Адказ Міністэрства абароны праваабаронцам: “Фактаў праяўлення непавагі да беларускай мовы не ўстаноўлена”

2009 2009-08-25T19:48:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/f_viachorka_sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
фота svaboda.org

фота svaboda.org

Праваабаронцы Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч  атрымалі адказ з Міністэрства абароны на свой зварот, у якім патрабавалі  спыніць незаконны пераслед і ціск на ваенаслужачага Ф. Вячорку ды іншых беларускамоўных служачых ў сувязі з выкарыстаннем  імі  беларускай мовы пры праходжанні  вайсковай службы.

Адносна некаторых аспектаў прызыву на вайсковую службу грамадзянаў Франка Вячоркі, Дзмітрыя Жалезнічэнкі, Івана Шылы, Дзмітрыя Федарука, Алеся Каліты, а таксама праходжанне імі вайсковай службы ў шэрагах узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь, пра якія паведамлялі праваабаронцы, прадстаўнік Міністэрства абароны адказаў ў звыклай для гэтага ведамства лаканічнай форме: “прызыў у войска Ф. В. Вячоркі і іншых пералічаных Вамі вайскоўцаў ажыццёўлены ў поўнай адпаведнасці з заканадаўствам, што пацвярджаецца некалькімі праверкамі ў адпаведны перыяд”.

У атрыманым з Міністэрства абароны адказе  катэгарычна адмаўляецца факт дысцыплінарнага пераследу радавога Франака Вячоркі ў сувязі з выкарыстаннем ім беларускай мовы, як і іншых вайскоўцаў. Маўляў радавога Вячорку пакаралі “за нетактоўныя паводзіны са старэйшым па воінскім званні, няведанне і нежаданне выконваць патрабаванні агульнавайсковых статутаў Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь”.

У сваім адказе  Міністэрства абароны спрабуе пераканаць, што беларуская мова ў войску займае пачэснае месца.  Прыводзяцца таксама і прыклады “шанавання” беларускай мовы, якая згодна са сцвярджэннем выканваючага абавязкі памочніка Міністра абароны па ідэалагічнай рабоце ва Узброеных сілах палкоўніка У. Макарава, “несумненна, ва Узброеных сілах з’яўляецца першай"(!).

Так, напрыклад, прыводзяцца факты, што Міністэрства абароны “шырока разрэкламавала баявыя дакументы на беларускай мове, якія выдаваліся ў дваццатых гадах мінулага стагоддзя”, а камандзір роты ганаровай варты ажыццяўляе прывітальны даклад на беларускай мове. Такія вось поспехі ў беларусізацыі войска.

Далей, як вялікае дасягненне, падаецца, што “на канцэртах, якія арганізуе ваеннае ведамства, колькасць песен на беларускай мове перавышае 50%”. Ёсць беларускія песні і ў рэпертуары страявых песень Узброеных Сіл. “Пры гэтым вайсковым ведамствам усяляк заахвочваецца выкананне страявых песень на беларускай мове”, зазначае прадстаўнік Міністэрства абароны.

І толькі ў адным абзацы утрымліваецца адказ па сутнасці: “Разам з тым, калі ў пэўным воінскім падраздзяленні па рашэнні адпаведнага камандзіра (начальніка) выконваецца песня на рускай мове, то дэманстратыўная адмова ад яе выканання адным з вайскоўцаў (у дадзеным выпадку Ф. В. Вячоркам) з’яўляецца не чым іншым, як відавочнай адмовай ад выканання загаду начальніка, здзейсненая ў страі і перад строем”. Вось так: ёсць у нас і беларускія песні, але вы, беларусы, будзеце спяваць па-расейску, паколькі так загадаў начальнік.

Пра што яшчэ можна тады казаць, прачытаўшы такі адказ? А казаць можна яшчэ пра многае.

Напрыклад пра тое, што чыноўнік ваеннага ведамства абвінавачвае Франака Вячорку ў тым, што ягоныя дзеянні (адмова выконваць песню па-расейску) “накіраваныя на штучнае проціпастаўленне дзвух дзяржаўных моў, гэта значыць пропаведзь варожасці на моўнай глебе, што з’яўляецца парушэннем артыкула 6 Закона РБ “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь”.

Зварот праваабаронцаў па фактах моўнай дыскрымінацыі ваеннаслужачага Франака Вячоркі разгледзела таксама  і  Гомельская міжгарнізонная ваенная пракуратура. Пра гэта раней прадстаўнікам ПЦ “Вясна” ў афіцыйным лісце паведаміў прадстаўнік Генеральнай пракуратуры, начальнік аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства ў войску і на транспарце саветнік юстыцыі А. А. Бязуглы.

У лісце паведамляецца, што “дзеянні службовых асоб, якія аддаюць загад ваеннаслужачым выконваць у складзе падраздзялення страявыя песні на  адной з дзяржаўных моваў, не супярэчаць дзеючаму заканадаўству”.

Як вынікае з адказу Гомельскай міжгарнізоннай ваеннай пракуратуры: “заўвагі службовых асоб вайсковай часткі 48694 з нагоды аддаваемых Франаку Вячорку каманд звязаныя не з выкарыстаннем беларускай мовы, а з яе скажэннем і няправільным вымаўленнем ім асобных каманд на беларускай мове”.

Такім чынам, справа ўся ў тым, што салдат Вячорка папросту ня ведае мовы беларускай. Вось да такой нечаканай высновы прыйшла ўрэшце рэшт пракурорская праверка.

Не цяжка здагадацца,  што ў ходзе “праведзенай праверкі парушэнняў законнасці не выяўлена, падстаў для ўнясення актаў пракурорскага нагляду не прагледжваецца”.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international