Збіты міліцыяй Аляксандр Баразенка падаў скаргу ў пракуратуру

2009 2009-04-21T10:13:08+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/barazenka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Удзельнік «Працэсу 14-ці» Аляксандр Баразенка напісаў скаргу ў пракуратуру на незаконныя дзеянні супрацоўніка крымінальна-выканаўчай інспекцыі Фрунзенскага раёна Менска.

 

Як распавёў прэс-цэнтру Хартыі’97 актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандр Баразенка, 17 красавіка яго выклікалі ў пракуратуру горада Пінска.

 

«Мяне выклікалі ў пракуратуру па факце маёй заявы аб неабходнасці распачацця крымінальнай справы супраць інспектара крымінальна-выканаўчай інспекцыі Фрунзенскага раёна Менска С.М. Кісяля, -- заявіў Аляксандр Баразенка. -- Я напісаў заяву, у якой дакладна апісаў храналогію падзей: як і пры якіх абставінах быў збіты, і што мне пры гэтым казаў інспектар. Пасля чаго ў пракуратуры мяне папярэдзілі аб адказнасці за дачу загадзя ілжывых паказанняў».

 

Як распавядае ўдзельнік «Працэсу 14-ці», у канцы сакавіка ён быў вымушаны пераехаць з Менска ў Пінск, пасля таго, як яго збіў інспектар Кісель, і Баразенку было вынесенае другое папярэджанне за парушэнне правілаў адбывання пакарання.

 

«Я не мог больш заставацца ў Менску, я зразумеў, што застаецца толькі адзін крок да трэцяга папярэджання, а далей – 3 гады турмы, -- узгадвае Аляксандр Баразенка. -- У Пінску да мяне цалкам іншае стаўленне. Няма той прадузятасці з боку інспектара, якая была ў Менску. У цяперашні час я заняты пошукам працы».

 

Нагадаем, што 23 сакавіка Аляксандр Баразенка прыйшоў адзначыцца ў крымінальна-выканаўчую інспекцыю Фрунзенскага раёна. Інспектар па выкананні пакаранняў Сяргей Кісель завёў яго ў кабінет, дзе пачаў нецэнзурна выказвацца, абражаць маладога чалавека, крычаць, што «згноіць» яго ў турме. Акрамя таго, супрацоўнік міліцыі некалькі разоў ударыў Аляксандра Баразенку па твары. Пасля гэтага Кісель вынес Баразенку папярэджанне за парушэнні правілаў адбыцця пакарання.

 

Па словах інспектара, папярэджанне вынесенае за тое, што 22 сакавіка падчас праверкі, Баразенка не знаходзіўся ў сябе дома. У той жа час, Баразенка сцвярджае, што быў дома, і гэта могуць пацвердзіць ягоныя суседзі.

 

Нагадаем, што «Працэс 14-ці» - справа па арт. 342 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, узбуджаная ў адносінах удзельнікаў мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая прайшла ў Менску 10 студзеня 2008 года.

 

За ўдзел у гэтай акцыі Аляксандр Баразенка быў прысуджаны да аднаго году абмежавання волі за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 10 студзеня 2008 года. Абмежаванне волі з'яўляецца формай хатняга арышту, калі асуджаны можа знаходзіцца толькі дома або на працы. Асуджаны істотна абмежаваны ў правах, любыя перасоўванні можа ажыццяўляць толькі з дазволу міліцыі, абавязаны забяспечваць доступ міліцыі ў жыллё ў любы час сутак. За тры мінімальных парушэнні супраць асуджанага ўзбуджаецца крымінальная справа па арт. 415 КК РБ, па якой можа быць прысуджаны да трох год пазбаўлення волі.

 

Адзначым, што за ўдзел у гэтай акцыі моладзевы актывіст Андрэй Кім быў прысуджаны судом Цэнтральнага раёна Менска да 1,5 год калоніі (вызвалены ў жніўні 2008 года). Актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Аляксандр Баразенка быў прысуджаны да абмежавання волі тэрмінам на 1 год без накіравання ў выпраўленчую ўстанову, з 27 кастрычніка да 9 снежня 2008 года да суду ён утрымліваўся ў СІЗА. Астатнія ўдзельнікі «Працэсу 14-ці» -- Арцём Дубскі, Аляксей Бондар, Міхаіл Крываў, Міхаіл Пашкевіч, Аляксандр Стральцоў, Аляксандр Чарнышоў, Таццяна Цішкевіч, Міхаіл Субач і Павел Вінаградаў прысуджаныя да абмежавання волі на 2 гады без накіравання для адбывання пакарання ў спецыяльныя ўстановы. Максім Дашук, як непаўнагадовы, прысуджаны да паўтарох год абмежавання волі.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international