У Грузіі абураныя абвінавачаньнямі на адрас актывістаў «Кхмары»

2005 2005-08-26T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Тэма затрыманых у Менску актывістаў грузінскай моладзевай арганізацыі “Кхмара” абмяркоўваецца ў Грузіі. Абвінавачаньні беларускага КГБ, нібыта Георгі Кандэлакі й Лука Цуладзэ ўмешваліся ва ўнутраныя справы Беларусі, у Тбілісі называюць абсурднымі. Міністар адукацыі й навукі ўраду Грузіі Каха Лумая асабіста ведае Георгія Кандэлакі й Луку Цуладзэ. Ён кажа, што арышт іх у Менску грузіны ўспрынялі з болем, бо, на думку міністра, тыя ні чым не вінаватыя, і затрыманы незаконна. “Рэжым, які перадусім трымаецца так адносна ўласных грамадзян (я маю на ўвазе апазыцыю й грамадзкія аб’яднаньні), гэткім жа чынам паводзіць сябе й дачынна замежнікаў. Я думаю, што гэты рэжым асуджаны на тое, каб сам беларускі народ указаў яму месца на гістарычнай звалцы”, -- заявіў грузінскі міністр “Радыё Свабода”.

Міністар грузінскага ўраду Каха Лумая кажа, што ўлады ў Тбілісі ўсяляк падтрымаюць сваіх грамадзян, незаконна затрыманых у Менску. Адначасна ён зазначыў, што грузінскія грамадзкія арганізацыі захаваюць цесныя сувязі зь беларускімі калегамі.

“Я мяркую, што такімі захадамі беларускі ўрад ня зможа спыніць тыя дэмакратычныя працэсы, што адбываюцца ў Беларусі. У беларускага народу вельмі шмат сяброў, і ў беларускіх дэмакратаў ды грамадзянскіх актывістаў вельмі шмат сяброў, у тым ліку, — і ў Грузіі”, -- заявіў кажа міністр.

Міністар Лумая перакананы, што арышты й дэпартацыі, якія ажыцьцяўляюць беларускія ўлады, сьведчаць пра іхную слабасьць.

Актывіст руху “Кхмара” Георгі Мэладзэ, блізкі сябар Георгія Кандэлакі й Лукі Цуладзэ, зазначыў “Свабодзе”, што ня верыць заявам беларускага КГБ, паводле якіх ягоныя паплечнікі, быццам бы, умешваліся ва ўнутраныя справы Беларусі, бралі ўдзел у несанкцыянаваных акцыях апазыцыі ці распаўсюжвалі друкаваныя выданьні дэструктыўнага зьместу.

“Я ня думаю, што яны там былі для гэтага. Папросту гэта абсурдная заява рэжыму, які шукае ўсялякія прычыны, каб ізаляваць сябе ад астатняга сьвету”, -- паведаміў Георгі Мэладзэ “Радыё Свабода”.

Спадар Мэладзэ паведаміў, што Лука Цуладзэ — рэжысэр, ён закончыў тэатральны інстытут і цяпер ставіць свае спэктаклі ў розных грузінскіх тэатрах. А Георгі Кандэлакі атрымаў спэцыяльнасьць палітоляга на філязофскім факультэце ўнівэрсытэту, цяпер працуе журналістам, піша для розных СМІ Грузіі. Разам з тым, і Цуладзэ, і Кандэлакі сапраўды зьяўляюцца актывістамі “Кхмары”, яны бралі ўдзел у рэвалюцыйных падзеях у Грузіі. Спадар Мэладзэ зазначыў РС, што арышт ягоных сяброў успрынялі ў Грузіі як вельмі непрыемную, аднак звычайную для цяперашняй Беларусі падзею.

Беларускія ўлады маюць намер бліжэйшымі днямі дэпартаваць памянёных грамадзян Грузіі Георгія Кандэлакі й Луку Цуладзэ з тэрыторыі краіны. Міністэрства замежных справаў Грузіі з нагоды затрыманьня ў Менску актывістаў арганізацыі “Кхмара” апублікавала заяву, у якой асудзіла “беспадстаўнае затрыманьне грузінскіх грамадзян беларускім бокам”. МЗС Грузіі расцаніў гэтыя дзеяньні як “правакацыйныя” й катэгарычна запатрабаваў “неадкладнага вызваленьня” затрыманых.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international