Ціск на адміністратара пратэстанцкай царквы “Новаё жыцьцё” працягваецца

2005 2005-10-06T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Маскоўскім судзе Менску другі раз запар судзяць адміністратара пратэстанцкай царквы “Новае жыцьцё” Васіля Юрэвіча. Яго абвінавачваюць у правядзеньні набажэнства, на якое не было дазволу ўладаў. Вернікі абураныя дзеяньнямі ўладаў, якія не дазваляюць ім зьбірацца разам, каб паслухаць прамову пастара. Царкве пагражае ліквідацыя. Ужо зачынілі дзьве пратэстанцкія суполкі — кальвіністаў, пастар якой — Леанід Ліпень, і “Беларускую эвангельскую царкву”, дзе пастарам Эрнэст Сабіла.

Васіль Юрэвіч прыйшоў 5 кастрычніка на суд разам з двума дзясяткамі вернікаў. Спадара Юрэвіча абвінавачваюць у правядзеньні набажэнства 4 верасьня — менавіта ў той дзень вернікі чакалі ля будынку царквы старшыню Менгарвыканкаму Міхаіла Паўлава. Яны запрашалі яго да сябе, каб вырашыць пытаньне наконт царкоўнага будынку.

Судзьдзя Надзея Рэўцкая дапытала Васіля Юрэвіча, а вось складальнікі пратаколу на суд не прыйшлі. Наагул, высьветлілася, што пратакол складаўся адным чалавекам у будынку міліцыі, а рапартаў супрацоўнікаў міліцыі, якія б зафіксавалі склад правапарушэньня, няма. Васіль Юрэвіч упэўнены, што самі міліцыянты не ініцыявалі адміністрацыйнай справы. Ён лічыць, што яны выконваюць загад.

Далейшае судовае разьбіраньне прызначана на 7 кастрычніка. Вернікі царквы “Новае жыцьцё” паведамілі Радыё Свабода, што да пачатку новага паседжаньня пададуць скаргу ў пракуратуру на дзеяньні міліцыянтаў.

Паводле двух папярэдніх прысудаў Васіль Юрэвіч мусіць заплаціць дзяржаве каля 4000 даляраў за тое, што вернікі зьбіраліся на набажэнствы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства