У замаху на спадчыну абвінавацілі некалькіх інвэстараў

2009 2009-04-21T16:50:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/pomnik_arh.jpg

Камітэт дзяржаўнага кантролю падрыхтаваў справаздачу па выніках праверкі ходу рэканструкцыі і аднаўлення гістарычнага цэнтру Мінску. На факты масавага парушэння ахоўнага заканадаўства ўжо даўно звярталі ўвагу прадстаўнікі грамадскасці, аднак дагэтуль у кантрольных органах такія звароты ігнараваліся.

Гісторыкі, архітэктары, мастацтвазнаўцы звярталі ўвагу, што руйнаванне адбываецца з санкцыі дзяржаўных структураў, якія павінны першымі клапаціцца пра захаванне гісторыка-культурнай спадчыны. У выніковым дакумэнце КДК падкрэсліваецца, што выяўленыя парушэнні толькі з боку асобных інвэстараў.

Справаздача Камітэту дзяржкантролю стала вынікам праверкі, распачатай летась у сярэдзіне году. Дарэчы, да таго, што праверка ўсё ж адбылася, прыклаў шмат намаганняў старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч.

«На працягу доўгага часу я закідваў іх інфармацыяй – адбываюцца парушэнні заканадаўства ў гістарычным цэнтры Мінску. Летам яны пачалі праверку; тэлефанавалі, звярталіся па пэўных пытаннях. Я ведаў, што праверка вялікая, але, шчыра кажучы, асаблівага плёну яна не дала. У газэце «Рэспубліка» быў матэрыял па выніках праверкі. Прачытаўшы артыкул, я быў расчараваны. Мяне перадусім цікавіла татальнае парушэнне, брутальнае абыходжанне з гісторыка-культурнай спадчынай у Мінску. Але асноўныя вынікі праверкі – гэта ўсё ж гаспадарчыя і фінансавыя блохі і ў гарвыканкама, і ў інвэстараў.

Тое, што тычыцца асноўнага – знішчаецца гістарычны цэнтар, знішчаюцца аўтэнтычныя помнікі – прагучала толькі адным выразам: былі пэўныя нэгатыўныя факты руйнавання помнікаў, на што Міністэрства культуры выпісала прадпісанне. І калі гэта будзе працягвацца, то такія парушальнікі прадпісанняў будуць мець справу з фінансавай міліцыяй. І ўсё. Зноўку на ўзроўні неакрэсленых абяцанкаў», — кажа Антон Астаповіч.

Цяпер практычна ўвесь гістарычны цэнтар Мінску ўяўляе сабой будаўнічую пляцоўку. Аднак да працэсу прафэсійнай рэстаўрацыі, на думку экспэртаў, цяперашняе камэрцыйнае «засваенне» тэрыторыі ніякіх адносінаў ня мае. У працэсе так званай «бульдозэрнай рэстаўрацыі» нават на тэрыторыі з найвышэйшымі ахоўным узроўнем «недатыкальнасці» знішчаныя дзясяткі аўтэнтычных падмуркаў і збудаванняў, чый узрост вымяраецца стагоддзямі.

Практычна не ўжываецца распаўсюджаны ў іншых эўрапейскіх краінах мэтад глыбокай кансэрвацыі аб’ектаў, а таксама максымальнага захавання арыгінальных будаўнічых кампанэнтаў. На месцы знішчаных помнікаў паўстаюць «муляжы» – навабуды з сучасных матэрыялаў, пакрытыя мэталячарапіцай. Буяе офісная забудова са шкла і бэтону, што ніяк не стасуецца з абліччам ужо і так далёкага ад арыгіналу Старога гораду. Як адзначае Антон Астаповіч, у бальшыні выпадкаў лёс старых будынкаў вырашаецца радыкальным спосабам – яны гінуць пад каўшом экскаватара.

Хто вінаваты ў фактах масавага парушэньня ахоўнага заканадаўства? Абаронцы гістарычнага цэнтру унеслі ў свой «чорны спіс парушальнікаў» і Міністэрства культуры, і Мінгарвыканкам, ад якіх наўпрост залежыць лёс гісторыка-культурнай каштоўнасці сталіцы.

Аднак Камітэт дзяржкантролю не стаў акцэнтавацца на дзейнасці дзяржаўных установаў і раскрытыкаваў асобных інвэстараў, якія перавысілі свае паўнамоцтвы – перадусім, справа тычыцца зносу будынкаў у гістарычнай частцы гораду.

Як кажа Антон Астаповіч, складваецца адчуванне, што кантралёры самі не зацікаўленыя заглыбляцца ў сытуацыю, якая падпадае пад шматлікія артыкулы Крымінальнага кодэксу.

«Ідзе татальнае парушэнне, якое санкцыянуецца на самым версе, і адпаведна ніякі Зянон Кузьміч Ломаць у гэта лезьці ня будзе, —лічыць старшыня таварыства аховы помнікаў. —Парушальнікі – гэта, у першую чаргу, Мінгарвыканкам. У другую чаргу – прыватныя інвэстары, якія вельмі блізкія да гарвыканкаму і да высокапастаўленай улады. Ім гэта – як з гусі вада. Пазбавілі некаторых інвэстараў правоў уласнасці, але гэта ніяк не звязана з парушэннямі закону «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны». Скажу так: нашаму б камітэту Дзяржкантролю стаяць з сэкундамерамі пад дзяржаўнымі ўстановамі і лавіць дзяржслужачых, якія спазніліся на працу. На іншае яны не здольныя. А папера папросту завісла ў паветры, на сытуацыю яна ніяк не паўплывае. Менавіта гэтае пытанні ніхто «разрульваць» не хоча. Проста свядома не хочуць».

Як паведаміла прэсавая служба Камітэту дзяржкантролю, Аляксандар Лукашэнка даручыў у другім паўгоддзі стварыць спэцыяльную камісію і дэталёва разгледзець выкананне дырэктываў па ахове гісторыка-культурнай спадчыны.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international