viasna on patreon

Дні беларускага пісьменства на Берасцейшчыне прайшлі без прадстаўнікоў Саюзу пісьменьнікаў

2005 2005-09-05T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У райцэнтры Камянец на Берасьцейшчыне 4 верасьня адбылося закрыцьцё Дня беларускага пісьменства. Арганізатары афіцыйнага мерапрыемства адмежавалі ад удзелу у ім сяброў Саюза беларускіх пісьменьнікаў. СБП не атрымаў ніводнага запрашэньня.

Жыхары гораду пад Белай Вежай як гаспадары 12-га па ліку Дня беларускага пісьменства ня вольныя былі самі запрашаць гасьцей. Гэтага ня ўтойвала ў гутарцы з карэспандэнтам Радыё Свабода загадчыца ідэалягічнага аддзелу Камянецкага райвыканкаму Ірына Нягерыш.

У нядзелю ў Камянцы некаторыя мінакі на вуліцах блыталі Дзень пісьменства з “Дажынкамі”. Паводле меркаваньня краязнаўцы, аўтара некалькіх кніжак пра Камянец Рыгора Мусевіча, Дзень пісьменства не ўзбагаціў славесную памяць Белавежжа. Ён сказаў, што сьвята трэба было падрыхтаваць на мясцовым матэрыяле: “Я прапаноўваў усталяваць памятныя знакі, дзе стаяла наша гарадзкая ратуша. Што Камянцу было дадзена Магдэбурскае права ў 1503 годзе. Быў княскі палац, у якім спыняліся князі валынскія, літоўскія, каралі польскія. Гэта ж такія гістарычныя памятныя мясьціны!” Паводле Рыгора Мусевіча, раённая ўлада пераняла прыклад вышэйшай “вэртыкалі”: адна не запрасіла вядомых пісьменьнікаў, другая адхіліла ўсе мясцовыя ініцыятывы.

Старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч так пракаментаваў сітуацыю: “Уладныя структуры падзялілі беларускае пісьменства на “чэсных” і “нячэсных”. “Нячэсныя” не прадстаўленыя ў афіцыйных днях паэзіі, у дзяржаўных часопісах, у літаратурных штотыднёвіках. Губляе па вялікім рахунку літаратура, беларуская сучасная культура. Звычайны з глыбінкі беларускі чалавек, чытач не задае сабе пытаньні: чаму не прыехалі, ці не запрасілі альбо не пусьцілі? Ён робіць банальную выснову: няма сучаснай беларускай літаратуры, няма вядомых пісьменьнікаў. Ён так мяркуе, бо ня бачыць, яны да яго не даяжджаюць у значныя традыцыйныя сьвяты пісьменства, сьвяты кнігі”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства