у звестках якіх былі знойдзеныя недакладнасьці) прыбраць са спісу заснавальнікаў, то добра бачна, што астатняя колькасьць заснавальнікаў дастатковая для таго, каб зарэгістраваць грамадскае аб’яднаньне. І тут я бачу дыскрымінацыю ўсіх астатніх асоб, калі па фармальных прыкметах  ім будзе адмоўлена ў рэгістрацыі.

 

Пытанне прадстаўніка Міністэрства юстыцыі Харытона А.: “Скажыце калі ласка, у якім дакуменце вы прачыталі, што памяшканьне, на якое Вы спасылаліся не здадзенае каму-небудзь у арэнду нейкім трэцім асобам і гэтак далей?”

 

Л.: ”У адказе Наваполацкага гарадскога выканаўчага камітэта.”

 

Х.: “Там няма такога. Наступнае пытаньне. Як вы змаглі б праверыць  дакумент наконт юрыдычнага адрасу ў частцы таго, што гэтае памяшканьне сапраўды ў працоўным стане, калі б не наведалі яго?”

 

Л.: -Я б зрабіў запыт у БРТІ наконт гэтага будынка, а далей я б кіраваўся Законам аб грамадскіх аб’яднаньнях, дзе напісана пра тое, што правам праверкі на адпаведнасьць выкананьня законаў і ўнутраных дакументаў грамадскага аб’яднаньня мае пракуратура. І зрабіў бы запыт у орган, які мае права ўмешвацца ў прыватнае жыццё, менавіта ў пракуратуру. Але не па тэлефоне. Ведаеце, у наш час, калі існуе сацыяльны крызіс і пагаршаецца крымінагенная абстаноўка, я б па тэлефоне мала каго б упусціў у сваё памяшканьне.

 

Х.: “Скажыце, а гэтае памяшканьне жылое?”

 

Л.: “ Не, гэтае памяшканьне нежылое, аднак зазначу, што механізм пранікненьня дзяржаўных органаў у жылыя альбо нежылыя на праве ўласнасьці памяшканьні мала чым адрозніваецца.

 

Выступленьне Валянціна Стэфановіча ў Вярхоўным судзе 12 жніўня па скарзе на рашэньне Мінюста аб адмове ў рэгістрацыі  грамадскага праваабарончага аб’яднаньня “Наша Вясна”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства