viasna on patreon

Асамблея плянуе разьвіваць грамадзянскую супольнасьць канцэптуальна

2009 2009-05-29T11:32:41+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Асацыяцыя грамадзкіх аб’яднаньняў Асамблея распрацавала Канцэпцыю разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці Беларусі (далей – Канцэпцыя). Плянуецца, што прыняты дакумэнт створыць аснову “супрацоўніцтва паміж грамадзкім сэктарам і ўладамі”.

Сярод арганізацыяў-суаўтараў Канцэпцыі – Беларускі Хельсінскі Камітэт, праваабарончая арганізацыя “Наша Вясна” і шэраг іншых уплывовых структураў. Паводле задумы распрацоўшчыкаў, Канцэпцыя павінная падказаць уладам шляхі стварэньня спрыяльных умоваў для разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці, ажыўленьня грамадзянскіх ініцыятываў і ўдасканаленьня заканадаўства аб дзейнасьці НДА. Рэалізацыя Канцэпцыі аптымізуе камунікацыю паміж органамі ўлады і аб’яднаньнямі грамадзянаў.

Старшыня Асамблеі Сяргей Мацкевіч спадзяецца, што Канцэпцыя будзе цікавая ня толькі структурам грамадзянскага сэктару. “У тэксьце дадзенай Канцэпцыі сабраныя практычныя рэкамэндацыі па паляпшэньні стасункаў уладаў з грамадзянскай супольнасьцю. Калі наверсе пачнуць успрымаць грамадзянскі сэктар у якасьці раўнапраўнага партнэра, гэта будзе сьведчыць пра сапраўднасьць лібэралізацыйных намераў. Мы хочам, каб нашая ініцыятыва атрымала працяг ва ўладных структурах”, -- заявіў Сяргей Мацкевіч.

З тэкста Канцэпцыі вынікае, што для паляпшэньня умоваў дзейнасьці НДА ўлада павінна пайсьці на наступныя практычныя крокі: “увесьці заяўляльны прынцып рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў, скасаваць забароны на выкарыстаньне прыватных кватэраў ў якасьці юрыдычнага адрасу некамэрцыйных арганізацыяў, распрацаваць адкрытую і празрыстую сыстэму фінансаваньня няўрадавых арганізацыяў зь дзяржаўнага бюджэту і г.д”.

Старшыня БХК Алег Гулак перакананы, што неспрыяльныя ўмовы дзейнасьці НДА не павінны замінаць выпрацоўцы новых рашэньняў: “прапаноўваць правільныя і разумныя рэчы заўжды варта. Канцэпцыя будуецца на ўнівэрсальных дэмакратычных прынцыпах, а гэта ня страціць актуальнасьці ніколі”.

Згодна з задумамі складальнікаў Канцэпцыі, у бліжэйшы час дадзены дакумэнт накіруецца на разгляд прадстаўнікам грамадзянскай супольнасьці і адпраўлены ўладам. Дапрацаваная вэрсія Канцэпцыі будзе прадстаўленая для шырокай дыскусіі ў межах заплянаваных на бягучую восень грамадзкіх слуханьняў.

Варта зазначыць, што падобныя Канцэпцыі разьвіцьця грамадзянскіх сэктараў ўжо распрацаваныя і ўхваленыя ў шэрагах постсавецкіх краінаў, у тым ліку Эстоніі, Казахстане, Украіне.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства