БАЖ зладзіў «круглы стол» па праблемах будаўніцтва АЭС

2009 2009-06-22T12:06:45+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/kampanija_baj.jpg

Мэта журналістаў – звярнуць увагу міжнароднай супольнасці на выкананне Орхускай канвенцыі. Пра гэта ішла гаворка падчас паседжання «круглага стала» на тэму «Беларуская АЭС: рызыкі і перспектывы», які ладзіўся ў межах кампаніі БАЖ «Журналісты за экалагічны дабрабыт».

 

Да ўдзелу ў дыскусіі былі запрошаныя эксперты ў галіне атамнай энергетыкі і экалогіі, а таксама журналісты. Удзельнікі сустрэчы паспрабавалі тэарэтычна даследаваць пытанне будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Беларусі.

 

З боку прыхільнікаў будаўніцтва АЭС на «круглым стале» выступіў доктар эканамічных навук, галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, загадчык сектарам паліўна-энергетычных праблем Леанід Падалка.

 

Супраць неабходнасці такога будаўніцтва выступілі прафесар, доктар тэхнічных навук, дзейны сябра (акадэмік) Міжнароднай акадэміі экалогіі Георгій Лепін, кандыдат тэхнічных навук, старшыня праўлення Беларускага аддзялення Міжнароднай акадэміі экалогіі, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай акадэміі экалогіі Яўген Шырокаў, эколаг і журналіст Валер Дранчук і грамадскі актывіст з Астраўца Іван Крук.

 

Зазначалася, што танная атамная электрычнасць – гэта міф. І нават у Францыі, якую заўсёды прыводзяць у якасці прыкладу беларускія ўлады, атамная энергетыка – сфера датацыйная. А ў беларускім бюджэце такіх грошай няма і ў бліжэйшы час не будзе. Таму, як высветлілася, большасць прысутных экспертаў не бачаць магчымасці рэалізацыі праекту будаўніцтва АЭС на Беларусі ў бліжэйшы час. Перш за ўсё з эканамічных прычын.

 

На думку удзельнікаў «круглага стала», на сёння праблема палягае хутчэй не ў небяспецы той ці іншай тэхналогіі будаўніцтва атамнай электрастанцыі, не ў недахопе адмыслоўцаў у гэтай галіне, і нават не ў недахопе сродкаў, а, як зазначыў Валер Дранчук, у «парушэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і падпісанай нашай краінай міжнароднай Орхускай Канвенцыі».

 

«Журналісты павінны апеляваць да так званага “нулявога варыянту”, — адзначыў Валер Дранчук. – Абмяркоўваць сёння тэхналогіі – антыканстытуцыйная справа, бо існуе Орхуская канвенцыя, якая гарантуе грамадскасці ўдзел у абмеркаванні неабходнасці будаўніцтва АЭС. Гэтага сёння не робіцца, і мы павінны апеляваць да міжнароднай супольнасці».

 

Ідэя апеляваць да Сакратарыята Орхускай канвенцыі прысутным журналістам спадабалася. Бо, як паказвае практыка дачынення з уладамі, без умяшальніцтва міжнароднай супольнасці ў праблему будаўніцтва АЭС на тэрыторыі Беларусі, яна так і застанецца невырашальнай.

 

У планах кампаніі БАЖ «Журналісты за экалагічны дабрабыт» зладзіць два прэс-туры: ў памежныя з зонай адсялення пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС рэгіёны Гомельшчыны, а таксама ў Астравецкі раён, дзе ўлады хочуць збудаваць новую АЭС.

 

«Гэта быў бадай што першы сур’ёзны крок у праграме нашай кампаніі “Журналісты за экалагічны дабрабыт”. На маю думку, сённяшняя сустрэча была карысная і нам, арганізатарам кампаніі, і тым журналістам, якія спрабуюць разабрацца ў праблеме будаўніцтва АЭС у Беларусі», — адзначыла па вынікаў дыскусіі актывістка кампаніі, удзельніца праграмы «Маладыя лідэры БАЖ» Таццяна Бублікава (Гомель).

 

Нагадаем:

 

Медыякампанія «Журналісты за экалагічны дабрабыт» стартавала вясной 2009 года. Яе ініцыятарамі выступілі актывісты моладзевай суполкі ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» «Маладыя лідэры БАЖ».

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international