У Інтэрнеце кожны дзень будзе з’яўляцца па адной беларускай казцы

2009 2009-04-24T15:44:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/u_nete.jpg

– Ідэя была даволі простая: зрабіць дзіцячы партал для беларускамоўных сем’яў, – кажа адзін з арганізатараў інтэрнет-рэсурсу “Казкі беларускія” Зміцер Разахацкі. – А галоўны прынцып: па адной казцы кожны дзень. Прычым гэта будуць і творы беларускіх аўтараў, і пераклады сусветна вядомых творцаў, і народныя казкі.

Яшчэ адна адметная рыса сайта – малюнкі, якія суправаджаюць народныя і літаратурныя творы. Ёсць і іншыя раздзелы, цікавыя бацькам і іх дзецям, – прымаўкі, конкурсы, сцэнкі, анекдоты, загадкі, хуткамоўкі, калыханкі, прыпеўкі, лічылкі, розныя дапаможнікі для бацькоў і шмат іншых цікавых матэрыялаў.

Зміцер Разахацкі расказвае, што ідэя стварыць сайт прыйшла звычайным бацькам, якія выхоўваюць сваіх дзяцей як свядомых беларусаў. Ні для каго не сакрэт, што якаснай літаратуры для дзяцей на роднай мове не стае, таму і быў прыдуманы вось такі альтэрнатыўны ход. Тым больш што ў інтэрнеце беларускамоўная дзіцячая тэматыка прадстаўлена вельмі сціпла: не хапае станоўчай пазітыўнай беларускамоўнай інфармацыі.

– Мы плануем прыцягнуць як мага болей наведвальнікаў, – кажа Зміцер Разахацкі. – Мяркуем нават хадзіць па ўсіх дзіцячых садках і расказваць выхавацельніцам пра наш сайт. Спадзяемся, што “Казкі беларускія” зацікавяць усіх маленькіх беларусаў. Нават тым, хто не размаўляе па-беларуску, але, магчыма, дзякуючы вось такому творчаму падыходу спрычыніцца да роднай мовы.

У жыцці сайта запрашаюць паўдзельнічаць і наведвальнікаў: яны могуць рэгістравацца і пакідаць свае казкі, артыкулы, думкі.

-- Хочацца згрупаваць кола людзей, якім цікавая беларуская казка, якія выхоўваюць сваіх дзяцей па-беларуску і могуць падзяліцца сваім вопытам, -- дадае Зміцер Разахацкі.

Ацэнка “Заўтра тваёй краіны”

Ідэю ацэньвае Алена Масла, загадчыца рэдакцыі дзіцячай літаратуры дзяржаўнага выдавецтва “Мастацкая літаратура”, аўтар зборніка казак для дзяцей “Таямніца закінутай хаты”, казачнай аповесці “Вандроўка з божымі кароўкамі” і інш.

-- Такі сайт не проста неабходная – доўгачаканая рэч для беларускамоўных сем’яў, -- адзначае казачніца. -- Дзіцячай беларускамоўнай літаратуры выдаецца вельмі мала, бо гэта вымагае шмат выдаткаў. У прыватнікаў не хапае грошай, каб выдаваць якасныя дзіцячыя кніжкі, у дзяржаўных выдавецтваў -- свае праблемы. Мяркуючы па ўсім, мадэратары сайта “Казкі беларускія” будуць пільна адсочваць мастацкую вартасць твораў, перш чым тыя трапяць у сеціва. Акрамя таго, на сайце шмат іншай карыснай інфармацыі. І калі ўсе задумкі будуць выкананыя на добрым узроўні, то гэтаму інтэрнет-рэсурсу наканавана папулярнасць.

 

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international