У Віцебску судзілі ўдзельнікаў акцыі Дня Волі

2009 2009-03-27T11:18:40+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/vicebsk.jpg
Фота Радыё Рацыя

Фота Радыё Рацыя

Такога суду ў горадзе на Дзвіне яшчэ ня бачылі. Суддзя Кастрычніцкага суду Алёна Казілава правяла паседжанне адначасова па некалькім справам, у тым ліку па тым, якія нават не былі звязаныя паміж сабою. Спачатку яна разам разгледзела справы Сяржука Каваленкі, Ігара Базарава і Валера Аляксандрава.

 

Пры гэтым адмовіла сябру КХП-БНФ Каваленку ў вядзенні працэса па-беларуску. Па яе словах, у нашай краіне “прыярытэт мае руская мова”. Ані Базараў, ані Каваленка, ані Аляксандраў не адмаўляліся ад таго, што выйшлі на цэнтральную вуліцу Віцебска на Дзень Волі з бел-чырвона-белымі сцягамі, таму відэаздымкі, якія па замове міліцыянтаў прадэманстравалі ў залі суда, выглядалі залішнімі. Асабліва з каментаром да падзеі намесніка Кастрычніцкага РАУС Аляксандра Каліноўскага, які насуперак законам зрабіў катэгарычную заяву, што ў нашай краіне нельга выказваць свае палітычныя погляды без дазволу ўлады.

 

Дэманстранты так не лічылі. Сяржук Каваленка падкрэсліў сваё законнае права на выказванне думак, а Ігар Базараў, які разам з інвалідам Валерам Аляксандравым упершыню выйшаў на палітычную акцыю, адзначыў сэнс сваіх дзеянняў:

– Паказаць незадавальненне. Ад усяго народа паказаць. Народ у нас баіцца выходзіць. Калісьці прачнуцца, насамрэч прачнуцца. Камусьці ж трэба выходзіць.

Валер Аляксандраў дадаў, што абрыдзела быць жывёламі. Калі да разгляду справы трох абвінавачваных далучылі яшчэ гарадокскага актывіста Аўтухова, якога затрымалі ў іншы час ды ў іншым месцы, суд пачаў нагадваць фарс.

Мець свайго прадстаўніка суддзя яму не дазволіла. Што праўдай, сябра БНФ Леанід Аўтухоў усё ж прымусіў суддзю выклікаць перакладчыцу. Настаўніца беларускай мовы Святлана Ламакіна была вельмі здзіўленай, што за сцяг перад мемарыяльнай дошкаю Васілю Быкаву ў Віцебску можна атрымаць пакаранне.

Наступнымі падсуднымі, справу якіх Алёна Казілава пачала разглядаць, ня скончыўшы папярэднія, былі Аляксандр Кузняцоў з “Моладзі БНФ” і Міхась Гранаў. У Міхася, які таксама ўпершыню ўдзельнічаў у палітычнай акцыі, супрацоўнік аддзела па наркакантролю і гандлю людзьмі ў цывільным выхапіў з рук бел-чырвона-белы сцяг. Кузняцоў знаходзіўся побач. Затрымалі іх праз пэўны час, калі яны былі за некалькі кіламетраў ад месца падзеяў. На пытанне, “за што?”, Аляксандр Кузняцоў адказаў:

– Вось я таксама дапытваўся. Супрацоўнікі РАУС так і ня здолелі мне нешта паведаміць па гэтае справе. І толькі ў пастарунку двух юнакоў абвінавацілі ў несанкцыянаваным шэсці.

 

Гэтае абвінавачанне пракаментаваў праваабаронца Павал Левінаў:

– Калі я летась падаў замову ў гарвыканкам на вулічнае шэсце ў колькасці двух асобаў, я атрымаў адказ, што, паважаны спадар Левінаў, вашае шэсце з таварышам ня ёсць масавым мерапрыемствам, бо вы толькі ўдваіх. Таму Віцебскі гарвыканкам ня можа рэгламентаваць вашыя перасоўванні па гораду.  

У выніку ці то прысуды, ці то разгляды ўсіх справаў перанесеныя на пятніцу. Наконт Аўтухова зразумела, бо ён патрабаваў удзелу адваката. Чаму перанесеныя астатнія, невядома. Хутчэй за ўсё таму, што акрамя гэтых, якія не лічыліся ў плане працы суддзі, там фігуравала яшчэ 17 адміністратыўных справаў, на якія было адведзена ўсяго дзве с паловай гадзіны.
Дарэчы, больш за 20 чалавек у суд прывезлі на адным міліцэйскім УАЗіку.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international