"Чыноўнікі нават не распазнаюць каштоўнасьці"

2009 2009-05-27T13:58:06+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/zamkgara.jpg

26 траўня адбылося паседжаньне Грамадзкай назіральнай камісіі па абароне гісторыка-культурных каштоўнасцяў пры Міністэрстве культуры. Рада была створаная зь ініцыятывы Таварыства аховы помнікаў, на першым паседжаньні старшынём камісіі быў абраны намесьнік старшыні Беларускага фонду культуры Анатоль Бутэвіч, сакратаром Антон Астаповіч, старшыня таварыства аховы помнікаў. Пра вынікі першага паседжаньня камісіі ў праграме "Начная Свабода" распавяла гісторык, доктар урбаністыкі і архітэктуры Ірына Лаўроўская.


Лаўроўская: "Сёньня былі зацьверджаныя мерапрыемствы, якія мы плянуем перадаць у Міністэрства культуры для ўзгадненьня. Усё ж такі камісія створаная пры Міністэрстве культуры, і яны – тая інстанцыя, якая ўзгадняе нашы мерапрыемствы. На маю думку, цяпер былі прапанаваныя важныя рэчы. Першае, гэта маніторынг выкананьня законаў у гістарычных цэнтрах – як ідзе будаўніцтва, што адбываецца з помнікамі. Таксама заплянаваныя супольныя зь Міністэрствам культуры інспэкцыйныя паездкі ў Берасьцейскую і Магілёўскую вобласьці. Мы таксама прапануем сумеснае паседжаньне нашай камісіі і навукова-мэтадычнай рады пры міністэрстве культуры. Тэма паседжаньня – праблемы горадабудаўніцтва і аховы гісторыка-культурнай спадчыны.

Не да кожнага помніка можна дайсьці, але калі ў нейкай вёсачцы стаіць разбураная царква, то дзеці могуць гэта ўсё зафіксаваць.

Таксама заплянаваныя супольныя мерапрыемствы зь Міністэрствам адукацыі для папулярызацыі помнікаў і гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Беларусі. Гэта могуць быць мастацкія конкурсы, фотаконкурсы, каб прыцягнуць як мага болей людзей, асабліва моладзі, падлеткаў, да фіксацыі гісторыка-культурнай спадчыны ў рэгіёнах. Бо не да кожнага помніка можна дайсьці, але калі ў нейкай вёсачцы стаіць разбураная царква, то дзеці могуць гэта ўсё зафіксаваць. Таксама мы будзем рыхтаваць зварот да эпархіяў, ліст да прыходаў і сьвятароў аб недапушчальнасьці зьменаў у архітэктурна-прасторавай кампазыцыі культавых гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. Калі старыя ўніяцкія цэрквы перадаюцца ў праваслаўныя эпархіі, там часам па-за законам адбываецца перабудова менавіта аб'ёмна-прасторавай кампазыцыі гэтых помнікаў.
Таксама заплянаваная супраца з абласнымі пазаведамаснымі экспэртызамі ў справе праектнай дакумэнтацыі аб'ектаў, якія належаць да гісторыка-культурнай спадчыны і знаходзяцца ў зонах аховы". Заплянаваны і кантроль за будаўніцтвам на тэрыторыі кварталу, абмежаванага вуліцамі Багдановіча, Заборскага, Старажоўскай у Менску, за работамі ў Лошыцкай сядзібе.

Соўсь: "Ці ёсьць у вашай камісіі рычагі для прыняцьця рашэньняў?"

Лаўроўская: "Мы ўсё ж толькі грамадзка-назіральная камісія. Мы можам накіроўваць звароты, рабіць маніторынг, прасіць нейкай супрацы. Прымусіць кагосьці мы ня можам. Але ёсьць такі рычаг, як наша заканадаўства. Нашае заканадаўства дае кожнаму грамадзяніну права звароту, а тым больш такой камісіі.

Соўсь: З чым вы зьвязваеце неналежнае стаўленьне з боку дзяржавы да гісторыка-культурнай спадчыны? Адсутнасьцю агульнай культуры ў чыноўнікаў? Камэрцыйнымі інтарэсамі? Даўняй савецкай традыцыяй ў вынішчэньні гісторыка-культурнай спадчыны?

Лаўроўская: На маю думку, прысутнічаюць усе аспэкты, якія вы пералічылі. Але галоўнае тое, што нігілізм, уласьцівы нашым чыноўнікам, прыводзіць да таго, што яны каштоўнасьць нават не распазнаюць. Я кажу ня толькі пра чыноўнікаў, якія маюць выключна адміністрацыйныя функцыі, але і пра сваіх калег-архітэктараў, якія ня могуць распазнаць гісторыка-культурную каштоўнасьць аб'екта з той простай прычыны, што там няма падабенства з Саборам сьвятога Пятра ў Рыме. Яны выхаваныя на знакамітых каштоўнасьцях, а ў звычайнай гарадзкой архітэктуры яны папросту не распазнаюць каштоўнасьці

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international