Умовы утрыманьня асуджаных да абмежаваньня волі ў адкрытых папраўчых калоніях, г.зв. “хіміі”, не адпавядаюць патрабаваньням закону

2005 2005-09-30T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Недахопы ў дзейнасьці адкрытых папраўчых установаў, пра якія ня першы год кажуць беларускія праваабаронцы ды апазыцыянэры, нарэшце выявіла і Рэспубліканская пракуратура, паведаміла радыё Свабода.

У адкрытых папраўчых установах, ці як кажуць у народзе -- на “хіміі” зараз адбываюць пакараньне больш за 7 тысяч чалавек, альбо амаль кожны пяты асуджаны. Пракуратура Беларусі праверыла ўмовы, у якіх знаходзяцца гэтыя людзі. Чарговым разам высьветлілася, што шматлікія беларускія “хіміі” перанаселеныя, побытавыя ўмовы там не адпавядаюць патрабаваньням закону, шмат хто зь вязьняў ня мае сталай працы альбо не атрымлівае своечасова заробку.

Праваабаронцы, апазыцыя і недзяржаўныя мэдыі ў Беларусі даўно гавораць пра тое, што нарэшце прызнала пракуратура: у некаторых установах адкрытага тыпу, дзе ўмовы мусяць быць больш гуманныя, вязьням жывецца горш, чымсьці ў турмах і калёніях. Гарадзенскі журналіст Мікола Маркевіч паўгода адбыў у Асіповічах за так званы “паклёп на прэзыдэнта”. Тамтэйшая “хімія” лічыцца адной зь лепшых ў Беларусі, але менавіта таму зараз Маркевіч можа выдатна ўявіць, што ж творыцца ў горшых...

“Гэтыя “хіміі” звычайна знаходзяцца ў раённых пасёлках, дзе вялікае беспрацоўе, дзе звычайнаму чалавеку ўладкавацца немагчыма, а тым больш асуджанаму. Атрымліваецца дзікая сытуацыя. Асабліва для тых, хто ня мае сваякоў ці знаёмых, якія б іх падмацоўвалі. Я асабіста ведаў людзей, якія наўпрост паміралі з голаду. Яны хадзілі босыя, спалі безь бялізны. Той, хто асуджаны да “хіміі”, мусіць усё аплачваць з уласнай кішэні , а як ён можа гэта аплачваць?” – распавёў спадар Маркевіч. Акрамя іншага ён падкрэсьліў яшчэ адну асаблівасьць адкрытых папраўчых установаў, якую назіраў асабіста – іх ролю ў распаўсюджваньні крымінальных традыцыяў: “Прыйшлі з “зоны” людзі, якім пакараньне зрабілі больш мяккім, і сустрэліся тут з маладзёнамі , якія толькі-толькі зь вёсак. Гэта была натуральная перадача крымінальнага досьведу, сапраўдная школа крымінальных навук”.

Калегія рэспубліканскай пракуратуры, якая на адмысловым пасяджэньні разгледзела сытуацыю на “хіміях”, вырашыла ліквідаваць недахопы праз два асноўных захады. Па-першае, падвысіць патрабавальнасьць да кіраўнікоў гэтых устаноў і нават караць іх ў службовым парадку за нядбайнасьць. Па-другое, ужо непасрэдна супрацоўнікам пракуратуры рэкамэндавана скарэкціраваць сваю пазыцыю на працэсах, дзе судзьдзі вагаюцца паміж рашэньнем аб абмежаваньні волі і рэальным пазбаўленьнем волі.

Вядомы праваабаронца з Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйла лічыць, што фактычна супрацоўнікаў пракуратуры і судзьдзяў заклікаюць выкарыстоўваць больш жорсткія пакараньні, замест таго, каб рэальна паляпшаць побытавыя ўмовы ў папраўчых установах і займацца іх гуманізацыяй: “Трэба не абвінавачваць люстэрка, калі сам непрыгожы, а накіраваць сваё рашэньне ва ўрад, каб, першае, павялічыць колькасьць прадпрыемстваў, дзе змогуць працаваць асуджаныя, а другое, паляпшаць іх побытавыя ўмовы, каб не атрымлівалася, што кожны чацьверты не вытрымлівае “хіміі”, робіць злачынства ды вяртаецца ў турму.”

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international