Леанід Свецік: Сёньня, на жаль, беларускія ўлады практычна не прыслухоўваюцца да голасу праваабаронцаў

2009 2009-04-13T18:18:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/svetik.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Леанід Сьвецік

Леанід Сьвецік

Імя віцебскага праваабаронцы Леаніда Свеціка зараз знаходзіцца ў фокусе ўвагі беларускай і міжнароднай грамадскасці. Прычынай таму сталася абвінавачванне праваабаронцы адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу РБ: распальванне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасці (арт.130 Крымінальнага кодэксу) і паклёп у адносінах да прэзідэнта Беларусі (арт. 367 Крымінальнага кодэксу). У праваабаронцы ўзятая падпіска аб нявыездзе. Ён азнаёміўся з матэрыяламі справы і чакае даты суду. Сваёй віны ні ў адным абвінавачванні Свецік не прызнае, і лічыць што такім чынам яму помсцяць за праваабарончую дзейнасць. Сёння Леанід Свецік пагадзіўся адказаць на пытанні нашага карэспандэнта.

– Спадар Леанід, ці можаце Вы прыгадаць, што  паўплывала на Вашае рашэнне ўсур’ёз  заняцца правамі чалавека?

 

– Разуменне таго, што ў кожнага чалавека ёсць неад’емныя правы. Але каб гэтыя правы не засталіся абстрактнымі,  іх заўсёды патрэбна абараняць.

 

– Вы шмат каму дапамагалі адстойваць правы, парушаныя  дзяржаўнымі інстытутамі, абаранялі грамадзян ад сумніўных абвінавачванняў у судах. Ці трэба для гэтага дадатковая падрыхтоўка, альбо нейкія спецыфічныя веды?

 

– Несумненна. Для эфектыўнай прававой дапамогі неабходныя і веды, і практычны вопыт ў галіне права. Але, на мой погляд, не меней важна, каб у чалавека, які займаецца праваабарончай дзейнасцю была найперш прававая свядомасць. Ну і зразумела, каб быць эфектыўным праваабаронцам неабходна пастаянна займацца самаадукацыяй, прымаць удзел у адукацыйных праграмах.

 

– Вы падавалі скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН, і, здаецца, выйгралі яе. Раскажыце больш падрабязна пра гэтую справу.

 

– У 1999 годзе я быў аштрафаваны судом за заклікі да грамадзян нашай краіны няўдзельнічаць у выбарах, калі яны палічаць, што выбары праходзяць з парушэннем дэмакратычных працэдур. Гэтае меркаванне было надрукаванае ў газеце “Народная Воля”.

Паколькі я быў упэўнены, што меў права публічна выказваць сваё меркаванне, для абароны сваіх грамадзянскіх правоў я звярнуўся ў Камітэт па правах чалавека ААН. Пасьля пяцігадовага разбіральніцтва Камітэт па правах чалавека прыйшоў да высновы, што мае правы былі сапраўды парушаны з боку дзяржавы. Пры гэтым дзяржава павінна была вярнуць мне суму выплачанага штрафу і ліквідаваць умовы, якія сталі прычынай парушэння правоў чалавека. Аднак да сённяшняга часу рашэнне Камітэта беларуская дзяржава не выканала, спасылаючыся пры гэтым на рэкамендацыйны характар рашэнняў гэтага аўтарытэтнага міжнароднага праваабарончага органа.

 

 

­– У Віцебску, ды яшчэ ў некаторых гарадах Беларусі, напрыклад, у Наваполацку, Гомелі, не першы год заўважаныя спробы актывізацыі элементаў, якія прылічваюць сябе да гэтак званага РНЕ. Наколькі гэта сур’ёзная з’ява для Беларусі? Адкуль карані іх ўзнікнення?

 

– У любым грамадстве  заўсёды знойдзецца частка людзей, якім падабаецца прафашысцкая ідэалогія. Ва ўсходнія рэгіёны Беларусі гэтая ідэалогія прасочваецца з Расіі. Час ад часу на сценах будынкаў, у падземных пераходах, на слупах з’яўляюцца фашысцкія сімвалы або ўлёткі. Аднак гэтая ідэалогія не атрымала шырокага распаўсюджвання сярод беларусаў і, спадзяюся, наўрад ці знойдзе ў будучым.

 

 

– Не сакрэт, што звароты ў міліцыю грамадзян на пагрозы з боку РНЕ, альбо на выкарыстанне фашысцкай сімволікі, часта застаюцца без адказу. Гэтак было неаднаразова і ў Віцебску, а вось нядаўна пракуратура Наваполацка адмовіла ва ўзбуджэнні справы па заяве праваабаронцы Зміцера Салаўёва на распаўсюд у горадзе фашыстоўскай сімволікі. Ці сведчыць гэта пра тое, што ўлады не прыдаюць гэтай праблеме належнай увагі?

 

­– На мой погляд, улады добра ведаюць тых, хто займаецца падобнымі справамі. Аднак паколькі гэтыя людзі  не ўяўляюць пагрозы для дзеючай улады, дык яна проста прыкрывае вочы на падобныя з’явы. І пакуль з боку праваахоўных органаў не будуць прымацца энергічныя меры па выкараненні фашысцкіх праяваў, то камунальныя службы будуць і надалей сарамліва замазваць  прафашысцкую сімволіку ў беларускіх гарадах.

 

 

– Яшчэ раней, напрыканцы траўня 2008 года, калі ў дачыненні да Вас была ўзбуджаная крымінальная справа па 130 артыкулу Крымінальнага кодэксу, з адмысловымі заявамі выступілі міжнародныя арганізацыі - Фундацыя Дамоў Правоў Чалавека і  Aбсерваторыі па Абароне Праваабаронцаў. Ці лічыце Вы, што салідарная пазіцыя міжнародных праваабарончых арганізацыі і грамадзянскай супольнасці тут, у Беларусі, здольныя ўплываць на пазіцыю улады ў дачыненні да праваабаронцаў?

 

На жаль, у цяперашні час, беларускія ўлады практычна не прыслухоўваюцца да голасу праваабаронцаў, нават міжнародных. Усё вырашае палітычная мэтазгоднасць. А салідарнасць з боку праваабарончых арганізацый і грамадзянскай супольнасці дапамагае ахвярам рэпрэсій перажыць цяжкія часы.

 

– У інтэрвію для “Радыё Свабода” Вы днямі заявілі, што “толькі ў адкрытым судовым працэсе можна даказаць сваю невінаватасьць”. Ці мяркуеце, што суд можа мець закрыты характар?

 

– Напрыклад, у артыкуле , які змясціла газета “Советская Белоруссия” наўмысна замоўчваецца той факт, што мяне вінавацяць яшчэ й па частцы 2 артыкула 367  Крымінальнага Кодэксу РБ — у паклёпе на прэзыдэнта краіны. Таму складваецца ўражанне, што выкарыстанне гэтага абсурднага абвінавачвання мае на мэце зрабіць судовы працэс цалкам закрытым для грамадскасці, у першую чаргу для журналістаў ды прадстаўнікоў праваабарончых арганізацый.

 

 

Даведка “Spring 96”: Леанід Свецік нарадзіўся ў Крычаве на Магілёўшчыне ў 1965 годзе. Скончыў фізіка-матэматычнае аддзяленне Магілёўскага педагагічнага інстытута. Акрамя праваабарончай дзейнасці займаецца журналістыкай і літаратурай. Выдаў кнігу паэзіі “А мимо вдаль уходят поезда”.  Сябар Беларускага Хельсінскага камітэта і Беларускай асацыяцыі журналістаў.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international