Агляд-хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, чэрвень 2009 году

2009 2009-07-07T18:12:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У чэрвені ў Беларусі прайшлі суды па палітычна матываваных крымінальных справах, сярод якіх фігуравалі  моладзевыя актывісты, раней асуджаныя па вядомым “працэсе 14-ці”, а таксама праваабаронца Леанід Сьвецік. Непаўнагадовы Максім Дашук пакараны абмежаваньнем волі без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на адзін год і тры месяцы. Нягледзячы на прыняты закон аб амністыі, яна была ўжытая толькі да аднаго фігуранта “працэсу 14-ці” лідэра “Маладых дэмакратаў” Міхася Пашкевіча. Пакараным удзельнікам леташняй прадпрымальніцкай акцыі пратэсту Алесю Стральцову і Алесю Чарнышову суд зьмяніў умовы адбыцьця пакараньня з абмежаваньня волі на папраўчыя работы, у выніку чаго тэрмін пакараньня, які заставаўся (год, два месяцы і 15 дзён) вырас у два разы, бо адзін дзень абмежаваньня волі роўны двум дням папраўчых работаў.

Упершыню ўлады Беларусі ўзбудзілі крымінальную справу па арт. 193-1 КК супраць прадстаўніка рэлігійнай арганізацыі. 25-гадовы жыхар сталіцы Яўген Волкаў зьяўляецца падазроным па справе за дзейнасьць ад імя незарэгістраванага “Руху яднаньня” (Царква Муна). Праваабаронцы занепакоеныя вяртаньнем уладаў да практыкі выкарыстаньня гэтага артыкулу. 

Міжнародны Фонд па абароне праваабаронцаў Front Line далучыўся да кампаніі "Стоп артыкулу 193.1!", якую праводзіць Асамблея НДА. Заклікаючы далучыцца да кампаніі "Не артыкулу 193.1!", Асамблея сьцвярджае, што: за перыяд з 2005 па 2009 гг. 17 сяброў незарэгістраваных арганізацыяў былі асуджаныя да турэмнага зьняволеньня ці штрафаў па гэтым артыкуле. Front Line лічыць, што артыкул 193.1 неабходна адмяніць, паколькі ён абмяжоўвае дзейнасьць законных, у тым ліку і праваабарончых, арганізацыяў і супярэчыць палажэньням Усеагульнай Дэкларацыі Правоў Чалавека і Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаваным Беларусьсю.

Шведзкая ініцыятыва Östgruppen, якая выступае за разьвіцьцё дэмакратыі і правоў чалавека ва Ўсходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі, асудзіла адмову беларускіх уладаў зарэгістраваць праваабарончы цэнтр “Вясна”. Шведзкія праваабаронцы патрабуюць ад палітычнага кіраўніцтва сваёй краіны і ЕС рэагаваць на гэтую адмову больш энэргічна. Як заявіў старшыня Östgruppen Марцін Угла, “рашэньне беларускіх уладаў — гэта палітычнае рашэньне, яно сьведчыць пра тое, што рэжым ня мае намераў дэмакратызаваць Беларусь”.

Абсерваторыя па Абароне Праваабаронцаў, сумесная праграма Міжнароднай Федэрацыі Правоў Чалавека (FIDH) і Сусветнай Арганізацыі Супраць Катаванняў (OMCT), выступіла з заявай з нагоды адмовы ў рэгістрацыі ГПА “Наша Вясна”. Абсерваторыя заклікае беларускія ўлады спыніць перасьлед праваабарончай арганізацыі і даць магчымасьць яе заснавальнікам бесперашкодна ажыцьцяўляць сваю дзейнасьць у краіне.

Пытаньне пра рэгістрацыю праваабарончай арганізацыі “Наша Вясна” стаіць асобным пунктам у рэзалюцыі ПАРЕ, прынятай 23 чэрвеня ў Страсбургу. Зьвяртаючыся да беларускіх уладаў з перакананьнем, што “дыялогу можна дасягнуць толькі праз няспынны прагрэс Беларусі на шляху да выкананьня стандартаў Рады Еўропы”, Парламенцкая асамблея Рады Еўропы заклікала ў тым ліку і да “прадастаўленьня рэгістрацыі праваабарончай арганізацыі “Наша Вясна”. Праваабаронцы А. Бяляцкі, В. Стэфановіч і У. Лабковіч выступілі з адкрытай заявай, што працуюць і будуць надалей працаваць ад імя незарэгістраванага ўладамі ПЦ “Вясна”.

22 чэрвеня ў Менску з афіцыйным візытам прыехала  камісар па замежных сувязях і Еўрапейскай палітыцы добрасуседзтва Бэніта Фэрэра-Вальднэр. Пасьля афіцыйных перамоваў еўракамісар выступіла з публічным зваротам да беларускай грамадзкасьці, у якім зазначыла, што Еўрасаюз і Еўракамісія чакаюць ад Беларусі выкананьня галоўных умоваў. Гэта – сумесная  праца з Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) у справе зьмяненьня выбарчага заканадаўства Беларусі; свабода СМІ; свабода сходаў; рэгістрацыя недзяржаўных арганізацыяў і вызваленьне палітзьняволеных.

23 чэрвеня Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы выставіла мараторый на сьмяротнае пакараньне як умову вяртаньня беларускаму парламенту статусу адмыслова запрошанага ў ПАРЭ. У адказ у афіцыйных беларускіх СМІ зьявілася інфармацыя, што судовая сістэма краіны гатовая да ўвядзеньня мараторыю на сьмяротнае пакараньне. Пра гэта заявіў журналістам 25 чэрвеня старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала. «Калі ў Канстытуцыі Беларусі гэты выключны від пакараньня пазначаны як часовы, то гэтая норма непазьбежна пацягне за сабой яе адмену», —  зазначыў В. Сукала. З ягоных словаў, у апошнія гады, сьмяротнае пакараньне ў Беларусі ўжываецца вельмі рэдка, «таму ніякіх перашкод з пункта гледжаньня судовай сістэмы няма». 

Між тым, на фоне падобных заяваў 29 чэрвеня Брэсцкі абласны суд прысудзіў 30-гадовага мужчыну да пакараньня сьмерцю за зьдзяйсьненьне серыі забойстваў. 

  1. Адміністратыўныя затрыманьні і пакараньні грамадзка-палітычных актывістаў

 8 чэрвеня судзьдзя Ваўкавыскага раённага суду Сьвятлана Ланцэвіч пакарала ўдзельнікаў акцыі ў падтрымку Мікалая Аўтуховіча, якая адбылася 16 траўня, штрафамі. Кіраўнік абласной структуры АГП Юры Істомін аштрафаваны на 20 базавых велічыняў, іншыя сябры партыі Зьміцер Бандарчук, Аляксандра Васілевіч, Алег Калінкоў, Міхась Ладушка і Андрэй Ігнацюк, а таксама кіраўнік Грамадзянскага Форуму Павел Драчоў аштрафаваныя на 2 базавыя велічыні кожны. 

 10 чэрвеня Арцёма Дубскага, асуджанага па “працэсу 14-ці”  адміністрацыйная камісія Асіповіцкага райвыканкаму пакарала штрафам у памеры 25 базавых велічыняў (875 тыс. руб.). Маладафронтавец быў затрыманы 10 траўня па абвінавачаньні ў нанясеньні на гарадзкім будынку надпісу “Свабоду Аўтуховічу”.

 10 чэрвеня суд Ленінскага раёну Менску аштрафаваў актывістаў кампаніі “Еўрапейская Беларусь” за акцыю салідарнасьці з Мікалаем Аўтуховічам: Алега Ладуцьку і Максіма Вінярскага на  30 б.в. (1 млн 50 тыс. руб), Паліну Дзьякаву — на 20 б.в. (700 тыс. руб). Акцыя была зладжаная каля будынку адміністрацыі прэзідэнта. Пасьля затрыманьня і складаньня адміністратыўных пратаколаў супрацоўнікі міліцыі даставілі моладзевых актывістаў у суд. Непаўнагадовую Кацярыну Людвік адпусьцілі.

 22 чэрвеня судзьдзя Першамайскага райсуду Віцебску Валянціна Кісьмярошкіна пакарала штрафамі ў 20 б.в. (700 тыс. руб) моладзевых актывістаў Аляксея Пілевіча і Кастуся Іванова. Яны былі затрыманыя 26 красавіка напярэдадні акцыі да ўгодкаў Чарнобыльскай трагедыі. Згодна з міліцэйскімі пратаколамі, А. Пілевіч вінаваты ў тым, што нібыта не паказаў пашпарт на патрабаваньне супрацоўніка міліцыі, а К. Іваноў аказаў фізычны супраціў пры затрыманьні. Між тым, на аператыўных відэаздымках, якія дэманстраваліся падчас працэсу, гэтыя парушэньні ня былі зафіксаваныя. Судзьдзя грунтавалася выключна на паказаньнях сьведак–міліцыянтаў, якія праводзілі затрыманьне.

  1. Парушэньні права на свабоду асацыяцыяў

 4 чэрвеня Вярхоўны суд Беларусі адмовіў у задавальненьні скаргі заснавальнікаў Асамблеі няўрадавых дэмакратычных аб'яднаньняў да Міністэрства юстыцыі на адмову ў рэгістрацыі.  У гэты ж дзень адбылася сумесная прэс-канферэнцыя, у якой прынялі ўдзел старшыня рабочай групы Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч, прадстаўнікі ГПА “Наша Вясна” Алесь Бяляцкі і Валянцін Стэфановіч, а таксама палітолаг Юры Чавусаў. Абвешчана кампанія за адмену арт. 193.1 КК, які прадугледжвае крымінальную адказнасьць за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

 16 чэрвеня заснавальнікі Грамадзкага праваабарончага аб’яднаньня “Наша Вясна” Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч зьвярнуліся ў Вярхоўны суд РБ са скаргай на рашэньне Міністэрства юстыцыі аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі. У сваёй скарзе праваабаронцы адзначаюць, што падставы для нерэгістрацыі “Нашай Вясны” не грунтуюцца на законе, носяць дыскрымінацыйны характар і парушаюць правы  і законныя інтарэсы заснавальнікаў грамадзкага аб’яднаньня.

 4 чэрвеня заснавальнікі праваабарончага грамадзкага аб’яднаньня “Берасьцейская Вясна” даведаліся, што Брэсцкі аблвыканкам у трэці раз адмовіў ім у рэгістрацыі. Галоўнай падставай для адмовы стаў факт адозвы гарантыйнага ліста на прадастаўленьне юрыдычнага адрасу яго ўладальнікам. Насамрэч, уласьніку памяшканьня патэлефанавалі з аблвыканкаму і “параілі” адазваць гарантыйны ліст. Праваабаронца Уладзімір Вялічкін заявіў, што такім чынам улады пазбаўляюць грамадзянаў канстытуцыйнага права на стварэньне асацыяцыяў. 22 чэрвеня з гэтай нагоды была пададзеная скарга ў абласны суд.

 10 чэрвеня кіраўніцтва “Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі” накіравала скаргу ў Вярхоўны Суд на дзеянні Міністэрства юстыцыі падчас працэдуры дзяржаўнай рэгістрацыі БХД. Хрысьціянскія дэмакраты патрабуюць зарэгістраваць партыю. На думку кіраўнікоў БХД, падставы для адмовы ў рэгістрацыі партыі зьяўляюцца незаконнымі, неабгрунтаванымі і не адпавядаюць фактычным абставінам стварэньня партыі. Рашэньне Мінюсту аб адмове ў дзяржрэгістрацыі партыі БХД было прынятае 12 траўня па выніках вывучэньня пададзеных БХД дакументаў, якія, на думку Мінюсту, утрымліваюць недакладныя зьвесткі.

 15 чэрвеня Міністэрства юстыцыі ў чацьвёрты раз адмовілася рэгістраваць Партыю свабоды і прагрэсу на падставе таго, што «пратаколы зьезду ўтрымліваюць супярэчлівыя зьвесткі» (у прыватнасьці, Мін’юст убачыў парушэньні ў вылучэньні дэлегатаў), а таксама «сьпіс заснавальнікаў мае несапраўдныя зьвесткі». 27 чэрвеня на паседжаньні палітрады партыі было прынятае рашэньне абскардзіць нерэгістрацыю ў Вярхоўным судзе. Партыя свабоды і прагрэсу спрабуе зарэгістравацца ад 2003 году. Лідэра ПСП Уладзіміра Навасяда абураюць рэпрэсіўныя меры супраць заснавальнікаў, на якія наважыўся Мінюст. Большасьць з 1011 заснавальнікаў абавязалі адказваць на апытальнік з 9 пунктаў, што супярэчыць заканадаўству. У некаторых выпадках копіі пададзеных дакументаў чыноўнікі Мінюсту накіроўвалі ў райвыканкамы і КДБ, якія ажыцьцяўлялі ціск на заснавальнікаў. 

 25 чэрвеня Галоўнае ўпраўленьне юстыцыі Гарадзенскага аблвыканкаму адмовіла ў дзяржаўнай рэгістрацыі грамадзкаму  культурніцка-асьветніцкаму  аб’яднаньню “Спадчына” з Бярозаўкі на падставе таго, што дакументы на рэгістрацыю нібыта не адпавядаюць дзейнаму заканадаўству. Кіраўнік арганізацыі Сяргей Трафімчык лічыць, што адмова ў рэгістрацыі сьведчыць пра нежаданьне ўладаў бачыць у прававым полі яшчэ адну легальную дэмакратычную арганізацыю. Сябры “Спадчыны” не выключаюць, што пасьля кансультацыў з юрыстамі будуць абскарджваць рашэньне ў судовым парадку.

  1. Палітычна матываваныя крымінальныя справы

 11 чэрвеня лідэр «Маладых дэмакратаў» Міхал Пашкевіч, асуджаны ў красавіку 2008 году да двух гадоў абмежаваньня волі ў межах «працэсу 14-ці», быў азнаёмлены з пастановай пракурора Бярозаўскага раёну, што ў адносінах да яго прымяняецца амністыя. Агулам Пашкевіч вытрымаў амаль дзесяць месяцаў «хатняй хіміі». Ён стаў першым і апошнім фігурантам справы, які быў датэрмінова амніставаны. 

 15 чэрвеня стала вядома, што суд Цэнтральнага раёну сталіцы разгледзеў прапановы супрацоўнікаў міліцыі аб зьмякчэньні ўмоваў адбыцьця пакараньня для фігурантаў “працэсу 14-ці”Алеся Стральцова і Алеся Чарнышова. Суд замяніў абмежаваньне волі на папраўчыя працы, тэрмін якіх, згодна заканадаўству, павялічыўся ў два разы. Акрамя таго, актывісты мусяць сплочваць па 15% заробку дзяржаве.

 15 чэрвеня Маскоўскі райсуд Менску прызнаў фігуранта “працэсу 14-ці” Максіма Дашука вінаватым у парушэньні ўмоваў адбыцьця  пакараньня па арт. 415 КК. Паводле гэтага артыкулу актывісту “Еўрапейскай Беларусі” пагражала зьняволеньне тэрмінам ад шасьці месяцаў да трох гадоў. Прадстаўнік пракуратуры папрасіў ужыць арт. 70 КК, які прадугледжвае вынясеньне пакараньня ніжэй за магчымае, улічыўшы зьмякчаючыя абставіны: сьмерць бацькі і непаўнагадовасьць абвінавачваемага. У выніку судзьдзя Кузняцова вынесла рашэньне прысудзіць М. Дашуку адзін год і тры месяцы абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстановы адкрытага тыпу.

  1. Парушэньні права на свабоду сумленьня

 17 чэрвеня адміністрацыйная камісія Горацкага райвыканкаму пакарала ініцыятара збору подпісаў супраць будаўніцтва атамнай электрастанцыі, верніка незарэгістраванай пратэстанцкай суполкі “Свабода ў Госпаду” Пятра Маланачкіна штрафам у памеры пяці базавых велічыняў (175 тыс. руб). Яго прызналі вінаватым у парушэньні закону аб упарадкаваньні і ўтрыманьні тэрыторыі населенага пункта: усталяваньне без адпаведнага дазволу каля свайго дому стэнду, на якім ён рэгулярна выкладаў літаратуру рэлігійнага зьместу. П. Маланачкін зьбіраецца абскарджваць вырак і заяўляе, што ня будзе сам ліквідоўваць стэнд. Зрабіць гэта яму ў вуснай форме загадала камісія. Пакараньне актывіст і вернік зьвязвае з дзейнасьцю антыядзернай групы ў Горках.

 18 чэрвеня старэйшы следчы па найважнейшых справах пракуратуры Менску Грахоўскі вынес пастанову аб ўзбуджэньні крымінальнай справы па арт. 193.1 КК супраць 25-гадовага жыхара сталіцы Яўгена Волкава. Справа ўзбуджаная па факту дзейнасьці незарэгістраванай рэлігійнай арганізацыі “Рух яднаньня” (вядомай таксама як Царква Муна). 29 чэрвеня сьледчы Грахоўскі адмовіў адвакату ў прысутнасьці на допыце, чым груба парушыў арт. 62 Канстытуцыі, які гарантуе кожнаму грамадзяніну права на юрыдычную абарону.

  1. Перасьлед правабаронцаў

 З 10 чэрвеня ў Віцебску працягваецца судовы працэс над праваабаронцам Леанідам Сьвецікам па абвінавачаньні яго ў датычнасьці да распаўсюду ў горадзе ў 2006-07 гг. лістоў з пагрозамі ад імя “віцебскай філіі “Русского Национального Единства”. Юрыст ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч мяркуе, што крымінальная справа супраць Л. Сьвеціка і гэты судовы працэс ськіраваныя на тое, каб дыскрэдытаваць праваабарончы рух. Віцебскі апазіцыянер Барыс Хамайда, які атрымаў два лісты з пагрозамі ад імя РНЕ і фігуруе ў справе як пацярпелы, заявіў адвод судзьдзі Галіне Ўрбановіч. Ён сказаў, што ня верыць ні ў справядлівасьць прызначаных Аляксандрам Лукашэнкам судзьдзяў, ні ў вінаватасьць Л. Сьвеціка: 

Калі суд усё ж прызнае праваабаронцу вінаватым у распальваньні міжнацыянальнай варожасьці, паводле ч.1 арт. 130 КК яму пагражае да 5 гадоў пазбаўленьня волі.

  1. Звальненьні  і адлічэньні па палітычных матывах

 23 чэрвеня “Гроднасельбудпраект” не працягнула працоўны кантракт з прадстаўніком РПГА Беларускі Хельсінкскі Камітэт па Гарадзенскай вобласьці Раманам Юргелем. Як патлумачылі актывісту, новы кантракт з ім не заключаецца па той прычыне, што ён хварэе бранхіяльнай астмай і не можа выконваць працоўныя абавязкі. Таксама было зазначана, што праваабаронца двойчы быў прыцягнуты адміністрацыйнай адказнасьці за нібыта арганізацыю несанкцыянаваных пікетаў. Менавіта апошняе Р. Юргель лічыць сапраўднай прычынай свайго фактычнага звальненьня з працы.

  1. Парушэньні права на свободу мірных сходаў

 Менгарвыканкам не дазволіў правядзеньне акцыяў у абарону жыцьця, прымеркаваных да 1 чэрвеня – Дня абароны дзяцей. Паводле адказу чыноўнікаў, які атрымаў сустаршыня БХД Аляксей Шэін, 2 чэрвеня ў Парку Дружбы народаў, дзе планавалася правесьці пікет супраць абортаў у Беларусі, будзе праводзіцца добраўпарадкаваньне тэрыторыі. Сакратару БХД Дзянісу Садоўскаму паведамілі, што акцыі ля радзільных дамоў будуць перашкаджаць грамадзкаму парадку. Пікеты з мэтай прыцягненьня ўвагі насельніцтва да праблемы абортаў планаваліся ў межах кампаніі “Моцная сям’я – моцная Беларусь”, якую БХД распачала са студзеня гэтага года.

 25 чэрвеня судзьдзя Цэнтральнага райсуду Гомеля Марына Дамненка пакарала ўдзельнікаў акцыі памяці Юрыя Захаранкі Васіля Папова, Пятра Кузьняцова, Юрася Захаранку і Анатоля Паплаўнага штрафам ў памеры 10 базавых велічыняў. Рэгіянальнага каардынатара руху “За Свабоду” Ўладзіміра Кацору асудзілі да адміністрацыйнага арышту на 3 сутак. Актывістаў АДС абвінавацілі ў парушэньні закону аб масавых мерапрыемствах. Ўладзіміра Кацору арыштавалі адразу пасьля заканчэньня судовага паседжаньня, ён на знак пратэсту абвесьціў галадоўку. Судовае рашэньне будзе абскарджана ў вышэйстаячай інстанцыі.

  1. Парушэньні прынцыпу свободы слова і распаўсюду інфармацыі

 3 чэрвеня адміністрацыйная камісія Чыгуначнага райвыканкаму Віцебску аштрафавала на 3 б.в. (105 тыс. руб) распаўсюдніка незалежнай прэсы Барыса Хамайду. Ён быў затрыманы 7 траўня, як патлумачылі супрацоўнікі правахоўных органаў, сп. Хамайда нібыта псуе зьнешні выгляд цэнтральнай часткі гораду.

 26 чэрвеня  Астравецкі суд пакараў штрафам у 20 б.в. (700 тыс. руб) Івана Крука. Грамадзкага актывіста, ініцыятара кампаніі “Астравекая атамная – гэта злачынства” абвінавацілі ў распаўсюдзе друкаваных выданьняў без выходных дадзеных. Распаўсюд заключаўся ў тым, што 26 красавіка І. Крук сустрэў на вуліцы суседа-пенсіянера і даў яму некалькі газэт з інфармацыяй пра магчымыя наступствы будаўніцтва АЭС у Беларусі (“Астравецкі весьнік”, “Мірны атам”, “Новы час”, “Глыток паветра”, “Вілейшчына”). Падчас працэсу І. Крук пераконваў суд, што ўсяго толькі даў пачытаць свайму суседу друкаваныя выданьні, а не займаўся распаўсюдам. Аднак суд гэтае тлумачэньне да ўвагі не прыняў. Як зазначыў актывіст, дзеяньні міліцыянтаў парушаюць арт. 33 Канстытуцыі РБ, якая гарантуе свабоду меркаваньняў і іх выражэньня, і арт. 34 пра права грамадзянаў на атрыманьне дакладнай інфармацыі.

 23 чэрвеня на шашы Горадня – Менск міліцыянты затрымалі чатырох гарадзенцаў: намесьніка старшыні апальнага Саюза палякаў на Беларусі (СПБ) Мечыслава Яскевіча, прэс-сакратара Ігара Банцара журналіста газэты “RzeczPospolita” Анджэя Пісальніка і журналіста выданьня “Gazeta Wyborcza” Андрэя Пачобута. У Шчучынскім РАУСе іх пратрымалі тры гадзіны і адпусьцілі, аднак канфіскавалі ў іх газэту “Glos znad Niemna na uchodzstwie” і часопіс “Magazyn Polski”, што выдаюцца СПБ. Па словах міліцыянтаў, затрыманьне зьвязанае з інфармацыяй аб тым, што яны вязуць нібыта антыдзяржаўныя выданьні. Цяпер эксьпертызу газэты і часопіса будзе рабіць аддзел ідэалогіі Шчучынскага райвыканкаму.

  1. Дзейнасьць спецслужбаў і перасьлед грамадзка-палітычных актывістаў

 12 чэрвеня прэс-служба “Маладога Фронту” паведаміла, што распачатая крымінальная справа па факце выкраданьня актывістаў Насты Палажанкі і Дзяніса Карнова напярэдадні акцыі 25 сакавіка, калі невядомыя людзі вывезьлі іх па-за Менск, высадзілі на трасе, а Дз. Карнова зьбілі і абрабавалі. Напачатку пацярпелыя падалі скаргу ў міліцыю, але атрымалі адмоўны адказ. Пасьля гэтага прадстаўнікі грамадзкай супольнасьці  зьвярнуліся да Генеральнага пракурора, а таксама ў шэраг дзяржаўных установаў і замежных прадстаўніцтваў, з патрабаваньнем расьсьледаваць злачынства у дачыненьні да маладафронтаўцаў. Пад лістом падпісалася некалькі дзясяткаў вядомых палітыкаў і дзеячаў культуры.

 16 чэрвеня ў Гомелі падчас несанкцыянаванага ператрусу ў актывіста «Маладога Фронту» Андруся Цянюты канфіскавалі кампутар і літаратуру. Нагадаю, што за ўдзел у акцыі, прысьвечанай Дню роднай мовы, А. Цянюта быў прысуджаны да штрафу, які не мог заплаціць з-за фінансавых праблемаў.Таму на кватэру да моладзевага актывіста прыйшлі судовыя выканаўцы. Пасля таго як Цянюта адмовіўся адчыняць дзьверы, яны выклікалі міліцыю. А затым выклікалі сьледчага. Ён без прад'яўленьня санкцыі пракурора правёў ператрус.

  1.  Умовы ўтрыманьня ў месцах зьняволеньня

2 чэрвеня сьледзтва па справы Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Ўладзіміра Асіпенкі працягнулі яшчэ на месяц. 9 чэрвеня адвакат Павел Сапелка накіраваў у пракуратуру скаргу на дзеяньні сьледчых у справе свайго падабароннага. Пра што дакладна гаворыцца ў скарзе, адвакат паведамляць не мае права, паколькі даваў падпіску аб неразгалошваньні таямніцы сьледзтва. Сустаршыні аргкамітэту арганізацыі “Абаронцы Айчыны” Аляксандр Камароўскі і Алег Волчак 29 чэрвеня паўторна запатрабавалі ад Генпракурора Рыгора Васілевіча зьмяніць меру стрыманьня ваўкавыскім прадпрымальнікам. “Калі ён памрэ, адказваць за гэта будзе пракуратура. Менавіта яна ажыцьцяўляе нагляд за заканадаўствам”, — кажа Алег Волчак. Праваабаронца настойвае на стварэньні незалежнай міжнароднай камісіі, якая правядзе эксьпертызу справы ваўкавыскіх прадпрымальнікаў. Сьледзтва па справе пра наўмысныя падпалы фактычна ўсе гэтыя пяць месяцаў не вялося, а негалосна вялася справа па гранатамёце. На 75 дзень галадоўкі Мікалай Аўтуховіч мае сур’ёзныя праблемы са здароўем.

 26 чэрвеня  зьняволены ў магілёўскай калоніі грамадзянін ЗША Эмануіл Зэльцэр, які трымаў галадоўку ад 8 чэрвеня, прыпыніў яе да канца месяца. Пра гэта паведаміў адкават Зьміцер Гарачка, але адмовіўся каментаваць прычыны такога рашэньня. Э. Зэльцэр пратэставаў супраць дзеяньняў Менскага гарадзкога суду, якія не прадстаўляў адміністрацыі калоніі дакументы, якія неабходныя для разгляду пытаньня аб амністыі. Э. Зэльцэр быў арыштаваны ў сакавіку 2008 году і праз 5 месяцаў асуджаны на 3 гады зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў камэрцыйным шпіянажы і падробцы дакумэнтаў. Асуджаная разам з Зэльцэрам ягоная сакратарка Ўладлена Функ (Брускова), якая атрымала год турмы, у сакавіку 2009 году вышла на волю. 

  1. Сьмяротнае пакараньне

Брэсцкі абласны суд прысудзіў 30-гадовага мужчыну да пакараньня сьмерцю за зьдзяйсьненьне серыі забойстваў. Ягонага 28-гадовага саўдзельніка – да пажыцьцёвага зьняволеньня з адбыцьцём пакараньня ў выпраўленчай калоніі асобага рэжыму.

 У 20-х чыслах чэрвеня трое сутак запар ў Гародні праходзіла акцыя “Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня”. Да гэтай акцыі, ініцыяванай гарадзенскімі праваабаронцамі пазбаўленага рэгістрацыі ПЦ “Вясна” далучыліся моладзевыя актывісты БСДГ, АГП, Маладых Дэмакратаў і Грамадзянскага Форуму.  На працягу трох дзён актывісты раздавалі жыхарам гораду каляндарыкі з надпісамі “Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе, дзе да гэтага часу захоўваецца сьмяротнае пакараньне”, і даводзілі ім інфармацыю пра стан, зьвязаны са сьмяротнай карай ў Еўропе і Беларусі.  

 24 чэрвеня старшыня Камісіі па нацыянальнай бясьпецы Палаты прадстаўнікоў Віктар Гумінскі выказаў меркаваньне, што ў Беларусі могуць адмяніць сьмяротнае пакараньне. Але зробяць гэта не дзеля патрабаваньняў ПАСЕ, а таму што беларусы зьмяніліся з часоў рэферэндуму 1996 году: “ Я думаю, што ў нас высьпее рашэньне аб адмене сьмяротнага пакараньня без усялякіх указак ды падказак”. У Палаце прадстаўнікоў створана група, якая вывучае пытаньне аб адмене сьмяротнага пакараньня і выпрацоўвае адпаведныя прапановы. ПАСЕ пра гэта ведае, сказаў В. Гумінскі. Нагадаем, на паседжанні ПАСЕ 23 чэрвеня дэпутаты прагаласавалі "ЗА" вяртаньне Беларусі статусу сьпецыяльна запрошанай, аднак з умовай увядзеньня мараторыя на сьмяротнае пакараньне.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international