Праект рэканструкцыі Купалаўскага парушае закон аб ахове помнікаў

2009 2009-03-13T18:08:59+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/kupala-theatr.jpg

Тое, што праект пашырэння тэатра імя Янкі Купалы ў цэнтры сталіцы даверылі ствараць студэнцкаму бюро Архітэктурнага факультэта БНТУ, выклікае здзіўленне нават у супрацоўнікаў Мінкульта.

Як патлумачыў Еўрарадыё начальнік Аддзела навукова-праектных работ Міністэрства культуры Ўладзіслаў Рута, звычайна такую працу даручаюць альбо тым праектным бюро, якія даўно зарэкамендавалі сябе ў гэтай галіне, альбо тым, хто мае добрыя рэкамендацыі. Але намеснік міністра Ўладзімір Грыдзюшка чамусьці сваім рашэннем даверыў працу студэнтам, вучням прафесара Армена Сардарава, кіраўніка кафедры горадабудаўніцтва Архітэктурнага факультэта БНТУ.

Уладзіслаў Рута: “Гэтае рашэнне было неадназначна ўспрынята шмат якімі навуковымі супрацоўнікамі. Але гэта было рашэнне намесніка міністра”.

Такі варыянт можа вырашыць многія праблемы тэатра і, думку кіраўніцтва Купалаўскага, не папсуе архітэктурны ансамбль.

Гэта пры тым, што такія рашэнні павінен прымаць выключна навуковы кіраўнік праекта рэстаўрацыі. Менавіта ён выбірае праектыроўшчыкаў. А потым нясе ўсю адказнасць за тое, што ў выніку атрымаецца. У выпадку з Купалаўскім тэатрам навуковым кіраўніком праекта была прызначана Людміла Іванова, вядомая па працы над рэканструкцыяй Тэатра оперы і балета. Тое, што выйшла ў выніку з нетраў студэнцкага праектнага бюро, прывяло навуковага кіраўніка ў шокавы стан.

Людміла Іванова: “Гэта ж маразматычны варыянт, над якім немагчыма працаваць! Я лічу, што Сардараў проста водзіць за нос тэатр. Гэта прыбудова, якую яны робяць, з пункту гледжання прафесійнага архітэктара, абсалютна не вырашае праблем тэатра. Тэатру сёння патрэбная вялікая сцэнічная пляцоўка. Пашыраць яе можна толькі за кошт ужо наяўнай сцэнічнай пляцоўкі, рухацца ў бок задняга фасаду, а ніяк не прыбудовы збоку, якая нічога не вырашае! А маем нейкую штуковіну збоку, якая ўвогуле — не зразумееш, што такое!”

На думку Людмілы Івановай, “новы аб’ём” побач з будынкам тэатра знішчыць яго як помнік архітэктуры. За “чыстую” рэстаўрацыю выступае і начальнік Аддзела навукова-праектных работ Мінкульта Ўладзіслаў Рута.

Уладзіслаў Рута: “Я бы пакінуў усё як ёсць — зрабіў чыстую, рафінаваную рэстаўрацыю і будаваў бы на новым месцы раскошны, сучасны тэатр з усім адпаведным узроўнем”.

Але адкуль тады ўзнік праект студэнцкага бюро? Паводле слоў Людмілы Івановай, прафесар Армен Сардараў сам выклікаўся зрабіць праект на адным з пасяджэнняў савета.

Людміла Іванова: “Ён сам прапанаваў сябе. На навукова-метадычным савеце, калі нам усяго толькі сказалі дапрацаваць задні фасад, ён прапанаваў: “А давайце мы сваімі намаганнямі паспрабуем, раптам у нас будзе нейкая свежая ідэя”. Яму сказалі: “Давайце!”. Але гэта ўсё носіць такі неафіцыйны характар”.

Шмат нараканняў выклікаў прапанаваны студэнцкім бюро праект і ў вядомага беларускага архітэктара і скульптара Леаніда Левінава.

Леанід Левінаў: “Сардараў ніколі не займаўся сур’ёзнай архітэктурай. Так, студэнты могуць даць цікавую ідэю, але ў гэтым выпадку такога не здарылася. У нас сёння ёсць магчымасць раскласці тысячу часопісаў, паглядзець і ўзяць шкло, бетон, кола, квадрат… Але ж трэба знайсці душу Беларусі! Асабліва ў гэтым праекце”.

Акрамя прафесійных і эстэтычных нараканняў, прапанаваны праект выклікае ў Людмілы Івановай сумнеў у яго законнасці.

Людміла Іванова: “Тэатр знаходзіцца ў скверы, які сам з’яўляецца помнікам архітэктуры. Гэта не проста ахоўваемая зона, а помнік архітэктуры. Ён ахоўваецца дзяржавай. А нам прапаноўваецца на тэрыторыі сквера будаваць, па сутнасці, новы аб’ект. Гэта недапушчальна паводле закона, ідзе парушэнне закона аб ахове помнікаў”.

А супрацоўнік Мінкульта Ўладзіслаў Рута кажа, што студэнцкае бюро ўвогуле не мае права працаваць над праектнай дакументацыяй такога ўзроўню.

Уладзіслаў Рута: “Студэнты не могуць выдаваць праектную дакументацыю такога ўзроўню. На ўзроўні эскізаў, мазгавога штурму — і не больш”.

Дырэктар Купалаўскага тэатра Мікалай Кірычэнка сказаў Еўрарадыё, што яшчэ ў панядзелак атрымаў з Мінкульта паперу, якая фактычна зацвердзіла прапанаваны студэнцкім бюро праект. Што дзіўна, навуковы кіраўнік праекта рэстаўрацыі тэатра Людміла Іванова такой паперы не атрымлівала. Калі ж, кажа, яна прыйдзе, то будзе змагацца, каб праект “кентаўрызацыі” тэатра не ажыццявіўся.

Людміла Іванова: “Я такой паперы не атрымлівала. Вось калі атрымаю, то буду пісаць адказ. Бо гэта несур’ёзныя адносіны, мякка кажучы”.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international