Агляд-хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, ліпень-жнівень 2009 году

2009 2009-09-07T12:25:21+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Мінуў год з таго часу, як у г. Менску  пад час сьвяткаваньня афіцыйнага дня незалежнасьці ў ноч з 3 на 4 ліпеня адбыўся выбух самаробнага прыстасаваньня, у выніку якога пацярпела больш за 50 чалавек. Начальнік управы па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю МУС Алег Пякарскі паведаміў Інтэрфаксу, што за год пасьля выбуху на леташні Дзень незалежнасьці ў Менску ў якасьці падазраваных па гэтай крымінальнай справе прайшлі 120 чалавек, але выявілася, што ніхто з іх недатычны да выбуху.

Вінаватых спрабавалі шукаць і сярод апазіцыянераў. Безпрэцэндэнтны размах набыла кампанія па дактыласкапіі. Адбіткі пальцаў узятыя ў 1,3 мільёна чалавек (з, прыкладна 4,5 міліёнаў мужского насельніцтва краіны). 12 тысяч чалавек адмовіліся ад гэтай працэдуры. Сьледзтва вядзецца кругласутачна, заяўляюць у кіраўніцтве МУС. Аднак самага галоўнага выніку няма – злачынцу да гэтага часу не знайшлі. Неўзабаве пасьля выбуху пасады страцілі дзяржсакратар Савету Бясьпекі Віктар Шэйман і кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Генадзь Нявыглас. Варта дадаць, што крымінальная справа аб выбуху вядзецца па артыкуле “злоснае хуліганства”.

 Затое апазіцыйны прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч абвінавачваецца па артыкуле ў падрыхтоўцы тэракту. 8 жніўня споўнілася паўгода, як у Ваўкавыску па абвінавачаньню ў падпале дома міліцыянта былі арыштаваныя М. Аўтуховіч, Ю. Лявонаў і Ў.Асіпенка. Расьледаваньне справы закрытае, адвакаты вымушаныя былі даць падпіску аб неразгалошваньні сьледзтва. На знак пратэсту М. Аўтуховіч тры месяцы трымаў галадоўку, паставіўшы пад пагрозу не толькі сваё здароўе, але і жыцьцё. Пасьля яе спыненьня 16 ліпеня, зьняволены хаця і адчувае сябе лепей, але праблемы са здароўем застаюцца.

У два апошнія летнія месяцы ліпень-жнівень буйных дэмакратычных акцыяў не праводзілася, аднак удзельнікі лакальных і рэгіянальных мерапрыемстваў па-ранейшаму падвяргаліся адміністрацыйнаму ціску: працягваліся затрыманьні, суды, выносіліся штрафы і арышты, звальненьні па палітычных матывах. 16 ліпеня ў Дзень Салідарнасьці ў Беларусі было затрымана звыш 60 чалавек, аднак гэтым разам міліцыянты не складалі пратаколы і не даводзілі справу да судовага разьбіральніцтва.

Занепакоенасьць у беларускіх праваабаронцаў выклікала новае ўзбуджэньне крымінальнай справы па арт.193-1 КК РБ -“Незаконная арганізацыя дзейнасьці грамадзкага аб’яднаньня ці фонда, альбо ўдзел у іх дзейнасьці” у дачыненьні да прадстаўніка незарэгістраванай рэлігійнай арганізацыі. У той жа час Генеральная пракуратура краіны не пагадзілася з аргументамі праваабаронцаў адносна несумяшчальнасьці артыкула 193-1 міжнародным абавязальніцтвам Рэспублікі Беларусь у галіне правоў чалавека. Пра гэта паведамляецца ў афіцыйным адказе за подпісам намесьніка генпракурора Сяргея Мышкаўца, які атрымалі прадстаўнікі міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня “Грамадзянская Беларусь” на сваю прапанову аб скасаваньні дадзенага крымінальнага артыкула. Улады краіны не зьвяртаюць увагу і на патрабаваньні ўжыць амністыю ў дачыненьні да пакараных па “працэсу 14-ці” моладзевых актывістаў. У калонію адпраўлены з новым тэрмінам “вязень сумленьня” Арцём Дубскі, адзін з фігурантаў “працэсу 14-ці”.   

17 жніўня сваякі зьніклых беларускіх палітыкаў і незалежныя юрысты, якія працуюць па гэтых справах, склікалі сьпецыяльную прэс-канферэнцыю, паколькі прайшло дзесяць год з моманту выкраданьня вядомых людзей, але злачынствы гэтыя так і не раскрытыя. Увесь гэты час сваякі зьніклых апанентаў Аляксандра Лукашэнкі марна дабіваліся аб’ектыўнага расьследаваньня гэтых злачынстваў. Улады не зрабілі нічога для таго, каб праўда аб іх стала вядомая шырокай грамадзкасьці. Як заявіў падчас прэс-канферэнцыі праваабаронца Гары Паганяйла, з юрыдычнага пункту гледжаньня справы пра зьнікненьні палітыкаў раскрытыя. Асобы, якіх падазраюць у зьдзяйсненьні гэтых злачынстваў, устаноўленыя. Калі б гэта было ня так, мы б даўно атрымалі абвяржэньне палітычна матываванай версіі зьнікненьняў, падкрэсліў юрыст. 17 жніўня Зінаіда Ганчар, жонка выкрадзенага ў верасьні 1999 года апазіцыйнага палітыка і віцэ-прэм’ера Віктара Ганчара, разам са сваякамі іншых зьніклых Вольгай Завадскай і Ульянай Захаранка, зьвярнулася ў Генеральную пракуратуру Беларусі са зваротам, у якім патрабуе, каб цягам бліжэйшага месяца – да 16 верасьня – Генеральны пракурор Рыгор Васілевіч зрабіў публічную справаздачу аб выніках праведзенага па справе зьнікненьняў расьследаваньня. Аднак гэты зварот Генеральная пракуратура перанакіравала ў пракуратуру Менску, пра што і паведамілі Зінаідзе Ганчар. 15 жніўня з Беларусі дэпартавалі расейскіх журналістаў, супрацоўнікаў тэлеканала НТВ Аляксея Малкава і Юры Бабенку, якія прыехалі ў Беларусь  здымаць фільм пра зьніклых людзей.

Ніякіх зрухаў у сітуацыі з незалежнай прэсай і свабодай слова таксама не назіралася. Па зьвестках БАЖ у распаўсюд вярнулі пакуль толькі адну газета са “сьпісу 13-ці” –  «Бобруйский курьер», якая здолела аднавіць супрацоўніцтва з дзяржаўным распаўсюднікам пасьля рэкамендацыі грамадзкай Рады па СМІ.

На пачатку жніўня беларускі кансулят у Парыжы адмовіў Прэзідэнту Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH) Сухайр Белхасэн у атрыманьні беларускай візы. Пад час свайго плануемага  візіту ў Беларусь сп. Белхасэн зьбіралася сустрэцца з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці, абмеркаваць сітуацыю з дэмакратызацыяй беларускага грамадзтва, а таксама прыняць удзел у слуханьні справы па адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі ГПА “Наша Вясна” у Вярхоўным Судзе. Увосень 2007 году прэзізэнт FIDH упершыню наведала Беларусь, яна накіроўвала афіцыйныя лісты ў Міністэрства ўнутраных справаў, Міністэрства юстыцыі ды іншыя ўстановы, у якіх прасіла аб сустрэчы з кіраўніцтвам гэтых ведамстваў. Паўсюль афіцыйныя асобы праігнаравалі яе зварот. 

3 жніўня прэс-служба прадстаўніцтва Еўракамісіі ў Менску распаўсюдзіла заяву, у якой выказваецца сур'ёзная заклапочанасьць з прычыны чарговага сьмяротнага прысуду, вынесенага ў Беларусі. “Гэты сьмяротны прысуд быў вынесены Менскім абласным судом Андрэю Жуку. Месяцам раней быў вынесены яшчэ адзін сьмяротны прысуд", — адзначаецца ў дакуменце. Еўрасаюз зноў заклікаў Беларусь адмяніць сьмяротную кару, а для пачатку — увесьці мараторы на яе прымяненьне. Нагадаем, 23 чэрвеня Парламенцкая асамблея Савету Еўропы прыняла рашэнне, што Беларусі будзе вернуты статус спецыяльнай запрошанай у арганізацыі толькі пасля ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне. Тым ня менш гэта ўжо другі смяротны прысуд вынесены ў Беларусі пасля пасяджэння ПАРЕ.

  1. Парушэньні права на свабоду асацыяцыяў

 2 ліпеня Вярхоўны суд Беларусі падтрымаў рашэньне Мінюста аб нерэгістрацыі “Маладых дэмакратаў”. Заяўнікі скаргі ўпэўненыя, што падставаў для адмовы ў рэгістрацыі не было, а знойдзеныя недакладнасьці ў дакументах можна было лёгка выправіць, калі б Міністэрства юстыцыі гэта дазволіла. Аднак чыноўнікі міністэрства кваліфікавалі гэта як непрадастаўленьне неабходных для рэгістрацыі дакументаў. Па словах удзельнікаў працэсу з боку МХСС "Маладыя дэмакраты", яны чарговы раз пераканаліся, што дзеяньні Мінюсту накіраваныя на тое, каб не дапусьціць існаваньня зарэгістраваных грамадзкіх арганізацыяў і максімальна замарудзіць развіцьцё грамадзянскай супольнасці ў краіне.

22 ліпеня Вярхоўны суд Беларусі не задаволіў скаргу партыі БХД на Міністэрства юстыцыі. Такое рашэньне прыняў судзьдзя Валерый Самалюк. Сустаршыня БХД Аляксей Шэін лічыць, што «прычыны адмовы ў дзяржаўнай рэгістрацыі палітычныя, што лішні раз падцьвярджаецца той кампаніяй уціску на заснавальнікаў БХД, што ініцыявалася Міністэрствам юстыцыі разам з органамі КДБ, МУС і мясцовымі выканкамамі». «БХД – партыя, якая існуе дэ-факта. Сваю дзейнасць яна працягне і пры адсутнасці дзяржаўнай рэгістрацыі», — адзначыў адказны сакратар партыі Дзяніс Садоўскі. Кіраўніцтва партыі мае намер зноў паўтараць падачу дакумантаў на рэгістрацыю.

 21 ліпеня судзьдзя Ніна Усьцімчук Берасцейскага абласнога суду адмовіла ў задавальненьні скаргі заснавальнікам абласнога праваабарончага цэнтру “Берасьцейская Вясна” на адмову ў дзяржрэгістрацыі. Гэта ўжо другая адмова на працягу году, і падставай для яе стала адкліканьне гарантыйнага ліста на прадастаўленьне памяшканьня пад юрыдычны адрас падчас знаходжаньня дакументаў на рэгістрацыі, пра што праваабаронцам не было паведамлена.

 12 жніўня Вярхоўны суд Беларусі пакінуў без задавальненьня скаргу заснавальнікаў ГПА “Наша Вясна” на адмову Міністэрства юстыцыі ў дзяржаўнай рэгістрацыі аб’ядняньня. Трэцяя спроба легалізацыі дзейнасьці завершылася нічым, нягледзячына тое, што аргументы чыноўніка Мінюсту былі  неабгрунтаванымі і надуманымі, таму праваабаронцы прынялі рашэньне больш не прымаць захадаў дзеля рэгістрацыі, а зьвярнуцца ў Камітэт па правах чалавека ААН са скаргай на сістэмную дыскрымінацыю ў праве на свабоду асацыяцыяў. Па словах віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алеся Бяляцкага, кіраўніка ліквідаванага ПЦ “Вясна” і зноў абранага старшыні “Нашай Вясны”, падчас апошняй спробы працэс рэгістрацыі для праваабаронцаў меў ня меншае значэньне за сам факт рэгістрацыі. Заснавальнікам аб’яднаньня такім чынам удалося паказаць увесь механізм уціску дзяржавы на свабоду асацыяцыяў у Беларусі.

  1. Адміністрацыйныя затрыманьні і пакараньні грамадзка-палітычных актывістаў

 1 ліпеня суд Цэнтральнага раёну Менску пакараў затрыманых напярэдадні актывістаў грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Максіма Вінярскага і Уладзіміра Кумца штрафамі ў памеры 10 базавых велічыняў. За вывешваньне расьцяжкі з патрабаваньнем “Свабоду Аўтуховічу!” супрацоўнікі міліцыі склалі адміністратыўныя пратаколы па артыкуле за “дробнае хуліганства”: нібыта яны нецэнзурна лаяліся і зьневажалі супрацоўнікаў праваахоўных органаў. У судзе падстаўны сьведка пацьвердзіў гэтыя факты.

 На пачатку ліпеня судзьдзя Бялінскі Ленінскага райсуду Горадні пакараў моладзевых актывістаў Рамана Швабу і Яўгена Гатальскага штрафам у памеры 5 базавых велічыняў за распаўсюд антыкрызіснай праграмы. Абвінавачаньне было прад’яўлена па арт. 21.14 КаАП – парушэньне правілаў ўтрыманьня населеных пунктаў. У пастарунку ў хлопцаў таксама ўзялі адбіткі пальцаў. Акрамя таго сябра Гарадзенскага МФ Я. Гатальскага выклікалі на размову з адміністрацыяй Політэхнічнага каледжа, дзе ён навучаецца, на якой акрамя кіраўніцтва навучальнай установы прысутнічалі прадстаўнікі ідэалагічнай вертыкалі і супрацоўнікі КДБ. Яны пагражалі навучэнцу адлічэньням з каледжа.

 22 ліпеня судзьдзя Гомальскага абласнога суду Дзьмітры Улога адхіліў касацыйныя скаргі пяці дэмакратычных актывістаў – У. Кацоры, В. Палякова, Ю. Захаранкі і А.Паплаўнага, пакараных 25 чэрвеня штрафамі і арыштам за акцыю памяці гвалтоўна зьніклага генерала Юрыя Захаранкі.

 За удзел у пікеце каля помніка 1000-годзьдзю Берасьця (дарэчы, горад адзначыў  свае 990-я ўгодкі), што адбыўся 17 жніўня, суд Ленінскага раёну гораду пакараў краязнаўцу Дзяніса Турчаняка штрафам у памеры 40 базавых велічыняў (1 млн 400 тыс. руб.) і маладафронтаўца Міхася Ільіна штрафам у памеры 4 б.в. (140 тыс. руб). Пікет і раздача ўлётак з прапановай да ўладаў вярнуць людзям грошы, ахвяраваныя на помнік, праводзіўся з прычыны таго, што зроблены помнік у канцэпцыі моцна адрозьніваецца ад праектнага, на які людзі часта “ў прымусова-дабраахвотным парадку” здавалі грошы. Агульны каштарыс помніка склаў каля 1,8 мільярда рублёў. Абапал помніка зьмешчаныя 12 бронзавых дошак, на якіх коратка напісаная гісторыя Берасьця. Надпісы выкананыя па-беларуску, але было зроблена 75 памылак. “Гэта – трыюмф непісьменнасці! - зазначыў кандыдыт філалагічных навук Юрась Бушлякоў.

 12 жніўня Чыгуначны райсуд Віцебску за спробу вывесіць у Дзень салідарнасьці 16 ліпеня  бел-чырвона-белы сьцяг на мосьце праз Заходнюю Дзвіну аштрафаваў на 5 б.в. (175 тыс. руб) актывіста «Маладой Беларусі» Тараса Сургана. Судзьдзя Уладзіслаў Шырокаў кіраваўся міліцэйскім пратаколам, у якім было напісана, што Т. Сурган праводзіў несанкцыянаваны пікет. Адміністрацыйнае папярэджаньне таксама атрымаў актывіст «Маладой Грамады» Валеры Раманенка. Ён быў абвінавачаны ў дачыненьні да зьяўленьня на мосьце расьцяжкі са словамі «Свабоду палітвязьням!». Разам з Т. Сурганам і В. Раманенкам 16 ліпеня ў Віцебску таксама былі затрыманыя Кацярына Аляксеева і Філіп Шаўроў.

  1. Палітычна матываваныя крымінальныя справы

 7 ліпеня Асіповіцкі раённы суд пакараў фігуранта “працэсу 14-ці” маладафронтаўца Арцёма Дубскага пазбаўленьнем волі на адзін год калоніі. Моладзевага актывіста абвінавацілі па арт. 415 КК ў парушэньні правілаў адбыцьця пакараньня, калі ён зьехаў без дазволу ўчастковага інсьпектара ва Ўкраіну. У зале суду Дубскі быў узяты пад варту, а 13 ліпеня пераведзены ў Бабруйскі СІЗА, дзе знаходзіўся да перагляду крымінальнай справы вышэйшай інстанцыяй. На знак пратэсту супраць жорсткіх умоваў утрыманьня 20 ліпеня ён абвясьціў галадоўку. Праз тры дні Дубскі спыніў свой пратэст і паведаміў, што стаўленьне да яго зьмянілася да лепшага.

 13 ліпеня сябры міжнароднай Сеткі Дамоў правоў чалавека зьвярнуліся да беларускіх уладаў з заклікам неадкладна вызваліць моладзевага актывіста. У сваім лісьце праваабарончыя арганізацыі розных краінаў таксама заклікалі кіраўніцтва Беларусі адмовіцца ад практыкі палітычна матываванага перасьледу грамадзянаў краіны і цалкам адмяніць пакараньне ўсім фігурантам «працэсу 14-ці». Нагадаем, што Арцём Дубскі прызнаны міжнароднай праваабарончай арганізацыяй Amnesty International “вязьнем сумленьня”. У адпаведнай заяве арганізацыі ягонае прозвішча стаіць сярод 11 асуджаных да абмежаваньня волі па “працэсу 14-ці”.

 20 жніўня судовага калегія Магілёўскага абласнога суду адмовілася задаволіць касацыйную скаргу Арцёма Дубскага на прысуд, вынесены Асіповіцкім раённым судом, і зьмяніць яму меру пакараньня. Асуджанага на паседжаньне не прывезьлі.

 28 жніўня з Бабруйскага СІЗА А.Дубскага перавялі ў адну з калоніяў Магілёўскай вобласьці.

 12 жніўня фігурант «працэсу 14-ці» Аляксандр Баразенка даведаўся, што ён амніставаны. Між тым асуджаны ўдзельнік студзеньскіх падзеяў 2008 году Алесь Стральцоў не можа дамагчыся амністыі: Менскі гарадзкі суд не задаволіў ягоную скаргу на пастанову суду Цэнтральнага раёну ад 15 чэрвеня 2009 году. Дадзеная судовая пастанова зьмякчае пакараньне, ад якога асуджаны ўжо павінен быў быць вызвалены ў адпаведнасьці з законам “Аб амністыі”. У афіцыйным лісце за подпісам старшыні   Пуцілы паведамляецца, што пастанова суду Цэнтральнага раёну зьяўляецца “законнай і абгрунтаванай”, таму “падставаў для задавальненьня скаргі і прынясеньня пратэсту з мэтай адмены пастановы няма”. Беларускія праваабаронцы патрабуюць адназначнай амністыі для ўсіх фігурантаў “працэсу 14-ці”, з такім жа патрабаваньнем выступае і міжнародная супольнасьць. Між тым на дадзены момант амніставаныя чацьвёра з пакараных – Міхал Пашкевіч, Міхаіл Субач, Павал Вінаградаў і Аляксандр Баразенка.

 12 жніўня ў Берасьці  супрацоўнікі міліцыі затрымалі кіраўніка мясцовай філіі “Маладога Фронту” Міхася Ільіна. З пастарунку актывіста даставілі ў пракуратуру, дзе пракурор уручыў яму прадпісаньне з папярэджаньнем за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі і магчымасьці паводле заканадаўства прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці паводле арт. 193-1 КК Беларусі.

  1. Перасьлед правабаронцаў

 16 ліпеня судзьдзя Віцебскага абласнога суду Галіна Урбановіч прызнала праваабаронцу Леаніда Сьвеціка вінаватым у зьдзяйсьненьні злачынства, прадугледжананаг арт. 130 КК Беларусі (распальваньне нацыянальнай і расавай варожасьці) і пакарала яго штрафам у памеры 900 базавых велічыняў. Акрамя таго, суд абавязаў Сьвеціка кампенсаваць маральную шкоду старшыні віцебскай філіі праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Тамары Красновай-Гусачэнка. Памер кампенсацыі – 1 мільён рублёў.

  1. Парушэньні права на свободу мірных сходаў

 У ліпені сталічныя ўлады двойчы не далі дазволу на правядзеньне пікету ў падтрымку бяздомных жывёлаў. Акцыя планавалася на 10-11 ліпеня, а затым на 31 ліпеня – 1 жніўня каля Пункту адлову і часовага ўтрыманьня сабак і катоў “Фаўна горада”. Сваё рашэньне Менгарвыканкам патлумачыў першы раз "неадпаведнасьцю заяўкі “Закону аб масавых мерапрыемствах Беларусі", а другі раз – нібыта акцыя будзе "ствараць перашкоды пешаходнаму і транспартнаму руху" . Між тым падчас пікету арганізатары мелі намер заявіць пра неабходнасьць прыняцьця закону аб абароне жывёлаў ад жорсткага абыходжаньня. Яны прапаноўваюць стварыць у Беларусі дзейную праграму адлову, стэрылізацыі і пошуку новых гаспадароў для бяздомных жывёлаў, выступаюць за развіцьцё валанцёрскага руху, стварэньне муніцыпальных доўгачасовых прытулкаў для катоў і сабак, настойваюць на стварэньні адукацыйных праграм для насельніцтва. Меркавалася, што ў пікеце возьмуць удзел да 50 чалавек. Абаронцы жывёлаў маюць намер абскардзіць дзеяньні службовых асобаў Менгарвыканкаму ў судовым парадку.

 13 жніўня Гарадоцкі райсуд прызнаў старшыню Гарадоцкай арганізацыі Партыі БНФ Леаніда Аўтухова вінаватым у арганізацыі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства і пакараў штрафам ў памеры 40 б.в. (1 млн 400 тыс. руб). 27 чэрвеня мясцовыя апазіцыянеры вышлі на цэнтральную плошчу райцэнтру з нацыянальнымі сьцягамі, каб павіншаваць гараджанаў з чарговымі ўгодкамі прыняцьця Дэкларацыі аб суверэнітэце Беларусі. Афіцыйныя ўлады адмянілі сьвята пасля рэферэндуму 1996 году, а Дзень незалежнасьці пачалі адзначаць у Дзень вызваленьня Менска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 3 ліпеня.

 У жніўні Менскія ўлады забаранілі пікет у абарону сацыяльных правоў грамадзянаў ва ўмовах эканамічнага крызісу, які меркавалі правесьці актывісты гарадзкой арганізацыі Партыі камуністаў Беларускай 21 жніўня на плошчы Якуба Коласа. Нягледзячы на забарону, сацыяльная кампанія будзе працягвацца, кажа Сяргей Вазняк. Калі ўлады не дазваляюць пікеты, то камуністы самі пойдуць на прахадныя заводаў, каб раздаваць рабочым інфармацыю пра антыкрызісныя прапановы АДС.

  1. Парушэньні прынцыпу свободы слова і распаўсюду інфармацыі

 14 ліпеня пракуратура Менскай вобласьці у асобе пракурора Аляксандра Архіпава вынесла папярэджаньні за «незаконную журналісцкую дзейнасьць» сябрам ГА БАЖ Аксане і Аляксандру Калінкіным. Нагодай для папярэджаньня паслужыла іх супрацоўніцтва з расейскім «Телеканалом благих новостей» (ТБН). Пракуратура пералічыла, якія рэпартажы журналістаў дэманстраваліся ў эфіры ТБН: сьвяткаваньне каталіцкай Пасхі, некалькі духоўна-асьветніцкіх акцыяў, прэзентацыя інфармацыйна-адукацыйнага рэлігійнага цэнтру ў сталіцы і г.д. 

 20 ліпеня рэдакцыя незалежнага выданьня «Барысаўскія навіны» атрымала адмоўны адказ з мясцовага райвыканкаму на запыт аб акрэдытацыі. У лісьце за подпісам в.а.старшыні Юрыя Шылягіна адзначана, што на кожнае з мерапрыемстваў рэдакцыям СМІ высылаецца запрашэньне ажыцьцяўляецца разавая акрэдытацыя і таму акрэдытацыя журналістаў магчымая “на агульных падставах па вышэйзгаданай схеме». Гэты адказ амаль даслоўна дублюе ліст, які некалькімі днямі раней прыйшоў у рэдакцыю з галоўнага ідэалагічнага ўпраўленьня Менаблвыканкаму. Па словах галоўнага рэдактара газеты Анатоля Букаса, прапанаваная «схема» акрэдытацыі СМІ, якую апісваюць у сваіх лістах рённыя і абласныя чыноўнікі, не працуе, таму гэтыя лісты – проста адпіскі.

 29 ліпеня пракуратура Гарадзенскай вобласьці вынесла афіцыйнае папярэджаньне галоўнаму рэдактару часопіса “Магазын польскі” (“Magazyn Polski”)  Ігару Банцэру. Падставай стала прафесійная дзейнасць журналіста і той факт, што часопіс непрызнаванага ўладамі Саюза палякаў на Беларусі (СПБ) не ўтрымлівае выходных дадзеных, якія патрабуе беларускае заканадаўства. Між тым, “Магазын польскі” выдаецца ў такім фармаце ўжо 5 гадоў, і за ўвесь гэты час ніякіх прэтэнзіяў да яго не было. На думку рэдактара, папярэджаньне насамрэч выкліканае зьместам травеньскага нумара, канфіскаванага напрыканцы чэрвеня супрацоўнікі міліцыі. На вокладцы выданьня зьмешчаны калаж з выявай прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі ў вобразе расейскага цара Аляксандра ІІІ. Акрамя гэтага, у азначаным нумары быў надрукаваны крытычны артыкул Анджэя Пісальніка  пра  магчымую пераемнасць улады на Беларусі. Публікацыя называлася “Коля павінен стаць прэзідэнтам”. Гэтая гісторыя сапраўды атрымала працяг: журналіст польскай газеты “Rzeczpospolita”, сябра СПБ Анджэй Пісальнік неўзабаве таксама атрымаў папярэджаньне пракуратуры Гарадзенскай вобласьці. На думку пракуратуры, перавозка незарэгістраваных выданьняў (газеты “Glos znad Niemna na uchodzstwie” і часопісу “Magazyn Polski”, якія знаходзіліся ў аўтамабіле журналіста і былі канфіскаваныя пры даглядзе машыны), зьяўляецца парушэннем заканадаўства.

21 жніўня сябра БАЖ Вольга Шарапкіна з Магілёва атрымала папярэджаньне ад пракуратуры Чавускага раёну за дзейнасьць без акрэдытацыі. Нагодай для пакараньня, паводле журналісткі, стаў сюжэт пра чавускі дзіцячы прытулак, які зьявіўся на сайце недзяржаўнага тэлеканалу “Белсат”. 

 У канцы ліпеня рэдакцыя часопіса «ARCHE» атрымала ліст за подпісам дырэктара РУП «Белсаюздрук» Ігара Дудзіча, у якім зазначаецца, што цяпер «адсутнічае магчымасьць распаўсюджаньня часопіса праз гандлёвую сетку з прычыны надзвычай высокай яе насычанасьці перыядычнымі выданьнямі, у тым ліку масава‑палітычнай і літаратурна‑мастацкай тэматыкі». Галоўны рэдактар «ARCHE» Валер Булгакаў мяркуе, што застаюцца няроўныя ўмовы для распаўсюду прэсы. Так 11 жніўня галоўны рэдактар недзяржаўнай грамадзка-палітычнай газеты “Снплюс” Васіль Зданюк атрымаў афіцыйны ліст за подпісам гендырэктара РУП «Белпошта» Юрыя Комара ў якім паведамляецца, што дзяржаўнае паштовае прадпрыемства-манапаліст адмовілася без тлумачэньня прычыны ўключыць газету ў падпісны каталог на 2-е паўгоддзе 2009 году.  Брэсцкі філіял «Белпошты» за подпісам кіраўніцы Валянціны Пух таксама адмовіў у вяртаньні падпіскі рэдакцыі незалежнай газеты «Ганцавіцкі час».

 17 ліпеня ля прахадной «БелАЗа» за спробу раздаць недзяржаўную газету «Новы час» на прахадной завода «БелАЗ» супрацоўнікі Жодзінскай міліцыі затрымалі шэсьцярых актывістаў АГП і канфіскавалі каля 500 асобнікаў друкаванага выданьня.  Уладзімір Казак, Аляксандр Сергіенка, Сяргей Клюеў, Аляксандр Сцепаненка, Раман і Аляксей Багдановічы былі дастаўленыя ў пастарунак, дзе быў складзены пратакол выняцьця. Лідэр АГП Анатоль Лябедзька адмыслова прыехаў, каб раздаць рабочым інфармацыйныя матэрыялы: «Новую газэту» і брашуры пра антыкрызісныя захады, якія прапануюць прадстаўнікі дэмакратычнага руху. Ён распавёў, што 14 супрацоўнікаў міліцыі і КДБ чакалі актывістаў каля прахадной, каб не дапусціць распаўсюду дэмакратычнай літаратуры. У сувязі з гэтым А. Лябедзька накіраваў зварот на імя міністра ўнутраных справаў Анатоля Куляшова з прозьбай правесці расьледваньне інцыдэнту і вярнуць незаконна канфіскаваную інфармацыйную прадукцыю.

  1. Парушэньні права на свабоду сумленьня
14 ліпеня судзьдзя горада Баранавічы і Баранавіцкага раёну Аксана Сарахман аштрафавала на 10 б. в. царкву «Новае пакаленьне» аб'яднаньня абшчын хрысьціян поўнага Евангельля за «нестатутную дзейнасьць». Пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні па ч.1 арт. 9.9 КаАП быў складзены 21 чэрвеня вядучым сьпецыялістам аддзелу па ідэалагічнай працы Баранавіцкага гарвыканкаму Сяргеем Пузікавым. Пратакол быў складзены толькі на падставе рэкламнага прасьпекту.

 12 жніўня судзьдзя Чыгуначнага райсуду Гомеля Віталь Козыраў пакараў штрафам у памеры 30 б.в. (1 млн 50 тыс. руб.) кіраўніка рэлігійнай суполкі «Сьведкі Іеговы» Юрыя Рашэтнікава. Падставай паслужыў факт правядзеньня 21 ліпеня вобшуку ў прыватнай хаце, дзе збіраліся вернікі і прыхільнікі неапратэстанцкай рэлігійнай суполкі. Паколькі ўдзельнікі сустрэчы адмовіліся ўпускаць міліцыянтаў без ягонага ўладальніка, супрацоўнікі праваахоўных органаў выклікалі нарад мясцовага МНС, з дапамогай «баўгаркі» расьпілавалі замок і ўвайшлі ў хату. Яны забралі музычную апаратуру і склалі на Ю. Рашэтнікава пратакол аб парушэньні парадку арганізацыі масавага мерапрыемства. Ю. Рашэтнікаў лічыць, што такім чынам улады парушылі 31-ы артыкул Канстытуцыі Беларусі, які гарантуе свабоду веравызнаньня, і зьбіраецца аспрэчыць пастанову суду.

 20 жніўня стала вядома, што Менская гарадзкая пракуратура спыніла крымінальную справу супраць Яўгена Волкава, узбуджаную па артыкуле193-1 КК РБ, “у сувязі з адсутнасьцю складу злачынства”. У чэрвені верніка абвінавацілі ў дзейнасці ад імя незарэгістраванага рэлігійнага аб’яднаньня “Рух яднаньня” (Царква Муна), што стала першай крымінальнай справай супраць прадстаўнікоў незарэгістраваных рэлігійных арганізацыяў ад моманту ўступленьня ў дзеяньне артыкулу 193-1 у 2006 годзе.

  1. Звальненьні і адлічэньні па палітычных матывах

У ліпені студэнт-завочнік Берасьцейскага пэдагагічнага ўніверсітэта, актывіст Партыі БНФ Аляксандр Страчук атрымаў паведамленьне, што з ім не будзе працягнуты працоўны кантракт, які заканчваўся 7 жніўня. Ён працаваў у Кобрынскай ЖКГ на працягу году і ня меў прэтэнзіяў да працы з боку кіраўніцтва прадпрыемства. Сваё звальненьне А.Страчук зьвязвае з адмоваю ад уступленьня ў праўладную арганізацыю «Белая Русь», бо такое сяброўства супярэчыць ягоным палітычным поглядам. 

У ліпені сябра Моладзі БНФ Паўла Чудука адлічылі з другога курсу тэалагічнага факультэту БДУ нібыта за “акадэмічную непасьпяховасьць”. Па ягоных словах, непрыемнасьці пачаліся пасьля таго, як ён зьезьдзіў у Швецыю ў якасьці назіральніка за выбарамі Еўрапарламенту. Пасьля вяртаньня ў Менск 9 чэрвеня П.Чудука адразу выклікалі ў дэканат, дзе паказалі фотаздымкі з сёлетняга Чарнобыльскага шляху з ягоным удзелам. На словах актывісту патлумачылі, што сумяшчаць палітычную і грамадзкую дзейнасьць з вучобай у тэалагічным інстытуце, рэктарам якога зьяўляецца мітрапаліт Філарэт, немагчыма. Пазьней выкладчыкі рэлігіязнаўства і нямецкай мовы не пагадзіліся паставіць яму залік, што і паслужыла фармальнай падставай для адлічэньня.

Напрыканцы жніўня дырэктар Лукомльскай ГРЭС папярэдзіў лідэра першаснай арганізацыі Беларускага незалежнага прафсаюза Аляксея Габрыэля, што кантракт з ім працягнуты ня будзе з-за актыўнай прафсаюзнай дзейнасьці. Па словах намесьніка старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП), інфармацыя пра супрацьпраўныя дзеяньні кіраўніцтва Лукомльскай ГРЭС будзе даведзена да ведама Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. На думку кіраўніцтва незалежнага прафцэнтру, Мінпрацы павінна неадкладна праінфармаваць наймальнікаў пра тое, што Беларусь пазбавілі гандлёвых прэферэнцыяў менавіта з-за парушэньняў правоў прафсаюзаў, а таксама пра тое, што ўрад надзвычай зацікаўлены ў вяртаньні гэтых ільгот.

  1. Умовы ўтрыманьня ў месцах зьняволеньня

1 ліпеня амерыканскі адвакат Эмануіл Зэльцэр, памілаваны Аляксандрам Лукашэнкам  30 чэрвеня, прыляцеў у Нью-Ёрк і даў сваё першае інтэрвію Радыё Свабода. На пытаньне, як з ім абыходзіліся ў ізалятары КДБ і пазьней у турмах, ці сапраўды зьбівалі, катавалі і спрабавалі шантажаваць, ён адказаў, што яму не давалі лекаў, без якіх ён ня мог абысьціся як чалавек, які мае хранічныя захворваньні. Фізычнае ўзьдзеяньне таксама пацьвердзіў. Увогуле пра знаходжаньне ў ізалятары КДБ у Эмануіла Зэльцэра — самыя горшыя ўспаміны. “Беларусь – нашчадак самага горшага, што было ў СССР. Пра што можна казаць: у кожнага сьледчага ў кабінеце вісіць партрэт Дзяржынскага. Гэта ж забойца! Нідзе ў краінах СНД я не сустракаў арганізацыі з гэтай жахлівай назвай “КГБ”, толькі ў Беларусі. Паўсюль здолелі перайменаваць, бо вельмі жахлівае слова, гучыць як “гестапа“.Увогуле такое ўражаньне, што там да 90% сядзіць тых, хто альбо патрапіў туды з-за беззаконьня, альбо з нерэальнымі тэрмінамі. 99% іх у Англіі, ЗША і гэтак далей проста не былі б у турме,” — падсумаваў былы вязень “амэрыканкі”. Паводле Эмануіла Зэльцэра, турэмная сістэма Беларусі цалкам не адпавядае заходнім стандартам гуманнага абыходжаньня з вязьнямі. Ён адзначаў дрэнныя ўмовы, адсутнасьць рэальнай мэдычнай дапамогі і як зьяву апошняга часу — суцэльнае беспрацоўе вязьняў.

3 ліпеня тэрмін сьледзтва па справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Ўладзіміра Асіпенкі скончыўся і зноў быў працягнуты. 16 ліпеня М.Аўтуховіч спыніў галадоўку пратэсту, якая доўжылася 91 дзень з 16 красавіка. За гэты час арыштаваны схуднеў больш як на 35 кг і знаходзіўся ў надзвычай рызыкоўным стане.

8 жніўня споўнілася паўгода з моманту затрыманьня ваўкавыскіх прадпрымальнікаў, сьледзтва ў чарговы раз было падоўжана яшчэ на 2 месяцы, аднак адзін з арыштаваных Ю. Лявонаў вызвалены да суду пад падпіскі аб невыедзе і аб неразгалошваньні таямніцы сьледзтва. У сувязі з гэтым усё, што тычыцца дадзенай крымінальнай справы і вылучаных абвінавачаньняў, застаецца для грамадзкасьці закрытым. Нагадаем, М.Аўтуховіч, Ю.Лявонаў і У.Асіпенка былі затрыманыя 8 лютага, праз 10 дзён ім было выстаўлена абвінавачаньне на падставе арт. 218 КК (наўмыснае зьнішчэньне альбо пашкоджаньне маёмасьці). 23 чэрвеня ў дачыненьні да М.Аўтуховіча і, як паведаміла МУС, «іншых асоб» распачата справа на падставе арт. 359 КК (тэрарыстычны акт) у выглядзе падрыхтоўкі (арт. 13)..Беларускія праваабаронцы не выключаюць палітычнага падтэксту крымінальнай справы і, улічваючы цяжкасьць прад’яўленых абвінавачваньняў, патрабуюць адкрытага судовага працэсу.

  1. Сьмяротнае пакараньне

 22 ліпеня суд Менскай вобласьці вынес пакараньне забойцам работнікаў СВК «Бальшавік Агра» (Салігорскі раён). Адзін са злачынцаў, Андрэй Жук, асуджаны да сьмяротнага пакараньня. 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international