Арцёма Дубскага будуць судзіць 7 ліпеня
Асіповіцкі суд вызначыўся з датай судовага паседжаньня ў справе актывіста “Маладога фронту” Арцёма Дубскага. Яго абвінавачваюць у парушэньні правілаў адбыцьця пакараньня.
Нагадаем: Арцёма Дубскага пакаралі ў “справе 14-ці” двума гадамі абмежаваньня волі. У часе адбыцьця пакараньня супраць яго распачалі новую крымінальную справу за карыстаньне чужой сім-карткай і нанясеньні матэрыяльных стратаў уладальніку карткі.
Арцём зьехаў ва Ўкраіну і быў затрыманы сёлета 13 лютага на беларуска-ўкраінскай мяжы, калі ехаў у Менск, каб узяць удзел у сьвяткаваньні дня сьвятога Валянціна.
Хлопца трымалі спачатку ў Бабруйскім СІЗА, а потым да суду адпусьцілі пад падпіску пра нявыезд.
У “справе 14-ці” за парушэньне правілаў адбыцьця пакараньня судзілі непаўналетняга Максіма Дашука. У выніку хлопец будзе адбываць пакараньне на дзень большае, чым было прызначана раней.
![Кніга Наша Вясна. Гісторыя ў асобах [PDF, 57.05 Mb]](http://static.spring96.org/banner/za_prava_na_vybar.jpg)
![Кніга Наша Вясна. Гісторыя ў асобах [PDF, 57.05 Mb]](http://static.spring96.org/banner/nasha_viasna.png)















