Валянцін Стэфановіч: “Гэты суд — спроба дыскрэдытаваць праваабарончы рух”

2009 2009-06-11T10:44:36+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/stefanovich3.jpg
фота svaboda.org

фота svaboda.org

Першы дзень судовага працэсу над праваабаронцам Леанідам Сьвецікам пачаўся з таго, што з залі суду мусілі выйсьці незалежныя журналісты, якія пісалі пра зьяўленьне ў Віцебску ў 2006-07 гг. лістоў з пагрозамі ад імя “віцебскай філіі “Русского Национального Единства”, у датычнасьці да напісаньня й распаўсюду якіх вінавацяць Сьвеціка.

 

Колькі месяцаў таму журналістаў дапыталі ў якасьці сьведак у абласной управе КДБ, і судзьдзя Галіна Ўрбановіч вырашыла, што ў суд іх таксама паклічуць толькі ў гэтай якасьці. Журналіст Вадзім Баршчэўскі заявіў пратэст з гэтае нагоды, бо такім чынам суд абмяжоўвае правы на прафэсійную дзейнасьць. Але на рашэньне суду гэта не паўплывала.

 

З тае самае прычыны з залі мусіў выйсьці і віцебскі прадстаўнік БХК Павал Левінаў, і сябар Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ Сяргей Каваленка. Ён таксама атрымаў у свой час ліст з пагрозамі, аднак пацярпелым сябе не прызнаў, а сёньня, выходзячы з судовай залі, узьняў плякат са словамі “КДБ — фашысты”.

 

Прысутны на судзе прадстаўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі сказаў з гэтае нагоды:

 

 “Гэта сьмелы ўчынак, і даволі сымбалічна, што гэты плякат быў узьняты ў залі суду, дзе разглядаецца справа супраць праваабаронцы, ініцыяваная КДБ. Падобныя працэсы сотнямі і тысячамі праводзіліся ў савецкія часы супраць праваабаронцаў”.

 

Юрыст цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч мяркуе, што крымінальная справа супраць Леаніда Сьвеціка і гэты судовы працэс скіраваныя на тое, каб дыскрэдытаваць праваабарончы рух:

 

 “Для праваабаронцы няма горшага абвінавачаньня, як абвінавачаньне ў распальваньні міжнацыянальнай варожасьці, у расізьме ці нечым падобным. Таму я мяркую, што гэтая справа скіраваная на дыскрэдытацыю, і не зьдзіўлюся, калі на беларускім тэлебачаньні гэта будзе выкарыстана напоўніцу”.

 

Спадар Стэфановіч згадаў, як па дзяржаўных тэлеканалах ганілі праваабарончы цэнтар “Вясна”, і зьвярнуў увагу на тое, што, відаць, невыпадкова пачатак судовага працэсу над Леанідам Сьвецікам здымала група БТ.

 

Віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда, які атрымаў два лісты з пагрозамі ад імя РНЕ і фігуруе ў справе як пацярпелы, заявіў адвод судзьдзі Галіне Ўрбановіч. Ён сказаў, што ня верыць ні ў справядлівасьць прызначаных Аляксандрам Лукашэнкам судзьдзяў, ні ў вінаватасьць Леаніда Сьвеціка:

 

“Ня веру, што гэта рабіў Сьвецік. У мяне такое ўражаньне, што яго „прызначылі“ быць падсудным у гэтай справе. Паглядзім, як справа будзе разгортвацца ў судзе. 11 тамоў справы — гэта ж трэба было накапаць столькі!”

 

Судзьдзя Урбановіч адводу не прыняла, і 11 чэрвеня ў прысутнасьці прадстаўніка абласной пракуратуры Сяргея Селіванава працэс будзе працягнуты. Падсудны праваабаронца сваёй віны па-ранейшаму катэгарычна не прызнае.

 

Гэтую пазыцыю падтрымлівае адвакат Павал Сапелка:

 

“Нашая пазыцыя, што Сьвецік падлягае апраўданьню. Але пра пэрспэктывы гаварыць яшчэ рана — судовы працэс толькі пачаўся”.

 

Калі суд усё ж прызнае праваабаронцу вінаватым у распальваньні міжнацыянальнай варожасьці, паводле артыкула 130 часткі 1 Крымінальнага кодэксу яму пагражае да 5 гадоў пазбаўленьня волі.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international