viasna on patreon

Праваабаронцы выступаюць супраць моўнай дыскрымінацыі ў войску

2009 2009-07-27T18:55:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/viasna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

 Праваабаронцы ПЦ "Вясна" зьвярнуліся да міністра абароны і генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь з патрабаваннем спыніць незаконны пераслед і ціск на ваенаслужачага Ф. Вячорку ды іншых беларускамоўных служачых ў сувязі з выкарыстаннем імі  беларускай мовы пры праходжанні  вайсковай службы:

                                                                                                                                                                            

                                                                                                                                                                              Міністру абароны Рэспублікі Беларусь

                                                                                                                                                                              Генеральнаму пракурору Рэспублікі Беларусь

 

 

                                                                                                               Зварот

 

Мы, беларускія праваабаронцы, вымушаныя звярнуцца да Вас у сувязі са з’яўленнем у шэрагу СМІ  інфармацыі аб  пагрозах крымінальнай адказнасці і далейшым прыцягненні камандваннем вайсковай часцы № 48694 да дысцыплінарнай адказнасці радавога тэрміновай службы Франака Вячоркі. Паводле атрыманай намі інфрамацыі падставай для прыцягнення Ф. Вячоркі да дысцыплінарнай адказнасці стала выкарыстанне Ф. Вячоркам адной з дзяржаўных моваў Рэспублікі Беларусь – беларускай мовы.

 

Варта адзначыць, што мы пільна адсочвалі і адсочваем  прызыў на вайсковую службу грамадзянаў Франка Вячоркі, Дзмітрыя Жалезнічэнкі, Івана Шылы, Дзмітрыя Федарука, Алеся Каліты, а таксама праходжанне імі вайсковай службы ў шэрагах узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь. Трэба адзначыць, што некаторыя аспекты прызыву ўказаных грамадзянаў ва ўзброеныя сілы выклікаюць у нас сур’ёзную занепакоенасць у звязку з тым, як гэтыя працэдуры адбываліся.

Напрыклад, у ліпені 2008 года медыцынская камісія ваенкамату Савецкага раёну Мінска прызнала Франка Вячорку нягодным да вайсковай службы па стану здароўя. Пасьля абследвання ў абласной камісіі гэтае рашэнне было адменена, а Ф.Вячорка атрымаў адтэрміноўку ад службы да сакавіка 2009 года. Але 16 студзеня ваенкамат Савецкага раёну г.Мінска прызнаў яго годным да вайсковай службы. Суд Савецкага раёну, у якім было абскарджанае рашэнне ваенкамату, ня гледзячы на тое, што пад час суда адсутнічалі Ф.Вячорка і ягоны адвакат, пакінуў рашэньне ваенкамату ў сіле. 28 студзеня Ф.Вячорка, ня гледзячы на тое, што рашэньне суда было абскарджанае, быў гвалтам прызваны ў войска.

 

Гэтыя акалічнасці, а таксама акалічнасьці прызыву ў войска  Дз.Жалезнічэнкі, Дз.Федарука, І.Шылы і А.Каліты даюць падставы сцвярджаць, што прызыў у войска гэтых моладзевых актывістаў быў звязаны з іх актыўнай грамадска-палітычнай дзейнасцю.

 

Зьвяртаем вашую ўвагу, што гэтыя факты знайшлі сваё адлюстраваньне ў шэрагу заяваў і рэзалюцыяў міжнародных арганізацыяў.

 

Што датычыцца апошняй інфармацыі аб аказанні ціску на ваенаслужачых Ф. Вячорку і Дз. Хведарука за карыстанне імі беларускай мовы пры праходжанні тэрміновай вайсковай службы, хацелася б адзначыць, што мы расцэньваем гэтыя выпадкі, як парушэнне канстытуцыйных правоў грамадзянаў краіны. Пры гэтым мы адзначаем, што патрабаваньні  непасрэднага начальства Ф.Вячоркі ст.лейтэнанта Дзяніса Казака пры згодзе в.а. камандзіра часткі маёра Уладзіміра Ігнаціка аб выкарыстанні Ф.Вячоркам рускай мовы мелі незаконны, зневажальны характар. Так, вайсковы псіхолаг часткі, ён жа штатны дазнавальнік, старэйшы лейтэнант Дзяніс Казак пачаў патрабаваць ад Ф.Вячоркі дубляваць каманды і адказваць на іх па-руску. Пры гэтым і ён, і прапаршчык Піскун, і пачалі ўжываць у дачыненні да беларускай мовы розныя абразлівыя азначэнні: “говори нормально!”, “говори на нормальном языке!”. 21 ліпеня афіцэры пашыхтавалі жаўнераў часткі, якія спявалі рускую песню. А на адлегласці ў 20 метраў ад іх асобна паставілі Ф. Вячорку, які асобна спяваў беларускую песню.

Гэтыя афіцэры нясуць адказнасць за псіхалагічна-маральныя ўмовы праходжання вайсковай службы іхнімі непасрэднымі падначальнымі. Замест гэтага яны ствараюць невыносныя ўмовы для службы радавога Ф.Вячоркі.

 

У адпаведнасці з арт. 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь дзяржаўнымі мовамі Рэспублікі Беларусь з’яўляеюцца беларуская і руская мовы.

Паводле арт. 50 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь,  кожны мае права карыстацца роднай мовай, абіраць мову зносінаў.

Згодна з артыкулам 6 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь”  “Усялякія прывілеі ці абмежаваньні правоў асобы па моўных прыкметах недапушчальныя. Публічная знявага, апарочваньне дзяржаўных ці іншых нацыянальных моваў, стварэньне перашкодаў і абмежаваньняў у карыстаньні імі, прапаведваньне варожасьці на моўнай глебе цягнуць устаноўленую законам адказнасць”.

Паводле арт.20  Закона Рэспублікі Беларусь “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” “Ва Ўзброеных сілах, іншых вайсковых фармаваннях Рэспублікі Беларусьужываюцца беларуская і ці руская мова”.

 

Трэба адзначыць, што ў ніводным нарматыўным акце, ні ў вайсовых стутах не ўстаноўлена тое, што мовай узброеных сілаў Беларусі з’яўляецца выключна руская мова, У такім выпадку гэта супярэчыла б Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Звяртаем увагу сп. міністра на тое, што за 18 гадоў незалежнасьці Беларусі ў беларускім войску не з’явіўся ніводзін пераклад статутаў ды іншых дакументаў на беларускую мову, а міністэрства абароны фактычна ігнаруе існаваньне другой дзяржаўнай мовы ў краіне.

 

Прыцягненне да дысцыплінарнай адказнасці грамадзяніна Беларусі, ваеннаслужачага беларускіх узброеных сілаў за карыстанне беларускай мовай, якая мае статус дзяржаўнай, з’яўлецца ні чым іншым як дыскрымінацыяй па моўнай прыкмеце.

 

У звязку з гэтым мы патрабуем спыніць незаконны пераслед і ціск на ваенаслужачага Ф. Вячорку ды іншых беоларускамоўных служачых ў сувязі з выкарыстаннем імі  беларускай мовы пры праходжанні  вайсковай службы. Міністэрства абароны павінна забяспечыць беларускамоўным грамадзянам магчымасць вольна карыстацца ў войску роднай мовай.

 

 

27 ліпеня 2009 года

 

Бяляцкі Алесь, праваабаронца, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека

Стэфановіч Валянцін, юрыст, праваабаронца

Лабковіч Уладзімір, юрыст, праваабаронца

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства