З-за галадоўкі Зэльцэр мусіў адмовіцца ад лекаў

2009 2009-06-16T17:08:29+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/zeltser-190.jpg

У Менскім сьледчым ізалятары працягвае галадоўку прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч, які пратэстуе супроць крымінальнага перасьледу. Працягваецца і галадоўка пратэсту амэрыканскага грамадзяніна Эмануіла Зэльцэра. Як пачуваюцца вязьні?

15 чэрвеня Эмануіла Зэльцэра наведаў адвакат Зьміцер Гарачка. Адвакат паведаміў пра стан здароўя свайго падабароннага: “Пакуль яшчэ добра. Маю на ўвазе тое, што рэзкага пагаршэньня ягонага стану ў сувязі з хранічнымі хваробамі няма. А галадоўку ён працягвае”.

Таксама адвакат Гарачка паведаміў, што з-за галадоўкі Эмануіл Зэльцэр мусіў адмовіцца ад ужываньня некаторых лекаў, якія яму неабходныя ў сувязі з хранічнымі захворваньнямі: “Стала немагчыма прымаць некаторыя лекі, бо іх нельга прымаць на галодны страўнік. Прыкладам, ён прымаў ібуклін, але мусіў адмовіцца”.

Эмануіл Зэльцэр пачаў галадоўку 9 чэрвеня, пратэстуючы супроць дзеяньняў, якія, як ён лічыць, блякуюць ужываньне адносна яго амністыі. Маецца на ўвазе тое, што ўжо больш як 3 тыдні зь Менскага гарадзкога суду не дасылаюць даведку, безь якой турэмная камісія фармальна ня мае права разглядаць пытаньне пра амністыю Зэльцэра. Адвакат Зьміцер Гарачка паскардзіўся на дзеяньні менскіх судзьдзяў у Вярхоўны суд і пракуратуру. “Адказу на скаргі пакуль няма”, — паведаміў Зьміцер Гарачка.

Урад ЗША заклікае беларускія ўлады вызваліць Эмануіла Зэльцэра на гуманітарных падставах. Паводле брата вязьня Марка Зэльцара, які жыве ў Нью-Ёрку, паміж прадстаўнікамі адміністрацыі ЗША і беларускіх уладаў працягваюцца перамовы адносна вызваленьня Зэльцэра. Марк Зэльцэр кажа, што ў кангрэсе ЗША падрыхтаваны законапраект аб узаемаадносінах з замежнымі краінамі. Марк Зэльцэр ускладае на гэты дакумэнт пэўныя надзеі: “У кангрэсе ЗША камітэт міжнародных адносін уключыў пытаньне Эмануіла ў законапраект аб далейшых адносінах зь Беларусьсю. Звычайна, калі камітэт уключыў нешта, то кангрэс за гэта галасуе. Гэта тычыцца і фінансаў, крэдытаў, і ўсяго такога. Калі будзе закон, то гэтага нічога ня будзе. Паводле зьвестак, недзе праз пару тыдняў гэты закон будзе галасавацца. Мяркую, беларускія ўлады пра гэта ведаюць”.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства