Суд у справе Івана Шылы адбыўся безь яго

2009 2009-06-04T18:20:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/shyla01.jpg

Салігорскі суд разгледзеў пазоў маладафронтаўца Івана Шылы да вайскоўцаў. Іван намагаецца, каб суд прызнаў дзеяньні вайскоўцаў і мэдыкаў падчас гвалтоўнага вайсковага прызыву незаконнымі. Камандаваньне часткі пад Лепелем, дзе служыць маладафронтавец, не адпусьціла Івана на суд. Нягледзячы на хадайніцтва бацькі і адваката хлопца, суд палічыў магчымым разглядаць пазоў без Івана.

 

Судзьдзя салігорскага суду Сяргей Самуйлік не задаволіў хадайніцтва Іванавага бацькі Ўладзімера Шылы і адваката Паўла Сапелкі, якія прасілі забясьпечыць прысутнасьць таго, хто накіраваў заяву ў суд.

 

Другі бок прадстаўляў кіраўнік прызыву салігорскага ваенкамату палкоўнік Мікалай Бародзька. Вайскоўцу задавалі пытаньне, хто прыняў рашэньне забраць Івана ў войска без адпаведнага мэдычнага абсьледаваньня: яму не зрабілі аналізаў, не дасьледавалі сэрца і г.д. Палкоўніка Бародзьку прасілі адказаць на пытаньне, чаму Івану не далі законнай магчымасьці абскардзіць рашэньне вайсковай камісіі.

 

Вайсковец не адказаў на пытаньні, спаслаўшыся на тое, што яму патрэбна для гэтага дадатковая кансультацыя.

 

Тым часам умовы службы ў войску для Івана рэзка пагоршыліся. Хлопец атрымаў 35 нарадаў. Акрамя таго, ён адседзіць 7 сутак на гаўптвахце за карыстаньне мабільным тэлефонам. Іван паведаміў, што камандаваньне пагражала пазбавіць яго звальненьняў на выходныя на ўвесь пэрыяд службы.

 

Бацька Івана Ўладзімер Шыла лічыць, што вынікі суду прадказальныя, бо справа мае палітычны аспэкт.

 

 “Я лічу, што судовае рашэньне прадказальнае. Ужо нават тое, што суд ідзе на найгрубейшае парушэньне — не дае Івану права прысутнічаць на судовым паседжаньні. Гэта сьведчыць пра тое, што хочуць хутчэй паставіць кропку.

 

Відавочна, што Салігорскі ваенкамат не прымаў самастойнага рашэньня. Справа прызыву Івана — гэта справа палітычнага прызыву. Зыходзячы з гэтага, няма спадзеву на станоўчае рашэньне салігорскага суду на нашу карысьць”.

 

Раней у судах намагаліся прызнаць дзеяньні вайскоўцаў незаконнымі лідэр моладзі БНФ Франак Вячорка, ягоны паплечнік Зьміцер Жалезьнічэнка і актывіст “Маладога фронту” Зьміцер Хведарук. Ніводзін суд не задаволіў пазоваў салдат-апазыцыянэраў.

 

Каля дзясятка актывістаў моладзевага дэмакратычнага руху гвалтоўна, некаторыя ў кайданках, трапілі на вайсковую службу падчас зімовага прызыву.

 

Урэшце Салігорскі суд прызнаў дзеяньні вайскоўцаў законнымі.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international