Сяргей Мацкевіч: лібэралізацыя на ўзроўні рыторыкі

2009 2009-07-27T13:08:48+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/mackewich_siarhej.jpg

Кампанія Асамблеі НДА “Стоп 193-1” за адмену артыкула Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае адказнасьць за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі, цягнецца два месяцы. За гэты час да ініцыятывы далучыліся дзясяткі беларускіх і замежных аб’яднаньняў. Якіх яшчэ вынікаў удалося дасягнуць? Чаму ініцыятыва “Стоп 193-1” стартавала цяпер? Наколькі інфармаваная міжнародная супольнасьць наконт існаваньня ў Беларусі заканадаўчых перашкодаў грамадзянскага актывізму? Над гэтымі і іншымі пытаньнямі разважае старшыня Рабочай групы Асамблеі Сяргей Мацкевіч. 

Чаму Асамблея ініцыявала кампанію па скасаваньні артыкула 193.1 менавіта цяпер? Наколькі своечасовая гэтая кампанія?

Сяргей Мацкевіч: Трэба заўважыць, што ад моманту зьяўленьня ў Крымінальным кодэксе артыкулу 193-1, мы заяўляем на ўсіх узроўнях пра недапушчальнасьць ягонага існаваньня ў беларускім заканадаўстве. А вось кампанія як шырокая хваля дзеяньняў беларускіх НДА і замежных партнэраў пачалася толькі зараз. Я думаю, на ўзьнікненьне ініцыятывы “Стоп 193-1” паўплывала імавернасьць зьменаў унутры самой краіны. Справа ў тым, што на ўзроўні рыторыкі беларускія ўлады дэкляруюць намеры лібэралізаваць краіну. Такім чынам, распачаўшы кампанію па барацьбе за свае правы, мы дапамагаем уладам зрабіць канкрэтныя крокі ў напрамку лібэралізацыі, а таксама адначасова правяраем, ці сапраўды мяняецца ў нас сытуацыя.

А сытуацыя мяняецца ўвогуле?

Сяргей Мацкевіч: На дадзеным этапе ўсе ацэнкі трэба даваць узважана і асьцярожна. І гэта тычыцца ня толькі артыкула 193-1 КК. Усе тыя крокі, што выдаваліся ўладамі як вялікія лібэралізацыйныя дасягеньні, былі зробленыя ў канцы мінулага году. Сёлета мы анікага прагрэсу не назіраем. Наадварот, зьніжаецца колькасьць зарэгістраваных арганізацыяў. Між іншым, і “Вясна”, і “Асамблея”, і БХД атрымалі адмову ў рэгістрацыі менавіта ў гэтым годзе. Гэта значыць,  зараз мы ня можам сьцьвярджаць дакладна, што ў краіне адбываецца лібэралізацыя. Аднак, тым ня менш, на словах пэрыяд адлігі яшчэ працягваецца. Таму застаецца надзея, хоць і невялікая, што нешта зьменіцца ў лепшы бок. Ва ўладаў ёсьць яшчэ час паказаць сваё імненьнне да лібэралізацыі і пайсьці на канкрэтныя крокі ў дадзеным пытаньні.

Нягледзячы на тое, што лібэралізацыйныя зьмены адбываюцца толькі на ўзроўні рыторыкі, а ў рэчаіснасьці нічога няма, ўсё адно варта спрабаваць?  

Сяргей Мацкевіч: Варта спрабаваць. Пару гадоў таму, скажам, у нас і такіх магчымасьцяў не было. Зараз, можа быць, крыху больш увагі да палітычнай сытуацыі ў Беларусі зьявілася з боку замежных краінаў. Такая акалічнасьць прымушае ўлады дзейнічаць куды больш абачліва ў дачыненьні да структураў трэцяга сэктару. Мяркую, незалежнаму грамадзтву варта спрабаваць карыстацца кожнай нагодай для стварэньня лепшых умоваў дзейнасьці. Грамадзкія арганізацыі ня могуць сядзець у кустах і чакаць пакуль сытуацыя зьменіцца сама па сабе.

Крымінальная адказнасьць за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі – гэта інавацыя беларускіх уладаў? Ці ў сьвеце яшчэ дзе-небудзь выкарыстоўваюцца падобныя заканадаўчыя абмежаваньні грамадзянскага актывізму?

Сяргей Мацкевіч: Ведаеце, хоць часта ў рэпрэсіўных практыках Беларусь наперадзе плянеты ўсёй, але ў гэтым пытаньні мы не наватары. Аднак, трэба заўважыць, што кампанія краінаў, дзе існуюць падобныя абмежаваньні свабодаў грамадзянаў, мяне асабіста не прываблівае. Да прыкладу, гэта такія краіны, як Іран, Туркмэністан... Усе яны досыць адыёзныя. Як бачым, кампанія ў нас зусім ня добрая.

Ці можна так сказаць, што існаваньне артыкула 193-1 КК псуе і без таго сумнеўны імідж рэжыму? На Вашую думку, ці можа ўлада палепшыць своё вобраз праз скасаваньне дадзенага артыкулу.

Сяргей Мацкевіч: Канешне, існаваньне артыкулу 193-1 КК псуе імідж беларускага рэжыму. Але гэта не адзіная чорная пляміна на рэпутацыі ўладаў. Акрамя гэтага, існуюць і іншыя моманты, з-за якіх паўстае нэгатыўны вобраз нашай краіны. Сярод іх – пытаньне палітвязьняў, нерасьсьледаваныя справы зьніклых, артыкулы Крымінальнага кодэксу, якія выкарыстоўваюцца для перасьледу журналістаў, прымусовы прызыў у войска апазыцыйнай моладзі, выбары, што на працягу 15 год не адпавядаюць эўрапейскім стандаратам... Сюды можна дадаць дагэтуль не адмененае сьмяротнае пакараньне. Усё гэта разам узятае і складае чорныя пляміны на рэпутацыі беларускіх уладаў.

Думаю, любое скасаваньне, ці вырашэньне хаця б адной з дадзеных праблемаў ужо будзе сьведчыць пра паляпшэньне сытуацыі. Праўда, пакуль у нас няма інфармацыі, што на заканаўчым узроўні нешта зьмянілася. Таму можна сказаць: сыстэмных зьменаў не адбываецца. Нават з вырашэньнем праблемы сьмяротнага пакараньня ўлады не сьпяшаюцца, хаця ўвесьці мараторый можна даволі хутка.

Якія ўплывовыя структуры падтрымалі вашую ініцыятыву? Вядома, што аўтарытэтная ірляндзкая праваабарончая арганізацыя Front Line падтрымала кампанію “Стоп 193.1”...

Сяргей Мацкевіч: Адразу хачу заўважыць, што на дадзены момант доўжыцца этап збору тых арганізацыяў, якія нас падтрымліваюць. Гэта тыя аб’яднаньні, што далучыліся да нашай ініцыятывы ў Беларусі, а таксама замежныя структуры, якія дапамагаюць нам у барацьбе і выказваюць маральую падтрымку. Вельмі важна, што замежныя партнэры могуць уплываць на парлямэнты сваіх краінаў, каб там гучала інфармацыя пра наяўнасьць у Беларусі артыкулу Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае адказнасьць за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

Апроч ірляндзкай праваабарончай арганізацыі Front Line, да акцыі “Стоп 193.1” далучылася і швэдзкая арганізацыі Ostgruppen, і болей за 30 арганізацыяў з Міжнароднай сеткі Дамоў правоў чалавека, і некалькі дзясяткаў беларускіх НДА. Наступнай хваляй кампаніі будуць публічныя выказваньні аб дзейнасьці без рэгістрацыі. Зараз мы зьбіраем сьмелых людзей, якія гатовыя заявіць, што яны працуюць незарэгістравана.

Разам з тым, Асамблея НДА не зьбіраецца абмяжоўвацца зборам калектыўных і індывідуальных заяваў аб прыналежнасьці да незарэгістраванай арганізацыі. У межах кампаніі мы плянуем выпускі разнастайных інфармацыйных матэрыялаў, правядзеньне конкурса на лепшы сцэнар да мультыплікацыйнага фільма, які б высьмейваў артыкул 193-1 КК. Яшчэ будзем турбаваць дзяржаўныя інстытуцыі і пракуратуру тэматычнымі зваротамі. Дойдзе таксама і да акцыяў прамога дзеяньня і пэрформансаў. Усе гэтыя разнастайныя формы грамадзянскага ціску на ўлады будуць ажыцьцяўляцца да моманту скасаваньня “расстрэльнага артыкула” 193-1 КК.

Нагадаю, сама кампанія стартавала ў пачатку чэрвеня. У межах акцыі быў распаўсюджаны зварот, у якім мы заклікалі няўрадавыя арганізацыі Беларусі  і асацыяцыі розных краінаў далучыцца да кампаніі праз апеляцыі да беларускіх уладаў з патрабаваньнем скасаваць ганебны артыкул. Таксама да кампаніі можна далучыцца праз інфармаваньне ўрадаў сваіх краінаў аб сытуацыі са свабодай асацыяцыяў у Беларусі.

Ці можна так сказаць, што міжнародная праваабарончая супольнасьць дастаткова інфармаваная пра сытуацыю наяўнасьці ў Беларусі артыкулу 193-1?

Сяргей Мацкевіч: Праваабаронцы дакладна ведаюць. Мы ж рассылаем інфармацыю па сетцы да арганізацыяў, якія камунікуюць з рознымі беларускімі аб’яднаньнямі. Першымі, натуральна, рэагуюць правабарончыя арганізацыі, таму што існаваньне падобнага артыкулу – гэта парушэньне базавых правоў чалавека. То бок, сфэра дзейнасьці праабарончых арганізацыяў. Таму праваабаронцы самымі першымі і далучыліся да кампаніі. Але і іншыя арганізацыі таксама выказваюць занепакоенасьць. Вось, напрыклад, у чэрвені прадстаўнікі Асамблеі НДА прысутнічалі на пасяджэньні ПАРЭ ў Страсбургу. Зразумела, мы скарысталіся гэтай выдатнай магчымасьцю агучыць сваю пазыцыю па праблеме існаваньняў Беларусі артыкулу 193-1 КК. Спэцдакладчык па Беларусі Андрэа Рыгоні (ПАРЭ) таксама казаў пра сытуацыю ў нашай краіне. Увогуле, калі прадстаўнікі няўрадавых арганізацыяў і міжнародных структураў згадваюць Беларусь, то абавязкова ўсплывае артыкул 193-1. Замежнікі добра разумеюць тое, што дадзены артыкул служыць запалохваньнем грамадзкіх актывістаў і людзей у Беларусі, якія ўвогуле хочуць займацца грамадзкай дзейнасьцю.

Наколькі сур’ёзна тэма перасьледу за дзейнасьць ад імя незарэгістраваных арганізацыяў у Беларусі гучыць на міжнародных форумах і пасяджэньнях?

Сяргей Мацкевіч: Гэтая тэма пастаянна прысутнічае ў Маніторынгу выкананьня ўладамі Беларусі прапановаў эўрапейскіх структураў у сфэры нармалізацыі стану няўрадавых арганізацыяў і свабоды асацыяцыяў. У прыватнасьці, там адзначаецца, што наяўнасьць артыкулу 193-1 разам са складанымі працэсамі рэгістрацыі і нематываванымі адмовамі ў рэгістрацыі ствараюць такую атмасфэру, што любыя ініцыятывы могуць разглядацца як крымінальныя дзеяньні. Таксама тэма перасьледу за дзейнасьць ад імя незарэгістраваных арганізацыяў у Беларусі гучала ў Пастанове Эўрапарлямэнта па Беларусі, у Савеце Эўропы, а таксама падчас сустрэчы з кіраўніком прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Беларусі Жанам-Эрыкам Хольцапфэлем.

Зазначу, што падчас сустрэчаў з высокімі эўрачыноўнікамі і прадстаўнікамі міжнародных НДА мы пастаянна ўздымаем пытаньне існаваньня артыкулу 193-1 і знаходзім разуменьне. Больш за тое, прадстаўнікі розных міжнародных структураў нагадваюць пра праблему перасьледу за дзейнасьць ад імя незарэгістраваных арганізацыяў непасрэдна беларускім уладам. Гэта сьведчыць, што і афіцыйны Менск выдатна інфармаваны пра пазыцыю беларускіх НДА і нашых эўрапейскіх калегаў адносна  артыкулу 193-1 КК.

Юлія Сівец і Мікола Бянько, “Наше мнение”

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international