Журналістаў уганаравалі за «Вольнае слова»

2009 2009-05-05T10:32:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/volnae_slova1.png

4 траўня ў сядзібе Беларускай асацыяцыі журналістаў прайшло ўручэньне прэміяў «Вольнае слова», а таксама ўганараваньне дыплёмамі і памятнымі падарункамі ляўрэатаў кампаніі «Журналісты - за гістарычную спадчыну».

На пачатку ўрачыстасьці старшыня БАЖ Жанна Літвіна і старшыня журы конкурсу Юрась Карманаў павіншавалі прысутных калегаў з прафэсійным сьвятам - Міжнародным Днём Свабоды Прэсы, які адзначаўся напярэдадні, 3 траўня.

«Беларускія журналісты зь незалежных СМІ застаюцца носьбітамі прафэсійных стандартаў працы, а конкурс дапамагае журналісцкай супольнасьці супрацьстаяць спробам дэвальвацыі прафэсіі», - кажа старшыня журы «Вольнага слова» Юрась Карманаў. Ён адзначыў шырокую геаграфію прадстаўленых конкурсных твораў. Удзельнікі спаборніцтва працавалі на Кубе і ў Абхазіі, у Польшчы і ў Расіі. «Тэматыка дасланых публікацыяў сьведчыць, што журналісты імкнуцца выконваць свае асноўныя функцыі - пісаць якасна, інфармаваць чытачоў і кантраляваць дзеяньні ўлады», - адзначыў Юрась Карманаў.

Лепшым сярод інфармацыйных названы тэкст «Эльжбета Радзивилл, дочь последнего хозяина Несвижского замка: «Я жила в том крыле замка, которое сровняли с землей». Аўтар Глеб Лабадзенка, які на той час працаваў у «Комсомольскай правде» в Белоруссии», знайшоў у Польшчы прадстаўніцу слыннага беларускага роду Радзівілаў. Журналіст здолеў «разгаварыць» спадарыню Эдбжбэту, якая падзялілася ня толькі сваімі ўспамінамі пра аўтэнтычны Нясьвіж, але і фатаздымкамі, якія даюць уяўленьне пра маштабы дзейнасьці стройтрэсту, які зараз рэстаўруе замак на замову ўладаў.

Другое месца журы прысудзіла сэрыі падарожных ілюстраваных рэпартажаў «Куба як яна ёсць». Карэспандэнтка «Еўрапейскага радыё для Беларусі» Віталіна Грахоўская дзеліцца сваімі ўражаннямі ад Выспы Свабоды: «Па талёнах на Кубе купляюць ня толькі прадукты. Гэта таксама адзін цюбік зубной пасты на сям'ю», - піша журналістка. «Выспа Свабоды сёньня ўяўляе сабой вялікі хаос... І жыцьцё ў ёй будзе цягнуцца да таго часу, пакуль у краіне будзе што красьці», - робіць выснову журналістка, завяршаючы гэтымі словамі цыкл фотарэпартажаў».

Трэцяе месца належыць рэпарцёру баранавіцкай газэты «Intex-press» Руслану Гарбачову, які ў літаральным сэнсе не пашкадаваў сваіх ног для напісаньня рэпартажу «Как я догонял олимпийского чемпиона».

Журналіст захацеў «пакаштаваць хлеба» алімпійцаў і вырушыў на марафонскую дыстанцыю ў 50 кілямэтраў сінхронна з тымі, хто прымаў удзел у Алімпійскіх гульнях у Пекіне.

Лідэрам намінацыі «Найлепшая аналітычная публікацыя» стала рэцэнзія «Камедыя выраджэньня» Аляксандра Фядуты на купалаўскую пастаноўку Мікалая Пінігіна «Пінская шляхта» па аднайменным творы В. Дуніна-Марцінкевіча. Другое месца заняў артыкул «Казус Абрамавай, альбо пусты гранатамёт Кучынскага» журналіста Радыё «Свабода» Віталя Цыганкова.

Першае месца ў намінацыі «Найлепшая публікацыя літаратурна-мастацкага жанру ў журналістыцы» сябры журы аддалі нарысу «Аднагодак БНР» журналіста Сямёна Печанко з газеты «Нашай Нівы».

Другое месца належыць публікацыі Руслана Гарбачова «Николай Головин - директор Барановичского охотничье-рыболовного хозяйства», у якой журналіст газеты «Intex-press» у рубрыцы «Человек нашей эры» робіць галоўным героем энтузіяста сваёй справы, кіраўніка мясцовай паляўніча-рыбалоўнай гаспадаркі.

Трэцяе месца заняў нарыс «Калі гісторыя ломіць лёс», у якім журналіст Алесь Гізун з «Intex-press» распавядае пра трагічны лёс чалавека, які правёў 25 гадоў жыцьця ў сталінскіх лягерах за беларускую дзейнасьць у часе Другой Сусьветнай вайны.

У намінацыі «Дэбют» перамаглі адразу дзьве маладыя таленавітыя журналісткі. Вольга Пруднікава з «Народнай Волі» перамагла з тэкстам «Артыстам Купалаўскага тэатра няма дзе жыць». Журналістка высьветліла, што шмат хто з артыстаў вядучага тэатру краіны жыве абы-дзе, ня здолеўшы атрымаць нават асобнага пакоя ў інтэрнаце.

Тамара Савіч з «Intex-press» (Баранавічы) уразіла сябраў журы самаахвярнасьцю. Дзяўчына дзеля рэпартажу «Испытано на себе: „Остаться в живых» на прожиточный минимум», вырашыла пражыць месяц на 223 600 беларускіх рублёў. Экспэрымент ледзьве не завяршыўся галоднай сьмерцю.

Конкурс «Вольнае слова» праводзіцца другі год запар. Яго мэта - удасканаленьне прафэсійнага майстэрства супрацоўнікаў незалежных СМІ і інтэрнэт-выданьняў, заахвочваньня таленавітых журналістаў, стымуляваньня іх дзейнасьці ў адстойваньні агульначалавечых каштоўнасьцяў, у тым ліку прынцыпаў прафэсійнай журналістыкі і свабоды слова. На конкурс прымаліся журналісцкія матэрыялы, апублікаваныя з 1 студзеня 2008 года па 31 сьнежня 2008 года ўключна.

Ляўрэатамі дыплёмаў кампаніі «Журналісты - за гістарычную спадчыну» сталі Сяргей Багдашыч («Інфакур'ер»), а таксама Глеб Лабадзенка, Сяргей Чыгрын і Уладзімер Скарабутан. У Беларускай асацыяцыі журналістаў паведамілі, што такія конкурсы будуць праводзіцца і надалей.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international