Моладзевая ініцыятыва “Вока” аб’явіла прыпыненьне сваёй дзейнасьці

2005 2005-10-06T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Моладзевая ініцыятыва “Вока” мае шэраг сацыяльных і культурніцкіх праектаў, але найбольш вядомая дзякуючы змаганьню за беларусізацыю тэле-радыё эфіру, а таксама кампаніяў мабільнай сувязі. Цягам апошняга году на дзяржаўную тэлевізію, на FM-станцыі і ў офісы апэратараў мабільнай сувязі паступілі тысячы лістоў і тэлефанаваньняў з патрабаваньнем ужываць у працы беларускую мову.
Зараз моладзевая ініцыятыва “Вока” вырашыла спыніць сваю дзейнасць, што зьвязана з боязьзю перасьледу з боку ўладаў. Рашэньне было прынятае на падставе загаду міністэрства юстыцыі, якое ў канцы верасьня абавязала кожныя кааліцыі ды ініцыятывы станавіцца на ўлік ў Мінюсьце.

Фармальна цяпер па ўсёй Беларусі дзейнічае каля дзьвюх тысяч незарэгістраваных і каля дзьвюх з паловай тысяч зарэгістраваных няўрадавых арганізацыяў. Толькі цягам апошніх дзьвюх гадоў былі пазбаўленыя рэгістрацыі некалькі дзесяткаў арганізацыяў, якія мелі грамадзка-палітычную і праваабарончую скіраванасьць.

Каардынатар ініцыятывы Віталь Дабранач тлумачыць, што спыніць дзейнасьці іх вымушаюць абставіны: “Самае сьмешнае ў загадзе мінюсту, што кожную ініцыятыву трэба рэгістраваць. Дайшло да таго, што на сваім паседжаньні, мы вырашалі ці не пайсьці ў Менгарвыканкам, каб падаць заяву на рэгістрацыю дазволу на вынас сьмецьця ў сваім пад’езьдзе. Прыйшлі да такой высновы, што цяпер нават зьбіраць подпісы ўжо нельга”.

Юрыст незарэгістраванай Асамблеі няўрадавых арганізацыяў Юры Чавусаў прызнае падобныя перасьцярогі сапраўды абгрунтаванымі і нагадвае, што ў беларускім заканадаўстве забарона на дзейнасьць ад імя незарэгістраваных арганізацыяў існуе ад 1999 году. Але выбар тых ці іншых ініцыятываў падпарадкоўвацца загадам мінюсту, ці не, залежыць ад розных акалічнасьцяў і ад планаў канкрэтнай ініцыятывы. Ён бачыць абгрунтаваным спыненьне працы ў выпадку, калі ініцыятыва хоча стварыць прэцэдэнт судовай справы, а простае падпарадкаваньне лічыць няслушным: “Інакш нам давядзецца спыняць ўсю грамадзкую дзейнасьць. Натуральна, гэта абсурд. Ня трэба гэты абсурд падтрымліваць”.
Прадстаўнікі палітычных ініцыятываў сваю пазыцыю выказваюць дастаткова выразна. Алесь Атрошчанкаў, адзін з каардынатараў руху “Зубар”, паведаміў радыё Свабода: “У нас ніколі нават ідэі такой не было – пытацца дазволу на сваю дзейнасьць. Я лічу, што гэта проста абсурд – пытацца дазволу ў гэтай улады”.

Што канкрэтна да “Вока” каардынатар праекту Віталь Дабранач паведаміў, што дзейнасьць моладзевай ініцыятывы прыпыненая на ня вызначаны тэрмін.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства