Спроба сарваць працу сайта Хартыі’97, ці Ў пошуках ровара

2009 2009-04-27T10:49:31+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/znaki.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

26 красавіка прыкладна ў 12.30 у памяшканне, якое здымае журналіст сайта Хартыі’97 Наталля Радзіна, прыйшлі супрацоўнікі адразу некалькіх аддзелаў Ленінскага РУУС. Міліцыянты распачалі спробу канфіскаваць кампутары.

Пры пранікненні ў кватэру супрацоўнікі Ленінскага РУУС Менска заявілі, што праводзяць апытанне жыхароў дома ў сувязі з крадзяжом ровара ў фірме, змешчанай па суседстве. Аднак, убачыўшы ў кватэры некалькі кампутараў, супрацоўнікі міліцыі адразу ж выклікалі падмогу. Аглядалі памяшканне 7 міліцыянтаў з аддзелаў па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі, крымінальнага вышуку і аддзела папярэдняга расследавання.

Калектыў сайта charter97.org у гэты час вёў трансляцыю ў Інтэрнэце традыцыйнай акцыі апазіцыі «Чарнобыльскі Шлях». Міліцыянты запатрабавалі ва ўсіх супрацоўнікаў пашпарты. Міліцыянтам падалося «падазроным», што ў кватэры знаходзяцца кампутары, асабліва іх насцярожыла, што на сайце, адкрытым на адным з кампутараў, быў фотаздымак Аляксандра Лукашэнкі, а на сцяне вісеў аранжавы сцяг украінскай рэвалюцыі з лозунгам «Так!».

Пры гэтым адзін з міліцыянтаў сказаў літаральна наступнае: «Сёння ж такі дзень, 26 красавіка, у Менску праходзіць акцыя. Што вы тут робіце? Можа быць, вы перадаеце інфармацыю, каардынуеце дзеянні дэманстрантаў?».

Падмога з яшчэ некалькіх супрацоўнікаў, якая прыбыла, адразу ж заявіла, што зараз выпішуць пастанову аб канфіскацыі ўсіх кампутараў, якія знаходзяцца ў кватэры, каб даведацца «на якія сайты з гэтых кампутараў заходзяць, якую электронную пошту з іх адпраўляюць і якую інфармацыю яны змяшчаюць». Калі ж міліцыянтам паведамілі, што ў гэтым памяшканні працуюць журналісты сайта Хартыі’97, яны адразу ж патэлефанавалі свайму начальству. Параіўшыся па тэлефоне, частка міліцыянтаў пакінулі кватэру. Яшчэ двое супрацоўнікаў на працягу яшчэ паўтарох гадзін апытвалі журналістаў, перапісвалі іхныя пашпартныя дадзеныя і пакінулі кватэру толькі пасля 15.00, у момант, калі скончыўся «Чарнобыльскі Шлях».

На пытанне, чаму ў прэс-цэнтр Хартыі’97 у дзень правядзення Чарнобыльскага Шляха прыйшлі супрацоўнікі міліцыі, адназначна адказаць нельга. Журналісты сайта Хартыі’97 не выключаюць, што сілавыя структуры хацелі сарваць іх працу па асвятленні акцыі апазіцыі. Але, магчыма, у нашай краіне доблесная міліцыя кідае свае лепшыя сілы (супрацоўнікаў ажно трох аддзелаў РУУС!) на пошукі аднаго зніклага ровара. І гэта, вядома, пахвальна. Мы жадаем міліцыі знайсці зніклы ровар. З такой службовай стараннасцю зрабіць гэта будзе напэўна нескладана.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international