Брусель і Мінск пачынаюць дыялог аб правах чалавека

2009 2009-03-11T15:09:44+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/eu_t.jpg

Еўрасаюз не толькі не забывае пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, але распачне асобны дыялог для іх абароны. Мінск ужо даў сваю згоду на ўзаемадзеянне па праваабарончай тэматыцы. Гэтае рашэнне беларускіх уладаў можа быць успрынятае як чарговы крок насустрач Бруселю, але пытанне аб эфектыўнасці асобнага праваабарончага дыялогу пакуль застаецца адкрытым. Абарона правоў і свабодаў і вяршэнства закона прапісана ва ўсіх асноватворных дакументах Еўрасаюза як прылада падтрымання міру, бяспекі і росквіту. Менавіта таму правы чалавека — неад'емная частка агульнай знешняй палітыкі краін аб'яднанай Еўропы.

 

У той час як кожная асобная краіна зыходзіць з нацыянальных інтарэсаў, Брусель у сваіх рашэннях і агульнай палітыцы грунтуецца на адзіных каштоўнасцях і прынцыпах. Таму пытанні адмены смяротнага пакарання, падтрымкі правоў дзяцей, жанчын і, уласна, праваабаронцаў заўсёды ўпісаныя ў двухбаковыя дамоўленасці, пры тым што ў парадку дня стаяць зусім не першымі пунктамі.

 

Каб абарона свабодаў і правоў не згубілася сярод іншых інтарэсаў членаў ЕС, Брусель увёў адмысловы дыялог па правах чалавека.

 

У кіраўніцтве ЕС па вядзенні такога дыялогу, якое на сайце Еўракамісіі даступнае таксама на рускай мове, зазначана, што Брусель мае намер "актывізаваць працэс уключэння правоў чалавека і задач дэмакратызацыі ва ўсе аспекты сваёй знешняй палітыкі".

 

Зусім нечакана на мінулым тыдні высветлілася, што дамоўленасць пачаць такі дыялог дасягнута паміж Беларуссю і ЕС.

 

Дыялог па правах чалавека пачынаецца па ўзаемнай згодзе бакоў. Яго мэты таксама вызначаюцца на двухбаковай аснове. Яны могуць уключаць падпісанне і рэалізацыю прававых дакументаў міжнароднага гуманітарнага права, барацьбу з дыскрымінацыяй, падтрымку свабоды слова, дэмакратызацыі, грамадзянскай супольнасці, міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне юстыцыі.

 

Дыялог ініцыюецца Рабочай групай ЕС па правах чалавека разам з іншымі групамі. Яны ж праводзяць папярэднюю ацэнку сітуацыі ў краіне, устанаўліваюць мэты і крытэрыі адзнакі эфектыўнасці ўзаемадзеяння па праваабарончых пытаннях. Канчатковае рашэнне аб пачатку дыялогу прымае Савет міністраў Еўрасаюза.

 

У рамках дыялогу прадугледжваецца паралельнае супрацоўніцтва на ўрадавым узроўні і з грамадзянскай супольнасцю. Запланавана таксама, што сустрэчы, дыскусіі і справаздачы аб прагрэсе ў дасягненні пастаўленых мэтаў павінны быць рэгулярнымі.

 

9 сакавіка, выступаючы ў Празе, экс-прэзідэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл падкрэсліў, што, нягледзячы на сусветны фінансавы крызіс, Еўрасаюз не павінен надаваць павышаную ўвагу эканамічным інтарэсам "на шкоду самаму галоўнаму". Паводле яго слоў, немагчыма з абыякавасцю ставіцца да падзей у Кітаі, Расіі, М'янме, на Кубе, у Беларусі і іншых краінах.

 

"Еўрасаюз павінен праявіць жорсткасць, зрабіць абарону правоў чалавека больш прыярытэтнымі, чым эканамічныя пытанні, публікуючы звесткі аб парушэннях", — лічыць аўтарытэтны чэшскі палітык.

 

"Офіс за дэмакратычную Беларусь" быў адным з арганізатараў дыскусій у Бруселі 2—4 сакавіка. Дырэктар гэтай няўрадавай арганізацыі Вольга Стужынская ў размове з БелаПАН расказала, што падчас свайго выступлення ў Еўрапарламенце кіраўнік палітычнага аддзела Генеральнага сакратарыята Савета ЕС Хельга Шмід гаварыла аб пачатку дыялогу па правах чалавека паміж ЕС і Мінскам. Дамоўленасць па гэтым важным пытанні, як падкрэсліла Шмід, была дасягнутая падчас візіту Хаўера Саланы ў Мінск 19 лютага. Тады генеральны сакратар Савета ЕС сустрэўся з прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам і міністрам замежных спраў Сяргеем Мартынавым.

 

У сваю чаргу пасол Беларусі ў Бельгіі Уладзімір Сянько пацвердзіў гатоўнасць беларускіх уладаў пачаць такі дыялог з Бруселем, гаворыць Стужынская.

 

Кіраўнік "Офіса за дэмакратычную Беларусь" вітала гэты факт. Яна звярнула ўвагу, што мэты і змест дыялогу па правах чалавека залежаць ад кожнай пэўнай краіны, але фармат нязменны. Празрыстасць усіх дыскусій і актыўны ўдзел прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці Беларусі павінны быць важнымі складнікамі перамоўнага працэсу. Няўрадавыя арганізацыі будуць таксама ўцягнутыя ў ацэнку прагрэсу, нагадвае Стужынская.

 

"Спадзяюся, што сітуацыя з правамі чалавека не згубіцца ў палітычным парадку дня Мінска і Бруселя", — гаворыць Стужынская. Грамадзянская супольнасць Беларусі павінна з самага пачатку паўплываць на фарміраванне перамоўнага працэсу і звярнуць увагу Бруселя на гэты важны аспект. Паводле меркавання Стужынскай, правы чалавека павінны заставацца ў перамовах на палітычным узроўні, нягледзячы на тое, што з'явіцца дадатковая платформа для іх абмеркавання.

 

Між тым беларускі палітолаг Юрый Чавусаў скептычна ацэньвае гэты новы дыялог і заклікае не абсалютызаваць значэнне правоў чалавека для наднацыянальных еўрапейскіх бюракратычных структур.

 

Ю.Чавусаў нагадаў, што Еўрасаюз ствараўся як эканамічнае аб'яднанне, у яго аснову пакладзеныя такія каштоўнасці, як агульны рынак, свабодны гандаль, адзіная палітыка ў галіне працы. Гуманітарнае вымярэнне з'явілася пазней. Больш за тое, кожная краіна ЕС мае сваю пазіцыю па ўмяшанні ў пытанні правоў чалавека ў трэціх краінах, і яны вельмі адрозніваюцца, гаворыць эксперт.

 

Палітолаг таксама зазначыў, што іншыя міжнародныя структуры — Савет Еўропы і АБСЕ — бліжэйшыя да гуманітарных пытанняў, чым ЕС. Праваабарончы дыялог можа стаць адным з франтоў, дзе ЕС і Беларусь будуць весці "гульню ўзаемных уступак", лічыць ён.

 

Палітолаг адзначыў заклапочанасць беларускіх праваабаронцаў тым, што дыялог Беларусі і ЕС мае загадзя вызначаны вынік: канстатаванне значных паляпшэнняў. Аднак, паводле яго слоў, у праваабарончай галіне змены дагэтуль не былі сістэмнымі.

 

Чавусаў лічыць, што грамадзянская супольнасць краін ЕС павінна паўплываць на свае ўрады і еўрапейскіх бюракратаў, каб дыялог па правах чалавека не стаў прафанацыяй, прадметам гандлю, які не толькі не спрыяе, але нават шкодзіць праваабарончай сітуацыі ў Беларусі і падрывае цэнасную аснову Еўропы, паведамляе БелаПАН

 

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international