viasna on patreon

Беларусаў заклікаюць адзначыць Еўрапейскі дзень ахвяраў таталітарных рэжымаў

2009 2009-08-20T14:56:34+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vskn-osce.jpg

Грамадскія дзеячы заклікалі беларусаў адзначыць Еўрапейскі дзень ахвяраў таталітарных рэжымаў, які на рашэнне Парламенцкай асамблеі АБСЕ спраўляецца 23 жніўня. Шэраг грамадскіх арганізацый, сярод якіх Рух “За Свабоду”, Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, Саюз палякаў Беларусі, Беларускае Шуманаўскае Таварыства, аргкамітэтэт па стварэнні Руху “Разам” адзначаць гэты дзень жалобнай выправай у мемарыяльны комплекс “Катынь”-  месца, дзе палеглі 15 тысяч ахвяраў савецкага рэжыму розных нацыянальнасцяў – палякаў, беларусаў, рускіх, украінцаў.
Рашэнне пра агульнаеўрапейскае ўшанаванне ахвяраў нацызму і сталінізму ў дзень 23 жніўня было прынята сёлета на парламенцкай асамблеі АБСЕ. Гэты дзень быў абраны невыпадкова – менавіта 23 жніўня 1939 году быў падпісаны пакт Молатава-Рыбентропа, калі былі падзелены сферы ўплыву саветаў і нацысцкай Нямеччыны. У Літве ды Эстоніі дзень памяці ахвяраў будзе адзначацца на дзяржаўным узроўні. Беларускія грамадскія дзеячы таксама заклікаюць людзей ушанаваць памяць рэпрэсаваных. З такім зваротам выступіў перад журналістамі лідэр руху “Разам” Вячаслаў Сіўчык.

- Мы звяртаемся да ўсіх грамадзянаў, беларускіх грамадскіх арганізацый, прафсаюзаў і суполак беларускай дыяспары з заклікам па правядзенні акцый 23 жніўня. Звяртаюся таксама да вернікаў і святароў розных канфесій, каб яны 23 жніўня згодна з сваімі абрадамі ўшанавалі памяць ахвяраў таталітарных рэжымаў. 

Прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, палітычных партый і рухаў у гэты дзень збіраюцца ў Смаленскую вобласць, у паселішча Гнездава, дзе знаходзіцца мемарыяльны комплекс “Катынь”.   Апавядае кіраўнік Беларускага Шуманаўскага Таварыства Ігар Лялькоў.

- Мы робім 23 жніўня вялікую выправу ў Катынь, дзе пахаваны не толькі афіцэры польскага войска, але 15 тысячаў ахвяраў смаленскай турмы, прадстаўнікі смаленскага адраджэння.

Грамадскія дзеячы лічаць пазітыўным ужо той факт, што афіцыйны Менск аніяк не адрэагаваў на рашэнне пра агульнаеўрапейскае ўшанаванне ахвяраў нацызму і сталінізму.

- Маўчанне сённяшніх уладаў на рашэнні парламенцкай асамблеі АБСЕ і наогул маўчаннне па гэтай тэматыцы – гэта ўжо дасягненне гэтых уладаў. Яны не падтрымалі Расію ў неадэкватным стаўленні да рэзалюцыі. Для краіны, дзе існуюць “Лінія Сталіна” і помнік Сталіну – вялікае дасягненне. 

Грамадскія актывісты таксама заявілі, што будуць і надалей патрабаваць ад беларускіх уладаў публічнага асуджэння злачынстваў сталінізму, дэмантажу помнікаў арганізатарам тэрору, у тым ліку і замену назвы гістарычнага комплексу “Лінія Сталіна”, адкрыцця архіваў і спынення рэпрэсіяў у дачыненні да ўдзельнікаў акцый па ўшанавання ахвяраў сталінізму.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства