Ціск на астравецкіх актывістаў працягваецца

2009 2009-03-10T08:47:35+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/kruk.jpg
Фота \"Радыё Свабода\"

Фота \"Радыё Свабода\"

Пракурор Астраўца выдаў ордэр на агляд кватэраў актывістаў Івана Крука й Мікалая Ўласевіча, якія выступаюць супраць будаўніцтва ў рэгіёне атамнай электрастанцыі. Ордэр быў выдадзены яшчэ ў пятніцу й супрацоўнікі міліцыі спрабавалі тады правесьці агляд, але не зрабілі гэтага.


У Міколы Ўласевіча нікога не было ў хаце, а сын Івана Крука адмовіўся каго-колечы без дазволу бацькі пускаць у кватэру.

Сёньня, са слоў Івана Крука, пракурор патлумачыў яму, што ордэр быў выдадзены ў сувязі з выхадам у рэгіёне незарэгістраванага выданьня “Астравецкі весьнік”.

“Астравецкі весьнік” самастойна выдалі чальцы аргкамітэту грамадзянскай ініцыятывы “Астравецкая атамная — гэта злачынства”. У першым нумары выданьня зьмешчаны матэрыялы, скіраваныя супраць будаўніцтва Астравецкай АЭС.

Сябры аргкамітэту лічаць, што АЭС “па азначэньні ня можа быць пабудаваная ў самай сэйсманебясьпечнай зоне, якой зьяўляецца Астравецкі раён Гарадзенскай вобласьці”. Пра гэта гаворыцца ў матэрыяле старшыні аргкамітэту Міколы Ўласевіча.

Нагадаю, што сябры аргкамітэту грамадзянскай ініцыятывы “Астравецкая атамная — гэта злачынства” ўжо неаднаразова зьвярталіся да мясцовых уладаў, каб тыя дазволілі правесьці пікеты, сустрэчу з навукоўцамі з мэтай давесьці да людзей марнасьць ідэі пабудовы станцыі ў раёне. Усе разы ім было адмоўлена. Акрамя гэтага, мясцовая раёнка адмовілася зьмяшчаць на сваіх старонках матэрыялы чальцоў аргкамітэту, у якіх крытыкавалася пазыцыя беларускіх уладаў у дачыненьні да будаўніцтва АЭС.

“Усе гэтыя прычыны й сталі нагодай для зьяўленьня новага выданьня”, — падкрэсьліў Мікола Ўласевіч.

Спадары Крук і Ўласевіч напісалі скаргу на дзеяньні раённага пракурора Генэральнаму пракурору.


 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international