Леанід Сьвецік: “Я не маньяк, а праваабаронца!”

2009 2009-07-09T16:25:35+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/mw203_s.jpg
Фота \"Радыё Свабода\"

Фота \"Радыё Свабода\"

Віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік выступіў у абласным судзе з апошняй прамовай, чарговы раз назваўшы высунутыя супраць яго абвінавачаньні ў распальваньні міжнацыянальнай і рэлігійнай варожасьці беспадстаўнымі.

Крымінальную справу, распачатую віцебскай абласной управай КДБ, і судовы перасьлед спадар Сьвецік лічыць помстай за сваю праваабарончую дзейнасьць. На ягоную думку, дзяржаўны абвінаваўца, прадстаўнік пракуратуры Сяргей Селіханаў падчас судовага працэсу знарок маніпуляваў фактамі, каб прадставіць аргумэнты сьледзтва бясспрэчнымі, зьняважыць гонар падсуднага перад грамадзкасьцю і дыскрэдытаваць увесь праваабарончы рух:

“Пракурор практычна прызнаў мяне маньякам, які зводзіць асабістыя рахункі з грамадзянамі, дасылаючы ім лісты ад імя РНЕ. З 2006 па 2008 год было атрымана 15 такіх лістоў, але большую палову з тых, хто іх атрымаў, я проста ня ведаў і нават ня быў знаёмы, так што гэта — лухта і абсурд”.

У апошнім слове Леанід Сьвецік спрабаваў абвергнуць абвінавачаньні ня толькі асабістага пляну. Пракурор падчас судовых спрэчак неаднаразова падкрэсьліваў, што праваабаронца нібыта знарок займаўся распальваньнем варожасьці паміж прадстаўнікамі розных нацый, каб прасіць за гэта ў замежнікаў нейкія гранты. Але спадар Сьвецік зноў і зноў нагадваў суду: ні міліцыя, ні пракуратура да 2008 году не зьвяртала ўвагі на тое, што аўтары допісаў ад імя віцебскай філіі “Русского Национального Единства” зьневажаюць нацыянальныя пачуцьці габрэяў, рускіх, беларусаў. Аўтараў лістоў проста адмаўляліся шукаць, спасылаючыся на тое, што арганізацыя РНЕ не зарэгістраваная. І толькі 20 траўня 2008 году абласная ўправа КДБ завяла крымінальную справу, у якой праваабаронца Сьвецік спачатку быў сьведкам, потым — адзіным падазраваным, і ўрэшце — адзіным абвінавачаным.

Паслухаць апошнюю прамову праваабаронцы, якой завяршылася 14-е пасяджэньне суду, распачатага 10-га чэрвеня, прыйшлі некалькі дзясяткаў ягоных сяброў і аднадумцаў. Сябар КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў, які атрымаў ліст ад РНЕ ў 2007 годзе і праходзіць у справе Сьвеціка як пацярпелы, кажа, што судовы працэс над праваабаронцам меў выразную палітычную афарбоўку.

“Суд не пераканаў мяне, і ня толькі мяне, у вінаватасьці Сьвеціка. Вінаватыя так і засталіся ня знойдзенымі. Гэта суд палітычны, заказны. І ў апошняй прамове Леаніда Сьвеціка быў згаданы шэраг фактаў, якія сьведчаць пра тое, што гэта ўсё справа ўладаў і іхных карных структур”.

Апазыцыянэры Барыс Хамайда, Ян Таўпыга і Ян Дзяржаўцаў, пацярпелыя ў справе “лістоў ад РНЕ”, у напісаньні і распаўсюдзе якіх вінавацяць Леаніда Сьвеціка, схільныя лічыць, што ўсё гэта — адмысловы праект спэцслужбаў. І скіраваны ён на тое, каб пасварыць паміж сабой грамадзкія этнічныя і палітычныя структуры. Таму апазыцыйныя актывісты падчас суду чатыры разы заяўлялі адводы судзьдзі Галіне Ўрбановіч: на іхную думку, яна вяла працэс неаб’ектыўна, увесь час схіляючыся на бок абвінавачаньня.

Але гэтыя адводы прынятыя не былі, і цяпер 16-га ліпеня судзьдзя Галіна Ўрбановіч мае вынесьці вырак Леаніду Сьвеціку. Нагадаем, што пракурор Сяргей Селіханаў запатрабаваў, каб праваабаронцу прысудзілі два гады зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму і канфіскавалі на карысьць дзяржавы ягоную аргтэхніку — тую, што была забраная ў якасьці рэчавых доказаў падчас ператрусу 14 месяцаў таму.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international