viasna on patreon

Органы мясцовай улады праігнаравалі прастаўнікоў дэмакратычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў, якія вылучаліся ў склад участковых камісіяў.

2003 2003-01-29T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Закончыўся чарговы этап кампаніі па выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў —фармаваньне ўчастковых выбарчых камісіяў. Падчас іх фармаваньня фактычна былі праігнараваныя патрабаваньні выбарчага заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Цалкам па краіне было сфармавана 6 681 участковых камісіяў. Агульная колькасьць сяброў участковых камісіяў склала 72 328 чалавек.

Большасьць сяброў участковых камісіяў былі вылучаныя ад працоўных калектываў і ад грамадзянаў. Колькасьць сяброў палітычных партыяў засталася вельмі нязначнай і склала 162 чалавекі (з 72 328). Пры гэтым большую частку вылучаных гэтым шляхам складаюць прадстаўнікі партыяў, якія падтрымліваюць палітыку дзеючага ўраду – КПБ (81 чалавек), Аграрная партыя (30 чалавек). Прадстаўнікі дэмакратычных палітычных партыяў амаль не прадстаўленыя ва ўчастковых выбарчых камсіях. Найбольшае прасдтаўніцтва мае ПКБ -- 29 чалавек, АГП – 21 чалавек, БНФ-1.

Грамадзкія аб’яданьні прадстаўленыя ва ўчастковых камісіях 4 118 чалавекамі. Пры гэтым большасьць сяброў камісіяў, вылучаных ад грамадзкіх аб’яднаньняў, прадстаўлены такімі арганізацымі як БРСМ, ветэранскія арганізацыі і інш. Па дадзеных, якія маюцца ў Праваабарончага цэнтру “Вясна”, у склад участковых камісіяў не былі ўключаныя прадстаўнікі такіх грамадзкіх аб’яднаньняў як, РГА Беларускі Хельсінкскі камітэт, ГА “Праваабарончы цэнтр “Вясна”, ГА “Фонд імя Льва Сапегі”, шэрагу рэгіянальных грамадзкіх аб’яднаньняў. Напрыклад, ад рэгіянальных аддзяленьняў ГА “Праваабарончы цэнтр “Вясна” у склад участковых камсіяў у г. Брэсце вылучалася 1 чалавек, у Гомельскай вобласьці – 5 чалавек, у г.Мазыры – 5 чалавек. Ніводзін з вылучаных у склад камсіяў ня ўключаны. Ад РГА БХК у склад участоквых камісіяў у г. Брэсце вылучалася 10 чалавек – ніводзін ня ўключаны. У Гомельскай вобласьці ад ГА “Грамадзянскія ініцыятывы” вылучалася 155 чалавек, ад ГА “Радзімічы” – 11 чалавек, ад ГА “Фонд імя Льва Сапегі” – 5 чалавек. У склад камісіяў не ўвайшоў ніводзін. У г. Гомель ад ГА “Грамадзянкія ініцыятывы” было вылучана 64 чалавекі, ад ГА “Фонд імя Льва Сапегі” – 5 чалавек. У склад камісіі не ўвайшоў ніводзін. У г. Гродна так сама было адмоўлена ва ўключэньні ў склад участковых камісіяў прадстаўнікам Беларускага незалежнага прафсаюзу і РГА БХК.

Асноўным тлумачэньнем невялікай колькасьці прадстаўнікоў дэмакратычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў ва ўчастковых камісіях, на думку прадстаўнікоў Цэнтральнай выбарчай камісіі, зьўяляецца адсутнасьць зарэгістраваных структураў, нізкая актыўнасьць іх сяброў і адсутнасьць аўтарытэту ў мясцовых органаў улады. Аднак інфармацыя, якая паступала ў ГА “Праваабарончы цэнтр “Вясна” з рэгіёнаў, сьведчыць пра тое, што органы мясцовай улады праігнаравалі прастаўнікоў дэмакратычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў, якія вылучаліся ў склад участковых камісіяў.
Так, напрыклад у г. Гомелі ў склад участковых камісіяў было вылучана ад Партыі БНФ 6 чалавек, ад АГП 62 чалавекі -- ніводзін ня быў уключаны. У Гомельскай вобласьці ў склад участковых камісіў было вылучана ад Партыі БНФ 25 чалавек, ад АГП 116 -- з іх толькі 10 прадстаўнікоў АГП былі ўключаныя ў склад участковых камісіяў. У г. Брэсьце ад Партыі БНФ было вылучана 5 чалавек, ад БСДГ 3 чалавекі, ад БСДП (НГ) 10 чалавек, ЛДП 15 чалавек -- у склад камісіяў не прайшоў ніводзін. У г. Гродна было вылучана 33 прадстаўнікі Партыі БНФ -- у склад камісіяў не прайшоў ніводзін. У г. Слоніме вылучалася ад Партыі БНФ 22 чалавекі – не прайшоў ніводзін. У г. Віцебску ў склад участковых выбарчых камісіяў было вылучана ад БНФ 21 чалавек, ад АГП 15 чалавек, БСДП (НГ) 4 чалавекі -- уключаны толькі 1 прадстаўннік БНФ. У г. Мінску у склад участковых камісіяў вылучалася ад БНФ 22 чалавекі, ад АГП 77 чалавек, ад БСДП (НГ) больш за 100 чалавек -- у склад камісіяў увайшоў 1 прадстаўнік ад партыі АГП.

Такім чынам, прыведзеная вышэй інфармацыя дазваляе зрабіць выснову, што пры фармаваньні ўчастковых камісіяў па выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў 24 скліканьня былі праігнараваныя патрабаванні артыкулаў 11, 34, 35 Выбарчага кодэксу, чым былі абмежаваныя правы палітычных партыяў, грамадзкіх аб’яднаньняў, а таксама грамадзянаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства