Барыс Хамайда: “Не веру ў вінаватасць праваабаронцы Леаніда Свеціка!”

2009 2009-06-11T16:51:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/hamajda2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Барыс Хамайда. фота svaboda.org

Барыс Хамайда. фота svaboda.org

Сёньня ў Віцебскім абласным судзе працягваецца крымінальная справа па абвінавачванні праваабаронцы Леаніда Свеціка ў распальваньні расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасці.

Не любяць у тутэйшым краі тых, хто бароніць правы чалавека. Так было заўсёды, так адбываецца і зараз. Улады, выкарыстоўваючы свой адміністратыўны апарат, намагаюцца давесьці грамадству, што праваабаронцы – правапарушальнікі, называюць іх “пятай калонай”, паказваюць па дзяржаўным тэлебачаньні “выкрывальніцкія” блакбастэры, пераследуюць з дапамогаю падатковых інспекцыяў, мытнага камітэту,  памежнікаў ды іншых дзяржаўных інстытуцыяў. Стаўленне дзяржавы да праваабаронцаў найбольш яскрава апошнім часам выявілася ў шматлікіх адмовах у рэгістрацыі праваабарончых арганізацыяў.

Зараз у фокусе беларускай і міжнароднай грамадскасці знаходзіцца крымінальная справа віцебскага праваабаронцы Леаніда Свеціка, якога вінавацяць  ў распальванні расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасці (арт.130 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь). Варта нагадаць, што супрацоўнікі мясцовага КДБ спрабавалі абвінаваціць яго яшчэ й  у паклёпе ў адносінах да прэзідэнта Беларусі, аднак, паразважаўшы, адмовіліся ад першапачатковай задумкі, каб занадта не прыцягваць увагу да гэтай справы з боку міжнароднай супольнасці.  Што ж паслужыла прычынаю для пераследу праваабаронцы?

У 2006 і 2007 гадах Леанід Свецік аказваў праўную дапамогу віцебскім актывістам, якія атрымлівалі лісты з пагрозамі ад Віцебскай філіі рускай неанацысцкай арганізацыі «Русское Национальное Единство» (РНЕ). Такія лісты, у прыватнасці атрымалі рэдактар газэты “Витебский курьер” і бюлетэня “Курьер из Витебска” Уладзімір Базан, былая старшыня абласной арганізацыі АГП Алена Залеская, вядомы віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда, а таксама  некалькі актывістаў з КХП БНФ.

Леанід Свецік разам з мясцовымі актывістамі неаднаразова патрабавалі ўзбуджэння крымінальнай справы па факце з’яўлення лістоў з пагрозамі, выступаў на гэтую тэму ў друку, аднак на працягу двух гадоў і міліцыя, і ўпраўленьне Камітэта дзяржбясьпекі па Віцебскай вобласці адмаўляліся заводзіць крымінальныя справы, аргументуючы сваю пазіцыю тым, што РНЕ — незарэгістраваная грамадская арганізацыя.

Нарэшце УКДБ па Віцебскай вобласці 20 траўня 2008 года прымае рашэнне ўзбудзіць крымінальную справу па арт. 130.1 КК (распальванне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасці), а Леаніда Свеціка, разам з іншымі заяўнікамі, абвясцілі сведкам.

23 траўня 2008 года ў кватэры Леаніда Свеціка быў зроблены ператрус, які працягваўся 9 гадзінаў. У пастанове на ператрус, выдадзенай Віцебскай абласной пракуратурай, было адзначана, што спадара Свеціка лічаць сведкам у крымінальнай справе. Пад час ператрусу былі канфіскваны кампутар, іншая аргтэхніка, шматлікія друкаваныя выданні праваабарончага зместу. У той жа дзень праваабаронцу дапыталі.

Літаральна праз тыдзень Л.Свецік даведаўся, што яго лічаць падазраваным па справе распаўсюду лістоў з пагрозамі. Напрыканцы верасня 2008 года крымінальная справа супраць праваабаронцы было прыпыненая, а 31 сакавіка 2009 года нечакана Л.Свеціку было прад'яўленае абвінавачванне адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: распальванне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасці (арт.130 Крымінальнага кодэксу) і паклёп у дачыненні да прэзідэнта Беларусі (арт. 367 Крымінальнага кодэксу). У праваабаронцы была ўзятая падпіска аб невыяздзе.  Да прызначэння даты судовага паседжаньня – 10 чэрвеня 2009 г.– Л.Свецік паспеў азнаёміцца з 11-цю тамамі крымінальнай справы. Праваабаронца па-ранейшаму цьвердзіць, што не мае дачынення да гэтых лістоў, а ініцыянаваную супраць яго абласным упраўленьнем КДБ крымінальную справу лічыць пераследам за сваю праваабарончую дзейнасць.

За Леаніда Свеціка заступіліся аўтарытэтныя міжнародныя арганізацыі, У прыватнасці, Міжнародная фундацыя па абароне праваабаронцаў Front Line 8 красавіка накіравала ліст да прэзідэнта Беларусі ў сувязі з крымінальным пераследам праваабаронцы, у якім, між іншага, адзначана: ”Front Line лічыць, што судовыя дзеянні супраць сп. Свеціка неабгрунтаваныя і звязаныя з яго легальнай і мірнай праваабарончай дзейнасцю. Front Line заклікае беларускія ўлады: неадкладна зняць абвінавачванні з праваабаронцы Леаніда Свеціка; гарантаваць фізічную і псіхалагічную цэласнасць; забяспечыць усім праваабаронцам Беларусі, якія праводзяць законную працу па абароне правоў чалавека, права на свабоду выказвання і аб’яднання, а таксама свабодную дзейнасць без абмежаванняў і пераследу, уключаючы судовы пераслед.”

9 красавіка была распаўсюджаная сумесная заява Фундацыі Дамоў Правоў Чалавека і Нарвежскага Хельсінскага Камітэту наконт пераследу праваабаронцы. Тэкст гэтага дакумента быў дасланы таксама: у КДБ Беларусі, у Міністэрства ўнутраных спраў,  у Генеральную Пракуратуру Рэспублікі Беларусь і  пракуратуру Віцебска і Віцебскага раёну.

У заяве адзначана, што “Свецік міжнародна прызнаны ў якасьці вядучага праваабаронцы ў Віцебскай вобласці. Ён удзельнічаў у падрыхтоўцы пяці скаргаў адносна парушэнняў правоў грамадзян беларускімі ўладамі. Усе пяць былі прынятыя да разгляду Камітэтам па правах чалавека ў Жэневе.

Фундацыя Правоў Чалавека і Нарвежскі Хельсінскі Камітэт шкадуюць, што працягваючаеся расследаванне справы абмяжоўвае правы Леаніда Свеціка на праваабарончую дзейнасць і дапамогу ахвярам парушэнняў правоў чалавека. У гэтых адносінах беларускія ўлады павінны прытрымлівацца параграфа 8 Рэзалюцыі Парламенцкай Асамблеі АБСЕ аб узмацненні стасункаў АБСЕ з Праваабаронцамі і Нацыянальнымі Праваабарончымі Інстытутамі, што азначае, што краіны-удзельніцы АБСЕ прызнаюць “неабходнасць асаблівай увагі, дапамогі і абароны для праваабаронцаў”.

Вядомы юрыст з незарэгістраванага праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч таксма выказвае сумненні ў дачыненьні Л.Свеціка да распаўсюду лістоў ад імя РНЕ: “Леанід Свецік сам сваю віну не прызнае і прызнаваць яе не зьбіраецца. А ўсе доказы следства адносна таго, што ён нібыта сам распаўсюджваў лісты з пагрозамі ад імя  РНЕ, грунтуюцца выключна на экспертызах, ніякіх сведкаў фактычна няма. А вось пытанне у тым, наколькі мы можам давяраць экспертызам, якія праводзіць установа пры Міністэрстве унутраных спраў – застаецца. Увогуле незразумела, як можна вінаваціць чалавека, які напрацягу шмат гадоў звяртаўся ў органы пракуратуры з патрабаваннем даць прававую ацэнку факту рассылкі лістоў з пагрозамі. Становіцца зусім  незразумелы сэнс падобных дзеянняў”.

А што думаюць на гэты конт тыя, чые інтарэсы абараняў праваабаронца і хто будзе выступаць сьведкам на судзе. Актывіст Барыс Хамайда, які добра знаёмы з Леанідам Свецікам з 2006 года, напрыклад, лічыць, што “праваабаронца аніяк не мог быць аўтарам гэтых улётак, таму адкажу  на прад’яўленае абвінавачванне словамі Станіслаўскага “Ня веру!”.

Мне падаецца, гэта чарговая спроба дыскрэдытацыі праваабарончага руху, прычым добра прадуманая.  У той час, калі яўрэйская грамадскасьць Віцебску патрабавала знайсці вандалаў, што нішчылі помнікі на могілках, а заадно і аўтараў неафашысцкіх улётак, у якіх адмаўляўся халакост ды распачаць следства аб пагрозах з боку РНЕ, улада дэманстратыўна адмахвалася. А вось Леанід Свецік аказваў практычную дапамогу у складанні заяў у міліцыю і пракуратуру. Увогуле, у мяне склалася ўражанне, што гэтая справа “шытая белымі ніткамі”.

І таму, каб больш зразумець жыццёвае крэда праваабаронцы, ягоную пазіцыю ў дачыньнені “прадмету” судовага абвінавачваньня, я задаў Леаніду Свеціку некалькі пытаньняў.

– Спадар Леанід, ці можаце Вы прыгадаць, што  паўплывала на Вашае рашэнне ўсур’ёз  заняцца правамі чалавека?

 – Разуменне таго, што ў кожнага чалавека ёсць неад’емныя ўласныя правы. Але каб гэтыя правы не засталіся абстрактнымі,  іх заўсёды патрэбна абараняць.

 – Вы шмат каму дапамагалі адстойваць правы, парушаныя  дзяржаўнымі інстытутамі, абаранялі грамадзян ад сумнеўных абвінавачванняў у судах. Ці трэба для гэтага дадатковая падрыхтоўка, альбо нейкія спецыфічныя веды?

 – Несумненна. Для эфектыўнай прававой дапамогі неабходныя і веды, і практычны вопыт ў галіне права. Але, на мой погляд, не меней важна, каб у чалавека, які займаецца праваабарончай дзейнасцю была найперш прававая свядомасць. Ну і зразумела, каб быць эфектыўным праваабаронцам неабходна пастаянна займацца самаадукацыяй, прымаць удзел у адукацыйных праграмах.

 – Вы неаднаразова падавалі скаргі ў Камітэт па правах чалавека ААН, і, здаецца, выйгралі ўсе. Раскажыце больш падрабязна пра першую сваю справу.

 – У 1999 годзе я быў аштрафаваны судом за заклікі да грамадзян нашай краіны няўдзельнічаць у выбарах, калі яны палічаць, што выбары праходзяць з парушэннем дэмакратычных працэдураў. Гэтае меркаванне было надрукаванае ў газеце “Народная Воля”.

Паколькі я быў упэўнены, што меў права публічна выказваць сваё меркаванне, для абароны сваіх грамадзянскіх правоў я звярнуўся ў Камітэт па правах чалавека ААН. Пасьля пяцігадовага разбіральніцтва Камітэт па правах чалавека прыйшоў да высновы, што мае правы былі сапраўды парушаны з боку дзяржавы. Пры гэтым дзяржава павінна была вярнуць мне суму выплачанага штрафу і ліквідаваць умовы, якія сталі прычынай парушэння правоў чалавека. Аднак да сённяшняга часу рашэнне Камітэта беларуская дзяржава не выканала, спасылаючыся пры гэтым на рэкамендацыйны характар рашэнняў гэтага аўтарытэтнага міжнароднага праваабарончага органа.

  ­– У Віцебску, ды яшчэ ў некаторых гарадах Беларусі, напрыклад, у Наваполацку, Баранавічах, Гомелі, не першы год заўважаныя спробы актывізацыі элементаў, якія прылічваюць сябе да гэтак званага РНЕ. Наколькі гэта сур’ёзная з’ява для Беларусі? Адкуль карані іх ўзнікнення?

 – У любым грамадстве  заўсёды знойдзецца частка людзей, якім падабаецца прафашысцкая ідэалогія. Ва ўсходнія рэгіёны Беларусі гэтая ідэалогія прасочваецца з Расіі. Час ад часу на сценах будынкаў, у падземных пераходах, на слупах з’яўляюцца фашысцкія сімвалы або ўлёткі. Аднак гэтая ідэалогія не атрымала шырокага распаўсюджвання сярод беларусаў і, спадзяюся, наўрад ці знойдзе ў будучым.

  – Не сакрэт, што звароты ў міліцыю грамадзян на пагрозы з боку РНЕ, альбо на выкарыстанне фашысцкай сімволікі, часта застаюцца без адказу. Гэтак было неаднаразова і ў Віцебску, а вось нядаўна пракуратура Наваполацка адмовіла ва ўзбуджэньні справы па заяве праваабаронцы Зміцера Салаўёва на распаўсюд у горадзе фашыстоўскай сімволікі. Ці сведчыць гэта пра тое, што ўлады не прыдаюць гэтай праблеме належнай увагі?

 ­– На мой погляд, улады добра ведаюць тых, хто займаецца падобнымі справамі. Аднак паколькі гэтыя людзі  не ўяўляюць пагрозы для дзеючай улады, дык яна проста прыкрывае вочы на падобныя з’явы. І пакуль з боку праваахоўных органаў не будуць прымацца энергічныя меры па выкараненні фашысцкіх праяваў, то камунальныя службы будуць і надалей сарамліва замазваць  прафашысцкую сімволіку ў беларускіх гарадах.

 – Яшчэ раней, напрыканцы траўня 2008 года, калі ў дачыненні да Вас была ўзбуджаная крымінальная справа па 130 артыкулу Крымінальнага кодэксу, з адмысловымі заявамі выступілі міжнародныя арганізацыі - Фундацыя Дамоў Правоў Чалавека і  Aбсерваторыі па Абароне Праваабаронцаў. Ці лічыце Вы, што салідарная пазіцыя міжнародных праваабарончых арганізацыі і грамадзянскай супольнасці тут, у Беларусі, здольныя ўплываць на пазіцыю улады ў дачыненні да праваабаронцаў?

-- На жаль, у цяперашні час, беларускія ўлады практычна не прыслухоўваюцца да голасу праваабаронцаў, нават міжнародных. Усё вырашае палітычная мэтазгоднасць. А салідарнасць з боку праваабарончых арганізацыяў і грамадзянскай супольнасьці дапамагае ахвярам рэпрэсій перажыць цяжкія часы.

 – У інтэрвію для “Радыё Свабода” Вы неяк заявілі, што “толькі ў адкрытым судовым працэсе можна даказаць сваю невінаватасць”. Ці мяркуеце, што суд можа мець закрыты характар?

 – Напрыклад, у артыкуле , які змясціла газета “Советская Белоруссия” наўмысна быў замоўчаны той факт, што мяне вінавацілі яшчэ й па частцы 2 артыкула 367  Крымінальнага Кодэксу РБ — у паклёпе на прэзыдэнта краіны. Таму складваецца ўражанне, што выкарыстанне гэтага абсурднага абвінавачвання мела на мэце зрабіць судовы працэс цалкам закрытым для грамадскасці, у першую чаргу для журналістаў ды прадстаўнікоў праваабарончых арганізацыяў. Аднак, відаць, гэты абсурд зразумелі і следчыя і таму “паклёпу” ня будзе.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international