Новы крок у перадвыбарчай кампаніі Аляксандара Лукашэнкі – падпісаны чарговы папулісцкі Ўказ.

2005 2005-08-24T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

23 жніўня Аляксандар Лукашэнка падпісаў Указ, які зьмякчае кантрактную сыстэму найму працаўнікоў. Указ дадаткова абараняе правы на працу цяжарных жанчын, асоб перадпэнсійнага ўзросту, іншых катэгорый грамадзян. Прадстаўнікі незалежных прафсаюзаў лічаць гэтыя зьмены нязначнымі й дамагаюцца скасаваньня кантрактнай сыстэмы цалкам, паведамляе радыё Свабода.

Паводле прэсавай службы Аляксандра Лукашэнкі, Указ скіраваны на абмежаваньне суб’ектывізму наймальнікаў у пытаньнях заключэньня й спыненьня кантрактаў. Цяпер тэрмін працягу кантракту павінен быць ня меншым за адзін год. Тэрмін кантрактаў зь цяжарнымі жанчынамі й тымі, хто знаходзіцца ў адпачынку з прычыны дагляду дзіцяці да трохгадовага ўзросту, мусіць быць ня меншым, чым да сканчэньня гэтых адпачынкаў. З жанчынамі 53 гадоў і мужчынамі 58 гадоў кантракты павінны заключацца ня меней, чым на два гады.

Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў з 1999 году выступае супраць кантрактнай сыстэмы, уведзенай Дэкрэтам Аляксандра Лукашэнкі нумар 29. Прафсаюзы нават ладзілі акцыі пратэсту супраць усеагульнай кантрактнай сыстэмы. Лідэр БКДП Аляксандар Ярашук называе памянёную сыстэму найбольш балючай праблемай для працоўных і падставай незадаволенасьці ў краіне. Новы указ А.Лукашэнкі, хаця і зьмякчае нэгатыўныя наступствы кантрактнай сістэмы, у цэлым нічога не мяняе, лічыць спадар Ярашук: “Я з усёй адказнасьцю магу заявіць: гэта тое самае, што ўдасканаліць прыгоннае права ці рабаўладальніцкі лад. Па-сутнасьці, гэтыя крокі не скасоўваюць прыгоннага характару кантрактанай сыстэмы, якая сёньня існуе ў краіне”.

Спадар Ярашук Указ Лукашэнкі назваў спробай маніпуляваць сьвядомасьцю працоўных. Ён па-ранейшаму перакананы, што кантрактная сыстэма ў тым выглядзе, у якім яна дзейнічае ў Беларусі, мусіць быць скасавана.

Эканаміст Яраслаў Раманчук мяркуе, што А.Лукашэнка, разумеючы незадаволенасьць людзей кантрактамі, пайшоў на паслабленьні з палітычных меркаваньняў: “Гэта безумоўна палітычны крок, гэта ўжо частка ягонай перадвыбарчай кампаніі. Як і падвышэньне пэнсіяў, што цяпер гучна рэклямуецца”.

Яраслаў Раманчук упэўнены, што асобам, зь якімі не падаўжаюць кантрактаў за іхную палітычную дзейнасьць ці перакананьні, гэты Ўказ ніякай палёгкі ня дасьць.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international