Агляд-хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, травень 2009 году

2009 2009-06-05T22:28:45+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У траўні ў Беларусі адбылося некалькі дэмакратычных акцыяў, якія праходзілі пад пільным вокам супрацоўнікаў праваахоўных органаў, з ужываньнем гвалту з іхняга боку. Так, 7 траўня ў 10 гадавіну з дня зьнікненьня апазіцыйнага палітыка былога міністра унутраных справаў Юрыя Захаранкі ў цэнтры сталіцы грамадзкасьць правяла ланцуг салідарнасьці. Затрыманьні адбыліся перад пачаткам акцыі, а па яе заканчэньні пачалася аблава -  у розных месцах Менску затрымалі каля 30 актывістаў дэмакратычнага руху. Затрыманых заводзілі ў аўтобус, дзе іх абражалі, зьбівалі супрацоўнікі міліцыі. Як выклаў у сваёй скарзе Максім Сергіец, супрацоўнікі праваахоўных органаў прыніжалі яго, пагражалі, адабралі мабільны тэлефон, а пасля білі ў жывот нагамі і рукамі, душылі. Падобныя дзеяньні міліцыянтаў суправаджаліся нецэнзурнай лаянкай. Адзін з міліцыянтаў схапіў актывіста за куртку і разарваў яе. Калі М.Сергійца кінулі на падлогу аўтобуса тварам уніз, адзін з супрацоўнікаў міліцыі прайшоўся па ім нагамі. Астатнія затрыманыя таксама ляжалі тварам уніз і іх таксама білі. Затым усіх даставілі ў Цэнтральнае РУУС, дзе праз некалькі гадзінаў вызвалілі без тлумачэньняў прычыны затрыманьня і складаньня пратаколаў. 7 траўня міліцыянты затрымалі і берасьцейскіх маладафронтаўцаў Міхася Ільіна і Юлю і Касю Пашко, якія ішлі на акцыю ў памяць аб Ю. Захаранку. З пастарунку іх таксама вызвалілі праз некалькі гадзінаў без складаньня пратаколаў. У Гомелі “ланцуг памяці  Ю. Захаранкі” дэмакратычныя актывісты правялі каля будынку абласной міліцыі. У канцы траўня на яго ўдзельнікаў -- старшыню Гомельскай абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіля Палякова,  праваабаронцу Анатоля Паплаўнага, рэгіянальнага каардынатара Руху “За Свабоду” Уладзіміра Кацору, актывістаў Юрася Захаранку і Пятра Кузьняцова былі складзеныя пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэньні. Акрамя таго напярэдадні ўвечары кватэру  У. Кацоры наведалі два міліцыянты і прасілі падпісаць паперу пра тое, што ён папярэджаны аб адказнасьці за магчымае парушэньне законаў. Палітычны дзяяч адмовіўся гэта зрабіць.

14-га траўня “Малады Фронт” праводзіў мірную акцыю пратэсту Марш “За Незалежнасьць!” супраць зьмены дзяржаўных сімвалаў у 1995 годзе пасьля правядзеньня рэферэндуму. У гэты дзень у рэгіёнах адбыліся прэвентыўныя затрыманьні У сталіцы на Кастрычніцкай плошчы супрацоўнікі ПМСП узялі ўдзельнікаў акцыі ў кола, забралі расьцяжку “За Незалежнасьць!”, а таксама бел-чырвона-белыя сьцягі і спрабавалі выціснуць удзельнікаў акцыі з плошчы. Ужsвалася жорсткая фізічная сіла, міліцыянты білі нагамі ўдзельнікаў, нават дзяўчат, якія селі на асфальт на знак пратэсту. 

Значная ўвага ў траўні была ськіраваная на разьвіцьцё падзеяў вакол арыштаваных у лютым былых прадпрымальнікаў з горада Ваўкавыску . Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Ўладзімір Асіпенка знаходзяцца пад сьледзтвам, іх абвінавачваюць у наўмысных падпалах і пашкоджаньні маёмасьці, што яны абвяргаюць. Усе тры маюць праблемы са здароўем. М.Аўтуховіч знаходзіцца ў мэдычным ізалятары, з 16 красавіка ён праводзіць галадоўку пратэсту за кратамі з патрабаваньнем альбо тэрмінова перадаць справу ў суд, альбо зьмяніць усім тром падсьледным у гэтай справе меру стрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе. 4 траўня з ініцыятывы "Маладога Фронту" і былых палітвязьняў распачалася “Галадоўка салідарнасьці”, у якой прынялі ўдзел вядомыя беларускія дэмакратычныя дзеячы прадпрымальнік Алесь Макаеў, моладзевы актывіст Андрэй Кім, экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін, палітыкі Мікола Статкевіч, Лявон Баршчэўскі, Сяргей Скрабец, Міхаіл Марыніч, прадпрымальнік Сяргей Парсюкевіч, моладзевыя актывісты Наста Палажанка, Андрэй Цянюта, Мікола Дземідзенка, Арцём Дубскі, і шмат хто яшчэ далучыўся на працягу правядзеньня акцыі.   М. Аўтуховіч праз адваката дзякаваў за падтрымку і прасіў маладафронтаўцаў спыніць галадоўку, бо “іх здароўе і маладосьць патрэбныя для далейшага змаганьня за дэмакратыю

Восем сябраў АГП з Горадні і Ваўкавыску былі затрыманыя 16 траўня за тое, што арганізавалі насупраць цэнтральнага рынку ў Ваўкавыску ланцуг неабыякавых людзей і трымалі ў руках партрэты М.Аўтуховіча. Іх абвінавацілі ў адміністрацыйным правапарушэньні, суд прызначаны на 8 чэрвеня.

У траўні Беларусь увайшла ў праграму Еўрапейскага Саюзу "Усходняе партнёрства". Як сказаў журналістам кіраўнік камітэту па міжнародных справах Еўрапарламенту Яцэк Сарыюш-Вольскі, Еўразвяз чакае, што Беларусь правядзе рэформу выбарчага заканадаўства, Крымінальнага кодэксу, заканадаўства ў галіне сродкаў масавай інфармацыі, а таксама зьменіць сваё стаўленьне да няўрадавых і рэлігійных арганізацыяў, грамадзянскай супольнасьці і апазіцыі. Па словах Я. Сарыюш-Вольскага, прагрэс у адносінах Еўрапейскага Саюзу і Беларусі будзе залежыць ад прагрэсу ў рэалізацыі гэтых рэформаў.

  1. Адміністратыўныя затрыманьні і пакараньні грамадзка-палітычных актывістаў

7 траўня затрыманьнямі скончыўся канцэрт гурту “Ляпіс Трубіцкой” у магілёўскім клубе “Ліга”. Калі музыкі сталі выконваць кампазіцыю “Freedom Belarus”, моладзь разгарнула бел-чырвона-белыя сьцягі. У залу ўварваліся супрацоўнікі міліцыі і затрымалі Станіслава Сенакосава, Віталя Маркава і Аляксандра Цітова. Актывістаў даставілі ў пастарунак, дзе ўзялі тлумачэньні, аднак копіі пратаколаў апытаньня даваць адмовіліся. Па заканчэньні канцэрту міліцыянты абшуквалі і ненадоўга затрымлівалі маладых людзей, у якіх на вопратцы ды заплечніках была нацыянальная сімволіка.

12 траўня на прасьпекце Незалежнасьці супрацоўнікамі міліцыі былі затрыманыя актывісты “Маладога Фронту” Павал Кур’яновіч і Вікторыя Ладзіс за распаўсюд інфармацыйных ўлётак з заклікам прыйсьці на Марш “За незалежнасьць!” У РУУС Першамайскага раёну, куду даставілі маладафронтаўцаў, на П. Кур’яновіча склалі адміністрацыйны пратакол, а непаўнагадовую В.Ладзіс праз тры гадзіны адпусьцілі без складаньня пратаколу. Да суду актывіст знаходзіўся ў пастарунку. 14 траўня суд Першамайскага раёну Менску аштрафаваў П.Кур’яновіча на 10 базавых велічыняў. Яго прызналі вінаватым у адміністрацыйным правапарушэньні па арт. 23.34 КаАП РБ – “парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў”. 

12 траўня Салігорскі суд пакараў грашовымі штрафамі мясцовых маладафронтаўцаў: Хрысьціна Самойлава – 20 базавых вялічыняў, Глеб Сноркін – 10 б.в., Ільля Нагорны – 15 б. в. (разам 60 б. в. (2 млн. 100 тыс. руб). Судзьдзя Бураўцоў прызнаў актывістаў вінаватымі ў парушэньні арт. 23.34 КаАП за тое, што 5-га траўня яны вышлі на гарадзкую плошчу з расьцяжкай “Школа для ўсіх”. Гэтак яны пратэставалі супраць таго, што іх аднадумца Івана Шылу не дапусьцілі да школьных экзаменаў і прымусова прызвалі ў войска. Непаўнагадовага Ільлю Шылу, які рабіў фотарэпартаж і ў акцыі не ўдзельнічаў, адміністацыйная камісія салігорскага райвыканкаму пакарала пазьней на 50 б.в. (1 млн. 750 тыс. руб.). Разам з тым дзеяньні маладафронтаўцаў далі свой плён: Міністэрства адукацыі прызначыла І.Шыла дату здачы іспыту на 9 чэрвеня, а Міністэрства Абароны ў якасьці выключэньня дало дазвол на звальненьне І.Шыла ў гэты дзень. Нагадаем, што раней Мінабароны адмаўлялася адпусьціць прызыўніка на іспыт.

  1. Парушэньні права на свабоду асацыяцыяў

12 траўня Міністэрства юстыцыі Беларусі адмовіла ў дзяржаўнай рэгістрацыі Партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" (БХД). Рашэньне прынятае па выніках вывучэньня пададзеных БХД дакументаў, якія, сьцвярджае Мінюст, утрымліваюць недакладныя зьвесткі. Шэраг заснавальнікаў партыі не змаглі назваць месца і дату правядзеньня сходаў, на якіх яны нібыта прысутнічалі, колькасьць прысутных на гэтых сходах людзей, а таксама прозьвішчы дэлегатаў, абраных на ўстаноўчы з’езд. Пададзеныя партыяй дакументы ўтрымліваюць таксама іншыя парушэньні, гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні. Нагадаем, што 15 красавіка БХД ужо было адмоўлена ў рэгістрацыі, аднак 17 красавіка рашэньне аб нерэгістрацыі было прыпынена ў сувязі са зваротам у Міністэрства юстыцыі шэрагу заснавальнікаў партыі і атрыманьнем дадатковай інфармацыі, якая ўплывала на рашэньне аб дзяржаўнай рэгістрацыі. Тады ж сустаршыня БХД Павел Севярынец заявіў БелаПАН: ён "не сумняецца ў тым, што ў рэгістрацыі БХД будзе адмоўлена". Паводле ягоных словаў, "улады баяцца легалізацыі структураў партыі, якая працуе з установамі адукацыі, царквой".

У траўні Міністэрства юстыцыі Беларусі адмовіла ў рэгістрацыі грамадзкаму аб’яднаньню “Маладыя сацыял-дэмакраты – Маладая Грамада”. Адмова ў рэгістрацыі абгрунтавана неадпаведнасьцю статута арганізацыі патрабаваньням заканадаўства: у прыватнасьці, статут не акрэсьлівае межы карыстаньня маёмасьцю грамадзкага аб’яднаньня. Таксама ў статуце адсутнічае парадак уліку сябраў і парадак абскарджваньня рашэньняў органаў грамадзкага аб’яднаньня. Нібыта не адпавядаюць патрабаваньням беларускага заканадаўства і мэты дзейнасьці, акрэсьленыя  ў статуце.

21 траўня ў Гарадзенскім абласным судзе адбылося слуханьне справы па скарзе на адмову ў рэгістрацыі Гарадзенскай абласной арганізацыі БНФ. Судзьдзя Гарадзенскага абласнога суду вынесла рашэньне, паводле якога скарга не падлягае задавальненьню і папярэдняе рашэньне аб нерэгістрацыі Гарадзенскай абласной арганізацыі Партыі БНФ застаецца ў сіле. 

28 траўня прадстаўнікі Грамадскага праваабарончага аб’яднаньня “Наша Вясна” атрымалі  рашэньне Міністэрства юстыцыі “Аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі грамадзкага аб’яднаньня”. Праваабаронцы лічаць падставы для адмовы ў рэгістрацыі незаконнымі, а само рашэньне Мінюста палітычна матываваным і дыскрымінацыйным. Яны заявілі, што будуць зьвяртацца ў Вярхоўны суд, нягледзячы на тое, што раней ён двойчы ўжо займаў пазіцыю Мінюста і адмаўляў праваабаронцам у задавальненьні скаргаў: ў 2007 і 2009 гг.

  1. Палітычна матываваныя крымінальныя справы

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала ўдзельнікаў “працэсу 14-ці” вязьнямі сумленьня. Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным лісьце, які міжнародная арганізацыя накіравала на імя генеральнага пракурора Беларусі. Amnesty International упэўненая, што маладыя людзі былі падвергнутыя пакараньню за мірнае ажыцьцяўленьне свайго права на свабоду мірных сходаў і свабоду выказваньня меркаваньняў.  У сваім паведамленьні Amnesty International называе 11 фігурантаў “працэсу 14-ці”, якія на дадзены момант адбываюць пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі. Зараз яны фактычна знаходзяцца пад хатнім арыштам, пад вельмі пільным назіраньнем, і пры самым дробным парушэньні ў любы момант могуць апынуцца за кратамі. Прадстаўнік Amnesty International Нікаля Дакварс (Nicola Duckworth), дырэктар па справах рэгіёнаў Еўропы і Цэнтральнай Азіі, у сваім звароце да генпракурора Беларусі заклікае вызваліць фігурантаў крымінальнай справы ад пакараньня, а таксама правесьці расьследваньне наконт збіцьця Аляксандра Баразенкі афіцэрам міліцыі, што адбылося 23 сакавіка. У сувязі з гэтым фактам, Amnesty International патрабуе ад генпракурора кантраляваць дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі, якія нясуць адказнасьць за кантроль адпаведнасьці умоваў абмежаваньня волі, і гарантаваць, што да пералічаных арганізацыяй 11 чалавек будуць ставіцца справядліва і бесстаронна.

  1. Парушэньні права на свабоду сумленьня

 Судовая цяжба паміж царквой “Новае жыцьцё»  і сталічнымі ўладамі па пытаньні зносу будынка на вул. Кавалёва, 72 цягнецца з 2005 году. У студзені 2009 году Вышэйшы гаспадарчы суд пацьвердзіў законнасьць рашэньня Менгарвыканкаму аб канфіскацыі зямельнага ўчастку з наступным выкупам будынку царквы за 37,5 млн. рублёў. 16 сакавіка Менгарвыканкам пісьмова прапанаваў вернікам абмеркаваць пытаньне будаўніцтва новага будынку на іншым зямельным участку плошчай каля 0,4 гектара, які ў чатыры разы меней за раней вылучаны. 5 траўня вернікі на агульным сходзе аднагалосна прагаласавалі супраць гэтай прапановы, матывуючы сваю пазіцыю шэрагам складанасьцяў як матэрыяльных, так затрымкай з узвядзеньнем новага храму. Між тым, у лісьце ад 14 траўня дырэктар маскоўскага ЖРЭА Менску Зьміцер Шашок прапанаваў царкве да 1 чэрвеня вызваліць займаемы будынак. У сваім пісьмовым адказе кіраўніцтва абшчыны заявіла аб намеры вернікаў застацца ў будынку.

  1. Перасьлед правабаронцаў

 15 траўня абласная пракуратура перадала крымінальную справу, узбуджаную па ч.1 арт. 130 КК РБ супраць віцебскага праваабаронцы Леаніда Сьвеціка, у Віцебскі абласны суд. Пачатак яе разгляду прызначаны на 10 чэрвеня. Працэс будзе весьці судзьдзя Галіна Урбановіч. Нагадаем, што першапачаткова праваабаронца Л. Свецік быў абвінавачаны адразу па двух артыкулах Крымінальнага Кодэксу: распальваньне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасьці (арт.130 КК) і паклёп у адносінах да прэзідэнта Беларусі (арт. 367 КК). Падчас правядзеньня следзтва пракуратура зьняла абвінавачаньне па арт. 367 КК за адсутнасьцю доказаў зьдзяйсьненьня злачынства. У праваабаронцы ўзятая падпіска аб нявыездзе. Сваёй віны Л.Сьвецік не прызнае і лічыць, што такім чынам яму помсьцяць за праваабарончую дзейнасьць. Міжнародная фундацыя па абароне праваабаронцаў Front Line 8 красавіка накіравала ліст да прэзідэнта Беларусі ў сувязі з крымінальным перасьледам праваабаронцы Л.Свеціка.

  1. Звальненьні  і адлічэньні па палітычных матывах

 28 траўня з Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэту адлічылі першакурсніка Пятра Рузава, рэгіянальнага актывіста “Маладога Фронту”. Фармулёўка “парушэньне ўнутранага распарадку” сыходзіла з факту затрыманьня і пакараньня штрафам за нанясеньне маладафронтаўцам графіці "Свабоду Аўтуховічу" на будынак гарадзкога мясакамбінату. Пасьля розгаласу ў сродках масавай інфармацыі на наступны дзень студэнту патэлефанавалі з дэканату і запрасілі на размову. Рэктар С. Хачурка паведаміў, што адклікае заяву аб адлічэньні да наступнага затрыманьня. На думку П.Рузава, адной з прычынаў ягонага аднаўленьня стаўся рэзананс у СМІ: "Рэктар быў незадаволены тым, што гэты выпадак асьвятлялі СМІ, журналісты тэлефанавалі ў дэканат і г.д. Ён сказаў, што я дыскрэдытую і прыніжаю ўніверсітэт. Такая актыўная рэакцыя СМІ мне вельмі дапамагла", – патлумачыў маладафронтавец.

  1. Парушэньні права на свободу мірных сходаў

 25 траўня ў Лідзе за парушэньне вызначанага парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў суд пакараў удзельнікаў антыядзернай акцыі, якая адбылася 25 красавіка. Ганну Бунько, актывістку “Маладога фронту”, судзьдзя аштрафаваў на дзьве базавыя велічыні, а Яўгену Рудому, сябру “Еўрапейскай Беларусі”, вынес папярэджаньне, улічыўшы тое, што ён – навучэнец каледжа. Раней за ўдзел у гэтай жа акцыі быў асуджаны на адныя суткі зьняволеньня Яўген Скрабец.

Брэсцкі гарвыканкам не задаволіў заяўку на правядзеньне пікету, прымеркаванага да дзесятай гадавіны зьнікненьня былога міністра ўнутраных справаў Беларусі Юрыя Захаранкі. Заяўнікам акцыі выступіла абласная арганізацыя АГП. Як паведаміў  яе старшыня Мікалай Коўш, мэта пікетаваньня — прыцягнуць увагу грамадзянаў да фактаў грубага парушэньня ўладамі іх канстытуцыйных правоў і свабодаў, перасьледу палітычных апанентаў рэжыму. Правядзеньне акцыі планавалася на стадыёне "Лакаматыў" – менавіта гэтае месца вызначана гарвыканкамам для правядзеньня масавых мерапрыемстваў, аднак пікетаваньне было забаронена з матывіроўкай, што ў гэты час на стадыёне праходзіць футбольны турнір.

  1. Парушэньні прынцыпу свободы слова і распаўсюду інфармацыі

 6 траўня ў Магілёўскім абласным судзе адбыўся разгляд касацыйнай скаргі рэдактара незалежнай крычаўскай газеты “Вольны горад” Сяргея Няроўнага і заснавальніка гэтага выданьня Ўладзімера Кудраўцава на пастанову Чавускага раённага суду ад 17 лютага. Калегія па грамадзянскіх справах пад старшынствам намесьніка старшыні Магілёўскага абласнога суду Сьвятланы Стальмаховай з ўдзелам судзьдзяў Домніч і Маймусавай падтрымала рашэньне ніжэйстаячай інстанцыі аб незадавальненьні зыску “Вольнага гораду” да дзяржаўнай газэты“Ленинский клич”аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі. Рэдактар недзяржаўнай маланакладнай газеты «Вольны горад» упэўнены, што гэта палітычна матываванае рашэньне і чарговы раз перамагло тэлефоннае права. “Цяпер у “Вольным горадзе” мы падрабязна праінфармуем чытачоў пра ход судовай справы, надрукуем дакументы, выступы, каб людзі самі маглі разабрацца што да чаго”, - пракаментаваў С.Няроўны. Нагадаем, што нагодай для зыску паслужыла серыя фельетонаў, якія ад 2005 году да 2007 году друкаваліся ў газеце Крычаўскага гарвыканкаму «Ленинский клич». Аўтары пасквіляў наўмысна скажалі факты з дзейнасьці апазіцыйных дзеячоў, каб ачарніць іх у вачах простых людзей.

18 траўня пазаштатны карэспандэнт недзяржаўнай газеты «Бобруйский курьер» па заданьні рэдакцыі зьвярнуўся да начальніка аддзелу архітэктуры і горадабудаўніцтва Бабруйскага гарвыканкаму з прозьбай аб сустрэчы. Між тым чыноўнік, які раней ня раз даваў інфармацыю «Бобруйскому курьеру», адмовіўся ад сустрэчы з журналістам, спаслаўшыся на тое, што на адной з нядаўніх нарадаў у гарвыканкаме прагучала каманда не прадастаўляць ніякіх зьвестак «Бобруйскому курьеру». Па ўсіх пытаньнях карэспандэнту выданьня прапанавалі зьвяртацца ў аддзел ідэалагічнай працы.

27 траўня дэмакратычны актывістАлесь Зарэмбюк атрымаў адказ з Мастоўскага гарвыканкаму на сваю заяўку, у якім паведамляецца, што для правядзеньня сустрэчы чытачоў з рэдакцыяй газэты “Наша Ніва” яны не могуць прадставіць памяшканьне. Прычыны не ўказваюцца

29 траўня суд Бярозаўскага раёну Брэсцкай вобласьці вынес вуснае папярэджаньне за «парушэньне грамадзкага парадку падчас правядзеньня масавага мерапрыемства» (ч.1 арт. 23.34 КаАП) карэспандэнту Радыё «Рацыя», праваабаронцы Тамары Шчапёткінай. Яе затрымалі 26 красавіка ў горадзе Бяроза па дарозе з акцыі «Сьвечка памяці», прымеркаванай да гадавіны Чарнобыльскай трагедыі, і склалі адміністрацыйны пратакол. На слуханьнях, што пачаліся 20 траўня, Т.Шчапёткіна даводзіла, што на акцыі  выконвала свае прафесійныя абавязкі, аднак на момант затрыманьня журналісцкае пасьведчаньне было пратэрмінавана. Прадстаўленыя доказы таго, што журналістка сапраўды і на той момант, і цяпер працуе на Радыё «Рацыя», суд да ўвагі не прыняў.

У траўні клецкі актывіст Сяргей Панамароў атрымаў адказ з мясцовай пракуратуры на сваю скаргу, дзе прыводзіў факт затрыманьня журналістак БАЖу за тое, што яны ажыцьцяўлялі відэаздымку ў цэнтры Клецка, і канфіскацыю ў іх апаратуры. Сьледчы пракуратуры сп. Канапацкі ў сваім адказе прызнаў, што супрацоўнікі Клецкага РАУС зьдзейсьнілі шэраг парушэньняў адміністрацыйна-працэсуальнага заканадаўства Беларусі, у сувязі з чым пракурор Клецкага раёну зрабіў прадстаўленьне з патрабаваньнем прыцягнуць вінаватых да дысцыплінарнай адказнасьці.

  1. Дзейнасьць спецслужбаў і перасьлед грамадзка-палітычных актывістаў

 У сярэдзіне траўня на факультэт журналістыкі БДУ, дзе навучаецца актывістка “Маладога Фронту” Надзея Пякарская, прыйшлі супрацоўнікі КДБ. Праз дэканат яна была выкліканая на размову, якая цягнулася каля паўтары гадзіны. “Увесь гэты час супрацоўнікі Камітэту дзяржбясьпекі спрабавалі схіліць мяне да супрацы з імі: прапаноўвалі паведамляць інфармацыю пра дзейнасьць МФ, а ў абмен абяцалі, што дапамогуць мне вырашыць усе праблемы, працаўладкуюць пасьля сканчэньня ўнівэрсітэту і г.д.,” –  распавяла Н.Пякарская. Імя аднаго з наведнікаў – Юры Салаўёў. Гутарку з маладафронтаўкай правёў і дэкан факультэту С.В. Дубовік. Ён атрымаў паведамленьне з міліцыі аб затрыманьні дзяўчыны падчас акцыі 7 траўня і папрасіў тлумачэньняў. Пачуўшы ў адказ, што дзейнасьць па-за вучобай яго ня тычыцца, дэкан папярэдзіў аб наступствах - аб магчымым адлічэньні, калі затрыманьні зноў будуць мець месца.

  1. Умовы ўтрыманьня ў месцах зьняволеньня

Арыштаваны прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч, які з 16 красавіка праводзіць галадоўку пратэсту супраць супраць беззаконьня і свавольля сьледчых органаў, адсутнасьці пракурорскага нагляду за ходам расьследваньня сваёй справы, літаральна на адзін дзень быў пераведзены з санчасткі СІЗА ў  Рэспубліканскую бальніцу МУС, бо знаходзіцца ў досыць цяжкім стане з-за праблемаў з пячонкаю. Па прозьбе зьняволенага праваабаронцы Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч двойчы спрабавалі перадаць яму пітную ваду і двойчы атрымалі адмову. 20 траўня перадачу не прыняла адміністрацыя Рэспубліканскай бальніцы МУС на той падставе, што яны не даводзяцца М.Аўтуховічу сваякамі. 22 траўня ваду не прынялі супрацоўнікі СІЗА №1 г. Менску, паведаміўшы праваабаронцам, што ваду яны не прымаюць увогуле. І толькі 27 траўня з трэцяй спробы ўдалося перадаць некаторыя рэчы для зьняволенага – тэлеантэну, шахматы і батарэйкі. Паводле зьвестак, за час галадоўкі М.Аўтуховіч страціў больш за 15 кілаграмаў.

26 траўня абвінавачаны прадпрымальнік быў дапытаны гарадзенскім сьледчым Віталем Кухарчыкам. Па словах адваката, гаворка была агульнай і ня мела канкрэтыкі, задаваліся пытаньні  пра незаконнае захоўваньне выбуховых рэчываў і агнястрэльнай зброі. Як мяркуе праваабаронца Алег Волчак, магчыма, што гэтае абвінавачаньне будзе далучана да раней выстаўленага. Разам з тым праваабаронца лічыць, што сьледчыя органы ня маюць доказаў віны абвінавачаных. "Калі б яны былі, справу перадалі б у суд, на чым настойваюць самі прадпрымальнікі", — сказаў ён.

Нагадаем, актывісты прадпрымальніцкага руху з Ваўкавыску М.Аўтуховіч, Ю.Лявонаў і У.Асіпенка былі затрыманыя 8 лютага. 18 лютага ім было выстаўлена абвінавачаньне на падставе арт. 218 КК (наўмыснае зьнішчэньне альбо пашкоджаньне маёмасьці).

  1. Распальваньне нацыянальнай і расавай варожасьці

У траўні праваабаронца з Наваполацка Зьміцер Салаўёў накіраваў у гарадзкую пракуратуру ўжо трэцюю скаргу з патрабаваньнем узбудзіць крымінальную справу па фактах хуліганства і распальваньня нацыянальнай варожаьсці ў горадзе. Пакуль жа групоўка неанацыстаў у Наваполацку дзейнічае беспакарана. Паводле праваабаронцы, на сценах наваполацкіх  дамоў перыядычна зьяўляюцца фашыстоўскія сімвалы, заклікі, якія распальваюць нацыянальную варожасьць. Пра гэта ён паведамляў у пракуратуру і ў снежні мінулага году, і два месяцы таму, у сакавіку. У абодвух выпадках мясцовая пракуратура адмовіла  ва ўзбуджэньні справы. У сваёй апошняй скарзе З.Салаўёў прыводзіць новыя факты, што яскрава сьведчаць аб дзейнасьці такой групоўкі і мелі месца зусім нядаўна, калі адбыліся напады на нефармальную моладзь. “Так, 9 мая ўвечары адбыўся напад на Кучарэнка А.Н., у яе адабралі значкі і пагражалі расправай”, - адзначае З.Салаўёў. Ня так даўна перад гэтым  некалькі падлеткаў-скінхэдаў напалі з пагрозамі на дзяўчат, актывістак мясцовай філіі Моладзі БНФ, якія вярталіся з універсітэту праз лесапарк дадому. Дзяўчаты адразу патэлефанавалі ў міліцыю, але дапамогі так і не дачакаліся”. 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international