9 год таму ў Беларусі знік журналіст Зміцер Завадскі

2009 2009-07-07T10:49:40+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/zavadski_d.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дзмітрый Завадскі

Дзмітрый Завадскі

7 ліпеня 2000 года аператар тэлеканала ОРТ Зміцер Завадскі знік пры нявысветленых акалічнасцях па дарозе ў аэрапорт «Мінск-2». З тых часоў аб лёсе журналіста нічога невядома.

 

Выкраданне Зміцера Завадскага афіцыйна лічыцца раскрытым. Вінаватымі ў ім былі прызнаныя афіцэры спецпадпаддзялення МУС «Алмаз» Валер Ігнатовіч і Максім Малік (прысуджаныя да пажыццёвага зняволення), былы курсант Акадэміі МУС Аляксей Гуз (прысуджаны да 25 год пазбаўлення волі), а таксама раней тройчы судзімы грамадзянін Сяргей Савушкін (прысуджаны да 12 год пазбаўлення волі).

 

Усе прысуды былі вынесеныя судом у закрытым парадку. Ніякіх доказаў дачынення асуджаных да выкрадання Зміцера Завадскага грамадскасці прадстаўлена не было. Ні адзін з іх сваёй віны не прызнаў. Цела зніклага журналіста следствам знойдзенае не было.

 

У вачах грамадскасці абвінавачванне па справе Завадскага і судовы разгляд былі сфабрыкаваныя з мэтай не паднімаць шуму вакол выкрадання. За краты былі адпраўленыя выканаўцы, што сталі непажаданымі, і якія здзяйснялі раней іншыя злачынствы.

 

У 1999-2000 гадах у Беларусі, акрамя Зміцера Завадскага, зніклі першы віцэ-спікер Вярхоўнага савета Беларусі 13 склікання, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктар Ганчар, бізнэсмэн і грамадскі дзеяч Анатоль Красоўскі, экс-кіраўнік МУС, які пасля стаў апазіцыйным палітыкам, Юрый Захаранка.

 

Аб неабходнасці высвятліць лёс зніклых беларускіх апазіцыянераў стала заяўляе міжнародная супольнасць. Патрабаванне раскрыць праўду аб іх знікненні змяшчаецца ў рэзалюцыях Камісіі ААН па правах чалавека, Парламенцкіх асамблей Рады Еўропы і АБСЕ.

 

Шэрагу высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, у прыватнасці экс-міністру ўнутраных спраў Уладзіміру Навумаву, былому сакратару Савета бяспекі Віктару Шэйману, былому кіраўніку МУС Юрыю Сівакову і экс-камандзіру СОБРа Дзмітрыю Паўлічэнку забаронены ўезд у краіны Еўразвяза і ЗША з-за падазронаў у іх дачыненні да выкраданняў апазіцыянераў.

 

Нагадаем, што ў чэрвені гэтага года ў інтэрв'ю расейскай газеце «Завтра» Аляксандр Лукашэнка заявіў, што выкрадзеныя лідэры апазіцыі сапраўды забітыя. Толькі не па ягоным загадзе, а, нібыта, «на камерцыйнай глебе».

 

«Загінулі тры чалавекі, а СМІ круцяць гэта дагэтуль. Лукашэнка іх забіў як супернікаў рэжыму. На самой справе, у двух выпадках — гэта забойства на камерцыйнай глебе, — абяцалі купіць, прадаць, не стрымалі абяцанне і былі забітыя, як гэта водзіцца ў паўбандыцкім асяроддзі. След забойцаў нядаўна выяўлены ў Германіі. Або Зміцер Завадскі з Першага канала. Які ён мне супернік, чалавек з сярэдняй адукацыяй.

 

Чаму я павінен быў яго знішчыць? Вы хочаце ведаць аб гэтым праўду? Была ваенізаваная група ў Беларусі, узначаленая нейкім Ігнатовічам, вельмі падрыхтаваныя рабяты са спецназу СССР. Яны паехалі ў Чачню падчас вайны і ваявалі на баку Масквы. Яны лазалі па скалах, сядзелі ў засадах, наводзілі страх на сепаратыстаў. Гэта была вельмі моцная, апорная група. Паваявалі і вярнуліся дадому. Прыязджаюць да іх Шарамет і Завадскі здымаць сюжэт для расейскага тэлебачання. У гэтым сюжэце было сказана, што вось гэтыя беларускія грамадзяне ваююць на баку чачэнскіх сепаратыстаў супраць федэральных войскаў. Узялі інтэрв'ю ў гэтага Ігнатовіча, а потым сказалі, што ён ваяваў супраць рускіх. Шарамет выкруціўся, а Завадскага злавілі. Пачалі з мужчынскіх разборак: "Навошта жа ты нас абгаварыў"? І забілі Завадскага. Ігнатовіч атрымаў пажыццёвае зняволенне і знаходзіцца ў нашай калоніі. Загінуў аператар, а гэты правакатар Шарамет сядзіць у Маскве і піша ўсякія гадасці аб Беларусі», - заявіў Лукашэнка.

 

Варта адзначыць, што ў гэтым інтэрв'ю Лукашэнка назваў Валера Ігнатовіча і яго банду «вельмі падрыхтаванымі рабятамі са спецназа СССР». На самой справе Ігнатовіч з'яўляўся афіцэрам спецпадпаддзялення «Алмаз» пры беларускім МУС. У групу Ігнатовіча таксама ўваходзіла яшчэ некалькі дзеючых і былых супрацоўнікаў «Алмаза» і іншых беларускіх спецпадпаддзяленняў.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international