Нацыянальны сьцяг як чырвоны колер для быкоў

2009 2009-08-19T17:42:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/sciah.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Улады Смалявічаў вядуць барацьбу з нацыянальным бел-чырвона-белым сьцягам, які вывесіў на прыватным доме Андрэй Кашэўскі.

Сьцяг з’явіўся яшчэ вясной і стаў назаляць вочы мясцоваму начальству, аднак гаспадароў тады было застаць цяжка, паколькі домам у Смалявічах гаспадары карыстаюцца толькі ў летні перыяд, а самі прапісаныя ў Жодзіна.

Урэшце 14 жніўня нарад міліцыі рашуча запатрабаваў зьняць сьцяг. Аднак сын гаспадара Андрэй Кашэўскі не пусціў іх на падворак і папрасіў патлумачыць, чым гэты сцяг замінае міліцыі. Тады супрацоўнікі міліцыі са Смалявіцкага РАУСа  зьмянілі тактыку. Яны патэлефанавалі на працу ў Жодзіна Андрэеваму бацьку і выклікалі яго ў Смалявічы. Спаслаўшыся на тое, што палотнішча  псуе зьнешні выгляд і архітэктурнае аблічча горада, яны зьнялі яго і падралі на шматкі. Бацьку ж  пры гэтым папярэдзілі, што калі сьцяг будзе вывешаны ізноў – гэта можа скончыцца непрыемнасьцямі па месцы ягонай працы.

Аднак на другі дзень Андрэй вывесіў на ранейшым месцы новы бел-чырвона-белы сцяг. На гэты раз справа скончылася затрыманьнем. Андрэя даставілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, дзе ён правёў усе выходныя.

У панядзелак, 17 жніўня,  адбыўся суд, пад час якога Кашэўскі даведаўся, што яго вінавацяць у дробным хуліганстве па арт. 17.1 КаАП, маўляў за тое, што ён моцна сварыўся з бацькам і парушаў грамадскі спакой. Суддзя пастанавіў перанесьці разгляд адміністрацыйнай справы і выклікаць позваю ў суд бацьку.

Патрэбна нагадаць, што апошнім часам вывешваньне нацыянальнага беларускага сцяга выклікае неапраўданую і незразумелую рэакцыю ўладаў, прадстаўнікі якой, не маючы ніякіх прававых падстаў, намагаюцца пакараць грамадзян за падобныя дзеяньні.

Гэтак, напрыклад, здарылася нядаўна ў Гомелі, дзе адміністрацыйная камісія Савецкага раёну Гомеля аштрафавала актывістку руху “За свабоду” Зінаіду Шуміліну на 175 тысяч рублёў, палічыўшы што спадарыня Шуміліна ня мела права вывешваць на сваім прыватным доме беларускі нацыянальны сьцяг і сьцяг Эўразьвязу.

Раней падобная “незарэгістраваная сімволіка” на прыватным доме ў Клецку таксама моцна абурыла мясцовае начальства, якое  некалькі дзён упрошвала гасападара дома Сяргея Панамарова зьняць сцяг "по-хорошему". У выпадку непадпарадкаваньня Панамарову пагражалi "артыкулам “, а ягонай жонцы - непрыемнасьцямі на працы.

А вось у Берасьці 25 сакавіка супрацоўнікі міліцыі заявіліся да Ірыны Лаўроўскай, якая з вакна сваёй кватэры на другім паверсе дома па вуліцы Пушкінскай,  вывесіла двухметровы бел-чырвона-белы сьцяг.

Яны заявілі, што вуда, на якой замест тронка замацаваны сцяг, «псуе эстэтычны выгляд вуліцы» і зафіксавалі вывешаны сцяг на фота, канфіскавалі яго і склалі пратакол канфіскацыі. Пры гэтым сама вуда, якая выконвала ролю тронка, канфіскаваная не была. Міліцыянты паабяцалі правесьці разбіральніцтва.

Звычайна вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга праваахоўныя органы і суды расцэньваюць як хуліганства і караюць вінаватых грашовымі штрафамі. Такое часта здараецца ў Менску, Віцебску, Берасці, Гародні ды іншых гарадах.

Сцвярджэньне ж, што сьцяг псуе знешні выгляд, наогул абсурднае, бо тады ўсе тыя дзяржаўныя сьцягі, што павісьлі над шматлікімі дзяржаўнымі ўстановамі па ўсёй Беларусі,  таксама падпадаюць пад такую ацэнку і павінны быць зьнятыя.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international