Зінаіда Ганчар так і не атрымала ад пракуратуры інфармацыі пра вынікі расследавання па справе аб знікненні свайго мужа

2009 2009-05-15T17:24:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/hanczar_zinaida.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
фота Bymedia.net

фота Bymedia.net

Жонка выкрадзенага ў верасні 1999 года апазіцыйнага палітыка Віктара Ганчара ўжо каторы год спрабуе атрымаць ад пракуратуры інфармацыю пра папярэднія вынікі расследвання па справе знікнення свайго мужа. Супрацоўнікі пракуратуры фактычна ігнаруюць усе звароты Зінаіды Ганчар.

 

Напачатку гэтага года З. Ганчар паведамляла, што атрымала з пракуратуры Менска паведамленне пра тое, што следства па справе яе мужа падоўжана да 24 сакавіка 2009 г. і яго будзе весці следчы па найважнейшых справах, малодшы дарадца юстыцыі Юры Валер’евіч Вараўка. Тады жанчына звярнулася да новага следчага з просьбай аб сустрэчы: яна як пацярпелая па крымінальнай справе па факту знікнення яе мужа мае права на атрыманне апавяшчэнняў пра прыняцце рашэнняў, якія закранаюць яе правы і інтарэсы, а таксама атрымліваць копіі гэтых рашэнняў.   

 

“Гэта ўжо чацверты следчы за амаль што 10 год расследвання і я ўжо не ведаю, які па ліку ліст аб тым, што следства па справе майго мужа падоўжана, - распавяла Зінаіда Ганчар. – Я ўвесь час здзіўляюся прыпісцы “Аб выніках расследавання вам будзе паведамлена дадаткова”. На справе ж нічога падобнага не адбываецца. Я ўвесь час дамагаюся размовы з супрацоўнікамі пракуратуры. Так, папярэднік Вараўкі Кухаронак так са мной і не сустрэўся, хаця яму неаднаразова дасылаліся лісты з просьбаю паведаміць хоць нейкую інфармацыю пра папярэднія вынікі расследавання”.

 

Ю.В. Вараўка адмовіўся сустрэцца, палічыўшы, што для сустрэчы няма ніякіх падставаў. Праўда, ён прапанаваў зрабіць усё афіцыйна – напісаць хадайніцтва з абгрунтаваннем неабходнасці сустрэчы.  

 

Пасля такой прапановы адвакат Павел Сапелка, які прадстаўляе інтарэсы З.Ганчар, накіраваў у Пракуратуру г.Менска адпаведнае хадайніцтва. У хадайніцтве адвакат прасіў новага следчага пра выдачу З.Ганчар “на падставе п.14 арт. 50 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь пастановаў пра аднаўленне і падаўжэнне тэрміна папярэдняга расследавання, вынесеных следчымі ў перыяд папярэдняга расследавання па крымінальнай справе па факце знікнення яе мужа Ганчара В.І.”.

 

У адказ на хадайніцтва следчы Вараўка Ю.В. паведаміў, што “разгледзеўшы матэрыялы крымінальнай справы і хадайніцтва пацярпелай Ганчар З.А. і кіруючыся арт. 136, 137 КПК Рэспублікі Беларусь, пастанавіў у задавальненні заяўленага хадайніцтва адмовіць”. Следчы патлумачыў, што “хадайніцтва заяўлена неабгрунтавана” і “утрымлівае няслушнае тлумачэнне закона”.

 

Адвакат Павел Сапелка, у сваю чаргу заяўляе, што дзеянні супрацоўнікаў пракуратуры парушаюць патрабаванні крымінальна-працэсуальнаг заканадаўства.

 

“Я бачу ў дзеяннях супрацоўнікаў пракуратуры ўсіх узроўняў, да якіх мы звярталіся, відавочныя парушэнні патрабаванняў крымінальна-працэсуальнага заканадаўства. І напраўленыя яны на тое, каб ход расследавання крымінальнай справы па факце знікнення Віктара Ганчара не стаў зразумелым не тое што грамадскасці, а нават пацярпелым,” – адзначае Павел Сапелка.

 

Зінаіда Ганчар і яе адвакат збіраюцца накіраваць скаргу на дзеянні следчага пракурору.

 

“Мы збіраемся прайсці ўсю працэдуру абскарджання гэтага рашэння. І адказ генпракурора стане кропкай, прынамсі, у частцы нацыянальнага абскарджання”, - дадаў адвакат.

 

Нагадаем, 16 верасня 1999 года былога віцэ-прэм’ера Віктара Ганчара і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага выкралі невядомыя асобы. На месцы здарэння следчыя пракуратуры знайшлі плямы крыві. Судмедэксперты далі заключэнне, што гэта кроў Віктара Ганчара. Расследаванне дадзенай крымінальнай справы неаднаразова прыпынялася, нягледзячы на заявы былых службовых асобаў аб датычнасці да справы выкрадання апазыцыйных палітыкаў некаторых асобаў з атачэння Аляксандра Лукашэнкі.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international