Валянцін Стэфановіч: Справу Івана Крука трэба давесці да Камітэта па правах чалавека ААН

2009 2009-06-22T16:33:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/valiancin_stefanovich.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч

Матэрыялы па справе Івана Крука, сябра грамадскай ініцыятывы «Астравецкая атамная — гэта злачынства», накіраваныя ў суд Астравецкага раёна. Грамадскага актывіста вінавацяць у распаўсюдзе выданняў без належнага ўказання выходных дадзеных.

 

Як распавёў сп. Крук, 26 красавіка ў Астраўцы ён даў жыхару суседняга дома па экзэмпляры некалькіх незалежных выданняў («Астравецкі веснік» № 1, 2, «Мірны атам», «Глоток воздуха» и «Новы час») з публікацыямі пра наступствы пабудовы АЭС. Пасля гэтага да мужчыны падыйшлі супрацоўнікі міліцыі і забралі усе газеты, акрамя “Новага часу”.

 

З гэтае нагоды Івана Крука выклікалі ў Міністэрства інфармацыі, дзе на яго быў складзены пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні за распаўсюд ім бюлетэняў у г. Астравец. Начальнік прававога упраўлення Міністэрства інфармацыі Лілія Богдан палічыла, што Іван Крук парушыў арт. 22 Закона "Пра сродкі масавай інфармацыі", а таксама патрабаванні Міждзяржаўнага стандарту ДАСТа 7.5-95 у частцы ўказання выходных звестак. У прыватнасці, гаворыцца ў пратаколе, у выданнях не ўказаныя заснавальнік, рэдактар, адрас рэдакцыі. Грамадскі актывіст будзе прыцягнуты да адказнасці ў судовым парадку.

 

Са словаў сп. Крука, зараз усе дзеянні мінінфармацыі, міліцыі і КДБ скіраваныя на тое, каб блакаваць магчымы распаўсюд альтэрнатыўнай інфармацыі пра наступствы будаўніцтва АЭС.

 

- Уладам выгадна, каб людзі не атрымлівалі такой інфармацыі, бо недасведчанымі людзьмі прасцей кіраваць. А грамадзяне сапраўды хочуць ведаць праўду. Як толькі пайшла інфармацыя з незалежных крыніцаў, яны пачалі запытвацца, цікавіцца і абурацца, што не маюць магчымасці атрымліваць такія звесткі, - кажа Іван Крук.

 

Грамадскі актывіст не лічыць свае дзеянні супрацьзаконнымі і мае намер дамагчыся праўды:

 

- Дзеянні міліцыі і КДБ парушаюць артыкулы 33 і 34 Канстытуцыі Рэпублікі Беларусь. Бо людзі маюць права на атрыманне інфармацыі, а іх пазбаўляюць такой магчымасці. Таму ў гэтай справе я гатовы дайсці да міжнародных установаў.

 

Як заявіў прадстаўнік ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч, праваабаронцы гатовыя дапамагчы Івану Круку ў справе адстойвання сваіх справоў.

 

- Мы разглядаем гэтую сітуацыю як парушэнне правоў сп. Крука і парушэнне арт.19 Пакта пра грамадзянскія і палітычныя правы, паколькі гэты Пакт гарантуе права свабодна распаўсюджваць і атрымліваць любую інфармацыю. І, паводле Пакта, гэтае права можа быць абмежаванае законам толькі ў мэтах абароны правоў і рэпутацыі іншых асобаў, аховы дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя і маральнасці насельніцтва. У дадзеным выпадку Іван Крук робіць грамадска карысную справу. Ён інфармуе грамадзянаў пра праблему будаўніцтва АЭС, якая закранае іх непасрэдныя інтарэсы, - адзначае праваабаронца.

 

Абмежаванне права Івана Крука на распаўсюд інфармацыі такога кшталту праваабаронцы лічаць неабгрунтаваным.

- Гэта абсалютна неабгрунтаванае абмежаванне законнага права. На маю думку, у дадзенай сітуацыі трэба давесці гэтую справу да Камітэта па правах чалавека ААН. І мы гатовыя дапамагчы сп.Круку падрыхтаваць індывідуальны зварот аб парушэнні ягоных правоў, - заявіў Валянцін Стэфановіч.

 

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international