Маладафронтаўцы: нам яшчэ ваяваць і ваяваць

2009 2009-05-13T16:42:38+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/mf13-3.jpg

З 4 мая ў невялікім пакоі на управе БНФ па праспеце Машэрава шэсць сябраў зарэгістраванай у Чэхіі арганізацыі «Малады Фронт» праводзяць галадоўку салідарнасці з затрыманымі ваўкавыскімі прадпрымальнікамі, які знаходзяцца ў сталічным СІЗА № 1. Іх лідэр Мікалай Аўтуховіч трымае галадоўку ўжо 28 сутак, і яго стан здароўя значна пагоршыўся. Маладафронтаўцы пакуль адчуваюць сябе добра.

– Саамадчуванне нармальнае, але нам, відаць, яшчэ ваяваць і ваяваць, – падзялілася думкамі з «Салідарнасцю» намесніца старшыні арганізацыі «Малады Фронт» Наста Палажанка.

Мінскі каардынатар «МФ» Мікола Дземідзенка расказаў «Салідарнасці», што, як веруючы чалавек, успрымае галадоўку як пост і аб ежы ўжо не думае.

– Аб ежы я перастаў думаць пасля першых чатырох дзён галадоўкі. Адзінае, мы п’ем выключна ваду і мінералку, і я часам думаю, што мне вельмі хочацца сока.

Як было адзначана на прэс-канферэнцыі 13 мая, за дзесяць дзён галадоўкі салідарнасці ў ёй прынялі ўдзел 32 чалавекі. На дадзены момант працягваюць галадаць 30 (большасць у сябе дома), з іх 11 удзельнічаюць у акцыі салідарнасці ад самага пачатку.

– У нашай акцыі няма пафасу, мы не хочам паказаць сябе нейкімі героямі, – адзначыла Наста Палажанка. – Мы проста падтрымоўваем чалавека, які цяпер памірае за кратамі. Хочам данесці да грамадства праблему рэпрэсій і палітычннага пераследу.

Маладафронтаўцы спяць прыкладна па дзевяць гадзін у суткі, большасць астатняга часу праводзяць у размовах з людзьмі. Многія спыняюцца каля вокнаў управы БНФ па праспекце Машэрава, на якіх вісіць інфармацыйны плакат аб галадоўцы, і цікавяцца падрабязнасцямі. На днях да галадоўнікаў прыходзілі спявак Зміцер Вайцюшкевіч, які зладзіў пад гітару невялікі канцэрт, і пісьменнік Уладзімір Арлоў, які падараваў маладафронтаўцам свае кнігі.

Зараз актывісты рыхтуюцца да маршу «За незалежнасць!», які павінен прайсці вечарам 14 мая на Кастрычніцкай плошчы. Мікола Дземідзенка падкрэсліў, што гэта мерапрыемства адбудзецца пры любых умовах і надвор’і. Пры гэтым арганізатары акцыі не цешаць сябе тым, што на яе прыдуць тысячы людзей.

– Астатнюю праўду пра нас вам сёння раскажуць па БТ! – пажартавала Палажанка.

 

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international