«Белсату» зноў не хапае для рэгістрацыі аднаго дакумента

2009 2009-07-07T12:04:34+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/belsat1.jpg

Міністэрства замежных спраў Беларусі зноў не можа зарэгістраваць у краіне прадстаўніцтва спадарожнікавага тэлеканала «Белсат», спасылаючыся на адсутнасць аднаго дакумента.

 

Пра гэта паведаміла сёння прэс-службе БАЖ дырэктарка тэлеканала Агнешка Рамашэўская.

 

Па яе словах, «Белсат» паўторна звярнуўся ў МЗС па рэгістрацыю каля месяца таму.

 

«Дакументы былі прынятыя, і яшчэ тыдзень таму нам казалі, што іх разглядаюць і што ўсё добра, — распавяла спн. Рамашэўская. — А напрыканцы мінулага тыдня мне прыйшоў ліст з МЗС, што яны не знайшлі „Палажэння аб карэспандэнцкім пункце“, хоць яно было ў тым пакеце дакументаў. Але мы можам паслаць яго яшчэ раз, калі там нешта згубілася».

 

Упершыню «Белсат» падаў у МЗС дакументы на рэгістрацыю прадстаўніцтва тэлеканала як часткі Польскага тэлебачання (TVP) у Беларусі 20 снежня 2008 года.

 

У лютым Міністэрства замежных спраў прыпыніла іх разгляд, спаслаўшыся на тое, што яны аформленыя неналежным чынам. «Разгляд пытання пра адкрыццё ў Рэспубліцы Беларусь карэспандэнцкага пункта тэлеканала „Белсат“ можа быць адноўлена пасля выпраўлення пералічаных заўваг», — гаварылася ў пасланні за подпісам намесніка міністра Валерыя Варанецкага ад 16 лютага.

 

«Пакуль мы бачым адно — працэс зацягваецца. Але гэта можна было прадбачыць», — зазначыла Агнешка Рамашэўская, каментуючы паўторнае паступленне заўваг ад МЗС.

 

Нагадаем, што тэма рэгістрацыі «Белсата» Міністэрствам замежных спраў некалькі разоў згадвалася ў апошняй рэзалюцыі па Беларусі, прынятай Парламенцкай Асамблеяй Рады Еўропы 23 чэрвеня. У прыватнасці, гэта фігуруе як адно з патрабаванняў па забяспячэнні свабоды друку і інфармацыйнага плюралізму.

 

«Я магу толькі спадзявацца, што гэта паўплывае на рашэнне МЗС, але што будзе насамрэч — немагчыма прадказаць», — зазначыла ў гутарцы з прэс-службай БАЖ Агнешка Рамашэўская.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international