Як скарыстаць Грунвальдскую бітву на карысць сучаcнай Беларусі

2009 2009-07-16T14:35:44+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/grunvald_a.jpg

Амбсадар Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас прапанаваў сумесна адсвяткаваць у 2010 годзе 600-ю гадавіну Грунвальдскай бітвы. Эксперты “Заўтра тваёй краіны” адзначаюць, што гэта сталася б неблагой нагодай паяднаць былым вайсковым гонарам суседнія народы, а для беларусаў – нацыянальным святам, на якім, да таго ж, можна было б і грошы зарабіць.

Па меркаванні дырэктара фонду “Краіна замкаў” Аляксандра Варыкіша, прапанову, якая прагучала на цырымоніі адкрыцця выставы "Літва: гісторыя і культура ", прысвечанай 1000-годдзю Літвы, можна толькі вітаць.

-- Па-першае, 600-годдзе Грунвальдскай бітвы – вялікае свята беларусаў, літоўцаў і палякаў. Нашыя продкі разам змагаліся падчас Грунвальдскай бітвы, якая вызначыла ход гісторыі. У гонар тых падзей разам мы маглі б зладзіць грандыёзныя ўрачыстасці ў 2010 годзе, -- лічыць Аляксандр Варыкіш.

Знакаміты беларускі гісторык, прафесар Анатоль Грыцкевіч называе такую прапанову аб’ядноўваючай, але нагадвае, што значную частку войска падчас гэтай бітвы складалі беларускія харугвы, большасць з якіх мелі на сваіх сцягах “Пагоню”.

-- Амаль усе палкі былі з Беларусі, бо на той момант значная частка цяперашняй тэрыторыі Літвы была занятая крыжакамі – войскамі Тэўтонскага ордэна. Вайну з літоўскага боку па-сучаснаму можна было б называць партызанскай. Але дзяржава, якая перамагла крыжакоў, называлася Вялікім княствам Літоўскім.

Аднак святкаванне юбілею мае пад сабой пэўную акалічнасць праблем: дзе і як будзе праходзіць свята, хто возьме на сябе вырашэнне арганізатарскіх пытанняў.

У Анатоля Грыцкевіча не ўзнікае сумневу, што свята трэба ладзіць там, дзе і адбылася Грундвальдская бітва (цяпер гэта тэрыторыя Польшчы).

-- Але папярэдне трэба было б арганізаваць серыю публікацый артыкулаў беларускіх, літоўскіх і польскіх навукоўцаў, выступы па тэлебачанні дыпламатаў і дзяржаўных дзеячаў, -- лічыць гісторык, падкрэсліваючы, што дзяржаўныя ўлады сённяшняй Беларусі даволі абыякава ставяцца да мінуўшчыны краіны, вядучы адлік гераічным падзеям ад 3-га ліпеня 1944 года.

Нягледзячы на тое, што Грунвальдская бітва вызначыла лёс Беларусі на некалькі стагоддзяў наперад, доўгі час гэтая яскравая гістарычная падзея не мела дастойнага месца ў падручніках гісторыі.

-- Але зараз некалькі гадзін у курсе гісторыі Беларусі адведзеныя на вывучэнне Грунвальдскай бітвы ў школах і ў ВНУ, -- адзначае доктар гістарычных навук Юрый Бохан.

На думку экспертаў “Заўтра тваёй краіны”, Беларусь, якая ўжо колькі гадоў як абвясціла прыярытэт унутранага і ўязнога турызму, магла б няблага зарабіць на гэтым свяце.

-- Можна было б згуляць на так званым “падзейным турызме, -- упэўнены Аляксандр Варыкіш. -- Падчас святкавання запланаваць шэраг акцый, напрыклад, Грунвальд-фэст, святы гарадоў. Турысты з задавальненнем ехалі б да нас, асабліва з Расіі. Для іх Грунвальд-2010 стаўся б незвычайнай атракцыяй.

Даведка “Заўтра тваёй краіны”

15 ліпеня 1410 года войска Вялікага княства Літоўскага і войска польскае сустрэліся з арміяй Тэўтонскага ордэна пад тагачасным прускім мястэчкам Грунвальд. У жорсткай сечы галоўныя сілы Ордэна былі разбітыя ўшчэнт.

Перамога пад Грунвальдам мела велізарнае палітычнае значэнне. Паводле ўмоваў падпісанага з крыжакамі ў 1411 годзе Тарунскага міру, Ордэн павінен быў вызваліць усе захопленыя землі. Была спыненая 200-гадовая агрэсія нямецкіх рыцараў на Усход. Разгромлены Ордэн ужо не змог аднавіць сваёй магтунасці і знік як самастойная дзяржава. Суадносіны сілаў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе змяніліся на карысць славянскіх дзяржаў.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international