Агляд-хроніка парушэньня правоў чалавека ў Беларусі, люты 2009 году

2009 2009-03-02T18:21:12+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/viasna.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У лютым у Менску былі гвалтоўна разагнаныя традыцыйныя мірныя дэмакратычныя акцыі: 14 лютага – Дзень Любові і 16 лютага – Дзень салідарнасьці. У выніку некаторым іх удзельнікам прыйшлося зьвярнуцца ў медустановы для аказаньня медыцынскай дапамогі, аднак затрыманьняў у абодвух выпадках не было.

Атрымала працяг вайсковая справа. Усе трое моладзевых актывістаў – Франак  Вячорка, Зьміцер Хведарук і Іван Шыла, гвалтоўна прызваныя на службу ў мінулым месяцы, трапілі ў шпіталь па стану здароўя. Гэта яшчэ раз яскрава засьведчыла фальсіфікаванасьць вынікаў медыцынскіх заключэньняў, згодна з якімі хлопцы былі прызнаныя годнымі для службы ў войску. Аднаму з іх – Змітру Хведаруку была зроблена аперацыя. Між тым судовыя абскарджаньні падобных дзеяньняў пакуль ня мелі посьпеху. 

Акрамя таго ў Беларусі працягнуўся палітычна матываваны крымінальны перасьлед: супраць асуджанага па працэсу 14-ці ўдзельніка леташняй мірнай акцыі пратэсту Максіма Дашука ўзбуджана новая крымінальная справа за ўхіл ад адбыцьця пакараньня.

8 лютага ўступіў у сілу Закон Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі»", які дэмакратычная грамадзкасьць ужо назвала "драконаўскім". Міжнародныя арганізацыі, у сваю чаргу, неаднаразова заклікалі беларускія ўлады прывесьці гэты закон у адпаведнасьць з міжнароднымі стандартамі. Закон вызначае парадак заснаваньня, дзяржаўнай рэгістрацыі, перарэгістрацыі СМІ і распаўсюду іх прадукцыі. Па словах першага намесьніка міністра інфармацыі Ліліі Ананіч, новы закон аб СМІ "істотна спрашчае рэгістрацыю выданьняў", а таксама "ўстанаўлівае дакладны механізм адказнасьці". Між тым, «у адпаведнасьці з артыкулам 54 Закона ўсе сродкі масавай інфармацыі, зарэгістраваныя ў Міністэрстве інфармацыі да 8 лютага 2009 года, павінны на працягу года – да 9 лютага 2010 года – прайсьці перарэгістрацыю паводле патрабаваньняў Закона. Такім чынам, улады могуць не працягнуць ліцэнзіі тым выданьням, якія для іх невыгодныя. Пакуль што гэта не тычыцца інтэрнэт-рэсурсаў, дзейнасць якіх будзе рэгулявацца пастановамі Савету міністраў. Таксама СМІ забаронена атрымліваць грашовыя сродкі і маёмасьць ад замежных юрыдычных і фізічных асобаў, асобаў без грамадзянства і з ананімных крыніцаў. Уводзіцца забарона працы карэспандэнтаў замежных СМІ на тэрыторыі Беларусі без акрэдытацыі. 

4 лютага ў Менску адбыўся круглы стол на тэму “Заканадаўства аб СМІ як фактар развіцьця нацыянальнай інфармацыйнай прасторы”, арганізаваны Мінінфармацыі і ГА “Беларускі саюз журналістаў. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі ўлады, АБСЕ, Еўракамісіі. Журналісцкую грамадзкасьць прадстаўлялі старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна і яе намесьнік, юрыст Андрэй Бастунец, прадстаўнікі шэрагу недзяржаўных выданьняў: Іосіф Сярэдзіч (“Народная воля”), Васіль Зданюк (“СНплюс. Свободные новости плюс”), Ірына Крыловіч (“Белорусы и рынок”), Андрэй Дынько (“Наша Ніва”). Падобная дыскусія праходзіла ўпершыню і атрымалася дастаткова вострай. Асаблівая ўвага была нададзена новаму беларускаму Закону "Аб СМІ".

Першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Натальля Пяткевіч заявіла, што “ажыятаж, падняты вакол новага закону аб СМІ, у многім зьяўляецца надуманым і штучным”. Незалежныя эксперты, прадстаўнікі недзяржаўнай медыясупольнасіці паспрабавалі ўзьняць набалелыя пытаньні. Каментуючы прайшоўшую дыскусію, некаторыя яе ўдзельнікі выказалі меркаваньне, што гэтае мерапрыемства было арганізавана "для птушкі" і заклікана было прадэманстраваць Еўрасаюзу гатоўнасьць уладаў да дыялогу з грамадзтвам. Нягледзячы на тое, што паводле словаў юрыста Андрэя Бастунца, нічога прынцыпова новага падчас размовы яе ўдзельнікі не выказалі і не пачулі, тым ня менш размова  была цікавай: “Не тое што кожны прыйшоў, агучыў сваю пазіцыю, нікога больш не пачуў, і ўсе разышліся… На тыя пытаньні, якія задавалі прадстаўнікі СМІ, гучалі адказы, на якія, зноў жа, была магчымасьць адрэагаваць. То бок — гэта быў дыялог. Але ці будуць нейкія зрухі пасьля гэтага дыялогу — пакуль цяжка сказаць. Я не думаю, што менавіта ён можа паўплываць на далейшую сітуацыю” – распавёў намесьнік старшыні БАЖ.

Варта адзначыць, што 11 незалежных грамадзка-палітычных выданьняў дагэтуль застаюцца па-за дзяржаўнай сеткай распаўсюду. Акрамя таго, 25 лютага Маскоўскі райсуд Берасьця прызнаў №  7-8 часопіса "ARCHE-Пачатак" "экстрэмісцкімі матэрыяламі, якія падлягаюць зьнішчэньню". Напярэдадні слуханьняў Міжнародная федэрацыя журналістаў даслала ліст на імя прэзідэнта Беларусі, генеральнага пракурора і старшыні Камітэта дзяржаўнай бяспекі. У распаўсюджанай 27 лютага заяве праваабарончай арганізацыі "Рэпарцёры бяз межаў" асуджаецца рашэньне суду. "Адміністратыўны і судовы перасьлед "ARCHE" з моманту ягонага стварэньня ў 1997 годзе зьяўляецца сумным напамінкам аб тым, што адбывалася пры савецкай уладзе, - гаворыцца ў заяве. - Дадзены выпадак зьяўляецца дрэнным прадвесьцем для прагрэсу ў вобласьці свабоды прэсы, на які мы спадзяваліся".

 19 лютага адбыўся афіцыйны візіт у Беларусь дэлегацыі на чале з вярхоўным прадстаўніком па пытаньнях агульнай зьнешняй палітыкі і палітыкі бясьпекі ЕС, генеральным сакратаром Рады ЕС Хаўерам Саланай. Дзень еўрачыноўніка быў расьпісаны амаль па хвілінах: прайшлі сустрэчы з прэзідэнтам краіны Аляксандрам Лукашэнкам, міністрам замежных справаў Сяргеем Мартынавым, іншымі высокімі чыноўнікамі. Але першую сваю сустрэчу высокі госць правёў з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасьці. Спадар Салана  ў сваёй прамове адзначыў, што Еўразьвяз мае намер далучыць Беларусь да праграмы "Усходняга партнёрства", якая накіравана на збліжэньне з Азербайджанам, Арменіяй, Грузіяй, Малдовай і Украінай. Аднак гэта адбудзецца пры ўмове выкананьня афіцыйным Менскам патрабаваньняў ЕС па дэмакратызацыі беларускага грамадзтва.

20 лютага адбыўся шасьцігадзінны візыт у Менск групы дэпутатаў Еўрапейскага парламенту на чале з Крыстоферам Бізлі з Велікабрытаніі. У склад дэлегацыі таксама ўваходзілі еўрадэпутаты Лайма Андрыкьене (Літва), Хасэ Хаўьер Помес Руі (Гішпанія) і кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламенту па сувязях з Беларусьсю Яцэк Пратасевіч (Польшча). Гэтае наведваньне беларускае сталіцы ня мела афіцыйнага характару. Першапачаткова планаваліся перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам і міністрам замежных справаў Сяргеем Мартынавым, аднак афіцыйнага падцьверджаньня на іх не было атрымана. Дэлегацыя фракцыі Еўрапейскай народнай партыі Еўрапарламенту падчас кароткага візіту сустрэлася з амбасадарамі заходніх краінаў, прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў і чыноўнікамі МЗС. Увечары ў Прадстаўніцтве Еўракамісіі ў Беларусі адбылася прэс-канферэнцыя для журналістаў. У цэлым еўрадэпутаты ўхвалілі цяперашняе збліжэньне Беларусі і Еўропы, але адзначылі, што ад выкананьня правоў чалавека шмат будзе залежаць далейшае прасоўваньне беларуска-еўрапейскага дыялогу. “Еўразьвяз заўсёды займаў цьвёрдую пазіцыю ў абароне правоў чалавека і законнасьці – гэта фундаментальныя еўрапейскія каштоўнасьці,” – адзначыла Лайма Андрыкене.

Вынікі візіту высокіх асобаў могуць паўплываць на рашэньне Еўразьвязу адносна працягненьня ці адмены санкцыяў для шэрагу беларускіх чыноўнікаў на чале з Аляксандрам Лукашэнкам. Кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламенту па сувязях з Беларусьсю Яцэк Пратасевіч заявіў, што «рашэньне, якое будзе прымацца Радай Еўразьвязу, павінна прымацца аднагалосна. Калі хоць адна краіна з 27 вырашыць, што ня варта далей прыпыняць санкцыі ў адносінах Беларусі, то санкцыі ня будуць прыпыненыя. Еўрапарламент будзе прымаць сваю рэзалюцыю за два тыдні да рашэньня Рады міністраў замежных справаў. І пры прыняцьці свайго рашэньня мы будзем спасылацца на нашыя папярэднія рэзалюцыі з адзнакамі, што рэальна зроблена. Ад гэтага можа залежаць нашае заключэньне адносна таго, у лепшы або горшы бок мяняецца сітуацыя ў Беларусі». Рэзалюцыя па Беларусі будзе прынятая Еўрапарламэнтам на пачатку красавіка.

Дзярждэпартамент ЗША выдаў штогадовую справаздачу аб правах чалавека ў сьвеце за 2008 год. У дакуменце аглядаецца па краінах сітуацыя з міжнародна прызнанымі індывідуальнымі, грамадзянскімі, палітычнымі і працоўнымі правамі чалавека, абвешчанымі Усеагульнай Дэкларацыяй правоў чалавека ААН. Паводле справаздачы, сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі і надалей заставалася вельмі дрэннай, працягваліся частыя сур'ёзныя парушэньні правоў чалавека з боку ўладаў.

  1. Палітычна матываваныя крымінальныя справы

 23 лютага ў РУУС Маскоўскага раёну сталіцы быў застыманы фігурант палітычнага “працэсу 14-ці”  Максім Дашук. Актывіст прыйшоў па позве разам з адвакатам у аддзел міліцыі, дзе яму прад’явілі абвінавачаньне ў парушэньні арт. 415 Крымінальнага кодэксу за ўхіленьне ад адбыцьця пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі.Атрыкул прадугледжвае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін ад шасьці месяцаў да трох гадоў. Паводле супрацоўнікаў праваахоўных органаў, Дашуку цягам апошняга часу было вынесена некалькі папярэджаньняў за парушэньне рэжыму, абумоўленага “хатнім” арыштам. Ноч хлопец правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна. Раніцай яго адвезьлі да пракурора, які прыняў рашэньне зьмяніць меру стрыманьня на падпіску аб нявыездзе. Пра прычыны арышту распавёў актывіст: «Усе папярэджаньні былі вынесеныя за тое, што не знаходзіўся ў кватэры ў патрэбны час. Мне дазвалялася выходзіць з хаты толькі дзве гадзіны на суткі, а трэба было дапамагаць маці, бо бацька памёр яшчэ ў красавіку. Працы ў мяне не было, бо непаўнагадовы, а таксама няма менскай прапіскі». Па словах Максіма яму не сказалі, калі справа можа быць накіраваная ў суд для разгляду. «Напэўна, гэта зойме 2‑3 месяцы, якія буду знаходзіцца пад хатнім арыштам», — кажа Дашук.

Нагадаем, што непаўнагадовы Максім Дашук у траўні 2008 году быў асуджаны на паўтары гады пазбаўленьня волі без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу за ўдзел у студзенскім мітынгу прадпрымальнікаў.

  1. Перасьлед грамадзка-палітычных актывістаў і дзейнасьць сьпецслужбаў

 Нягледзячы на прыняцьце вайсковай прысягі, якая прайшла 7 лютага ў вайсковых частках у Жодзіна і вёсцы Межыцы ў Лепельскім раёне, маладафронтаўцы Зьміцер Хведарук і Іван Шыла будуць намагацца прызнаньня іх прызыву ў войска незаконным і ануляваньня рашэньняў аб прызыве праз суд. “Я зьбіраюся прасьці ўсе інстанцыі, у тым ліку і міжнародныя, - сказаў Іван Шыла пасьля прысягі. – Гэта мая прынцыповая пазіцыя, і я ад яе не адмоўлюся”.

24 лютага ў галоўным вайсковым шпіталі Міністэрства абароны Беларусі маладафронтаўцу Зьмітру Хведаруку была зробленая аперацыя на вене. Раней падчас медычнага абсьледаваньня ў войску высьветлілася, што прызыўнік хворы на варыкознае пашырэньне венаў. Праз недахоп месцаў у шпіталі аперацыю спачатку запланавалі толькі на 14 красавіка, але потым лекары зьмянілі рашэньне. 

 20 лютага Салігорскі гарадзкі суд прыняў рашэньне перадаць скаргу  Івана Шылы дзеяньні супрацоўнікаў ваенкамату пры правядзеньні прызыўных мерапрыемстваў ў Лепельскі міжгарнізонны вайсковы суд. Бацькі маладафронтаўца абскардзілі судовае рашэньне ў Менскім абласным судзе, але калі вышэйстаячая інстанцыя не адменіць рашэньне гарадзкога, то абараняць сваю скаргу Івану Шылу прыйдзецца без дапамогі адвакатаў. На думку бацькі актывіста, рабіць гэта будзе вельмі цяжка.

 Пракуратура пацьвердзіла факт зьбіцьця Франака Вячоркі ў дзень “прызыву”. 24 лютага Вінцук Вячорка як прадстаўнік моладзевага актывіста атрымаў з Менскай міжгарнізоннай ваеннай пракуратуры адказ на скаргу ад 29 студзеня, адрасаваную Беларускаму ваеннаму пракурору. У адказе адмоўлена ва ўзбуджэньні крымінальнай справы супраць службоўцаў Савецкага райваенкамату і “432 Галоўнага ваеннага клінічнага медцэнтру” з прычыны ўжываньня імі гвалту і перавышэньня ўлады. Разам з тым ваенная пракуратура вылучыла з праверкі і накіравала паводле падведамаснасьці ў іншыя сьледчыя органы матэрыялы пра ўжываньне супраць Франака Вячоркі гвалту “супрацоўнікамі міліцыі (у тым ліку неўстаноўленымі асобамі ў цывільным адзеньні)”.

26 лютага судзьдзя Натальля Жупікава Менскага гарадзкога суду разгледзела касацыйную скаргу Франака Вячоркі і пакінула у сіле рашэньне суду Савецкага раёну, які прызнаў прызыў у войска законным. На паседжаньні бацька моладзевага лідэра, намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка і адвакат казалі пра нахабнае парушэньне судом і ваенкаматам Савецкага раёну Закону аб вайсковым абавязку і вайсковай службе, а таксама Грамадзянскага працэсуальнага кодэксу. Адзначым, што ў справе аб прызыве Вячоркі падшытыя дзьве розныя версіі пратаколу паседжаньня прызыўной камісіі. У дакументах пра «абсьледаваньне» актывіста ў вайсковым шпіталі няма ніводнай лічбы ягонага артэрыяльнага ціску, а афтальмоляг «дасьледаваў» яго завочна.

 Палітык Анатоль Лябедзька застаецца ў сьпісе невыязных з Беларусі. Як паведаміў лідэр АГП  2 лютага на прэс-канферэнцыі ў офісе Партыі БНФ, праз два месяцы ён атрымаў адказ на свой зварот у Генеральную пракуратуру аб правамоцнасьці абмежаваньня ў праве на выезд за межы Беларусі. "У адказе гаворыцца: "Для высьвятленьня абставінаў, неабходных для прыняцьця абгрунтаванага рашэньня па Вашым звароце, у органы пракуратуры Расейскай Федэрацыі быў накіраваны адпаведны запыт. Да гэтага часу адказу на яго няма, што перашкаджае прыняцьцю рашэньня па гэтым пытаньні", — сказаў А.Лябедзька. Палітык нагадаў, што падставай для ўключэньня ў сьпіс невыязных з Беларусі стала крымінальная справа, узбуджаная супраць яго пяць гадоў таму па артыкуле "Абраза прэзідэнта Беларусі". У сувязі з гэтым Анатоль Лябедзька мае намер абскардзіць сваё ўключэньне ў сьпіс часова невыязных у судзе, а таксама не выключае, што сам зьвернецца ў органы пракуратуры Расіі, з тым каб атрымаць ад іх пісьмовы адказ.

  1. Парушэньні права на свободу мірных сходаў

  Гомельскі абласны выканаўчы камітэт не даў дазволу на правядзеньне сходу грамадзкіх арганізацыяў і ініцыятыў Гомельскай вобласьці, які планаваўся ў межах падрыхтоўкі да Асамблеі няўрадавых арганізацыяў. Па словах намесьніка старшыні гомельскага  гарадзкога аддзяленьня беларускага рэспубліканскага аб’яднаньня “Прававая ініцыятыва” Уладзімера Кацоры, нягледзячы на папярэднюю вусную дамову з кіраўніцтвам Дома творчасьці дзяцей і моладзі “Юнацтва” аб арэндзе памяшканьня, пазьней дырэктар установы адмовіў без тлумачэньня прычынаў, спаслаўшыся на тое, што гэта “не тэлефонная размова”. Між тым, Дом творчасьці належыць упраўленьню культуры аблвыканкама, і менавіта ўлады даюць згоду на афіцыйны дазвол.

 14 лютага ў цэнтры сталіцы міліцыя жорстка разагнала традыцыйную акцыю на дзень сьвятога Валянціна. У шэсьці на дзень закаханых узялі ўдзел каля сотні маладых людзей. Мерапрыемства не было санкцыянавана ўладамі, нягледзячы на пададзеную ў Менгарвыканкам заяўку. У выніку гвалтоўных дзеяньняў сьпецназу трое ўдзельнікаў акцыі зьвярнуліся ў шпіталь. Актывісты “Маладога Фронту” абскардзілі ў МУС і ў пракуратуры неабгрунтаванае ўжываньне сілы менскімі сілавымі органамі. Беларускія праваабаронцы, абураныя жорсткімі дзеяньнямі супрацоўнікаў міліцыі, распаўсюдзілі адмысловую заяву, у якой заклікалі ўлады выконваць свае міжнародныя абавязацельствы і спыніць грубае выкарыстаньне сілы пры разгоне мірных дэманстрацыяў.

 Віцебскі гарвыканкам не дазволіў прадстаўніку БХК Паўлу Левінаву правесьці пікет супраць парушэньня правоў грамадзян супрацоўнікамі міліцыі. Акцыя была прымеркаваная  да Дня беларускай міліцыі  4-га сакавіка. У адмове напісана, што пікет нібы «перашкаджаў бы руху мінакоў каля Летняга амфітэатра». У якасьці іншай прычыны для забароны нагадвацца пра забарону праводзіць масавыя акцыі ў цэнтры Віцебску – для гэтага гарадзкой адміністрацыяй адмыслова прадугледжаныя іншыя месцы на ўскрайку гораду. Павел Левінаў лічыць, што ў малалюдных месцах праводзіць грамадзкія акцыі немэтазгодна. І таму ўжо пяць разоў спрабаваў прыцягнуць да суду адказных асоб, якія забаранялі яму праводзіць пікеты ў цэнтры горада. Пакуль што апратэставаць рашэньне гарадзкіх чыноўнікаў яму не ўдалося, але ён і ў шосты раз зьвярнуўся ў суд.

  1. Парушэньні права на свабоду сумленьня

 У лютым з Беларусі дэпартавалі двух дацкіх сьвятароў. Згодна з рашэньнем службы міграцыі Савецкага РАУС Гомелю, ім забаронены ўезд на тэрыторыю краіны цягам аднаго году. Па паведамленьню дэпартаменту па грамадзянству і міграцыі МУС, дацкія сьвятары Рольф Берген і Эрлінг Лаўрсэн знаходзіліся ў краіне з кароткатэрміновым візітам, у часе якога спрабавалі наладзіць “незаконную рэлігійную дзейнасьць у адным з малельных дамоў пратэстанцкай абшчыны”. За гэта датчанам забаронены ўезд у Беларусь тэрмінам на год. Дацкія грамадзяне, у дачыненьне да якіх прынятае рашэньне адносна дэпартацыі на радзіму, зьбіраюцца абскардзіць падобнае рашэньне. У інтэрвію БелаПАН, Лаўрсэн і Бэрген паведамілі, што прыехалі ў Беларусь з кароткатэрміновым прыватным візытам да сваіх сяброў-вернікаў пратэстанцкай царквы “Жывая вера”. З гэтымі людзьмі яны маюць даўнія кантакты, якія ўсталяваліся дзякуючы сумесным гуманітарным праектам. 7 лютага абодва дацкія грамадзяне прысутнічалі на службе ў гомельскай царкве, а пасьля яе былі затрыманыя міліцыянтамі.

 20 лютага Лельчыцкі раённы суд вынес пастанову па адміністратыўнай справе супраць пробашча мясцовай каталіцкай парафіі ксяндза Віталя Мышоны. Раённы архітэктар склаў у адносінах да ксяндза адміністратыўны пратакол за нібыта самавольнае ўсталяваньне крыжа. Начальнік землеўпарадкавальнай і геадэзічнай службы Лельчыцкага раёну яшчэ ў студзені аформіў на адрас ксяндза прадпісаньне з патрабаваньнем або зьнесьці крыж, або аформіць адвод зямлі пад яго ўсталяваньне.За невыкананьне прадпісаньняў архітэктара ксёндз аштрафаваны на 1 базавую велічыню, за невыкананьне прадпісаньня землеўпарадкавальнай і геадэзічнай службы – на 2 базавых велічыні (агулам 105 тыс. руб.). Між тым, летась у кастрычніку каталіцкі крыж на ўезьдзе ў Лельчыцы быў усталяваны з дазволу мясцовых уладаў. Пазьней чыноўнікі райвыканкаму пачалі выстаўляць ксяндзу дадатковыя ўмовы.

  1. Адміністратыўныя затрыманьні і пакараньні грамадзка-палітычных актывістаў

3 лютага суд Цэнтральнага раёну Гомеля аштрафаваў Андруся Цянюту за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве на 50 базавых велічыняў і за супраціў міліцыі падчас затрыманьня на 30 базавых велічыняў. Агулам штраф склаў 2 мільёны 800 тысяч рублёў (1 тыс.$). Васіля Токаранку за ўдзел у пікеце аштрафавалі на 50 б.в. (1 млн. 750 тыс. руб.). На 100 б.в.(3,5 млн. руб.) штрафу суд пакараў Кастуся Жукоўскага, які здымаў акцыю на відэакамеру. У гэты дзень рэгіянальныя актывісты правялі акцыю пратэсту супраць дзеяньняў мясцовага КДБ, прайшоўшы маршам ад абласнога драмтэатру да гомельскага выканкаму з шасьціметровай расьцяжкай “КДБ нас гоніць – Канстытуцыя абароніць?”. Такім чынам яны выказалі пратэст супраць незаконных звальненьняў мясцовых актывістаў, што адбываліся пад ціскам КДБ. У Цэнтральным райаддзеле міліцыі падчас дагляду пікетоўцаў распраналі дагала, а потым адвезьлі ў суд.

 13 лютага Ленінскі райсуд сталіцы пакараў Міколу Дземідзенку штрафам у памеры 35 базавых велічыняў (1 млн. 225 тыс. руб.), Зьмітра Дашкевіча – на 40 базавых велічынь (1 млн. 400 тыс. руб.) за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. 

 21 лютага ў міжнародны Дзень роднай мовы ў Гомелі моладзь зладзіла флэш-моб у абарону беларускай мовы. Мясцовыя маладафронтаўцы прыйшлі да помніка беларускага асьветніка Кірыла Тураўскага, каб ускласьці кветкі. Яны несьлі плакат з перакрэсьленым надпісам “Родная мова” са штампам па-расейску: “Запрещено”. Вусны былі завязаныя чырвона-зялёнымі стужкамі. Міліцыянты затрымалі ўдзельнікаў, склалі адміністратыўныя пратаколы. Цэнтральны райсуд Гомелю вынес Кастусю Жукоўскаму 7 сутак арышту. Яшчэ чацьвёра – Марыся Тульзанкова, Алесь Вярцейка і двое журналістаў Зьміцер Кармазін і Алег Рыжкоў аштрафаваныя на 20 базавых велічыняў (700 тыс.руб.), Васіль Токаранка – на 50 б.в.(1 млн. 750 тыс. руб). Характэрна, што судзьдзя Дамненка нават адхіляла хадайніцтвы абвінавачаных весьці разбор справаў на беларускай мове.

 26 лютага міліцыянты затрымалі актывістку Руху “За Свабоду” Баранавічаў Аляксандру Камарову і яе сяброўку падчас правядзення апытання. Дзяўчаты абыходзілі людзей па месцы жыхарства, задаючы пытаньне: “Ці ёсьць у Беларусі крызіс, і што Вы пра гэта думаеце?”. У пастарунку ў іх адабралі анкеты і склалі пратаколы. Прычыну затрыманьня пазначылі так: “падрывалі асновы Канстытуцыйнага ладу”.

  1. Парушэньні права на свабоду асацыяцыяў

 19 лютага старшыня Баранавіцкага аддзела непрызнаванага ўладамі Саюза палякаў на Беларусі Тэрэса Селівончык папярэджана пракуратурай аб крымінальнай адказнасьці за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Паводле сябра галоўнай рады Анджэя Пачобута, гэта першы выпадак, калі ўлады вырашылі выкарыстаць крымінальны артыкул 193.1 у дачыненьні да сяброў арганізацыі. З ягоных словаў, адначасова на тэрыторыі ўсёй краіны распачаўся непрыхаваны ціск на актывістаў СПБ з мэтай прымусіць іх адмовіцца ад удзелу ў дзейнасьці арганізацыі. Людзей запрашаюць на размовы ў КДБ, МВД ці пракуратуру, дзе папярэджваюць пра магчымае прыцягненьне да крымінальнай адказнасьці за ўдзел у запланаваным на 14-15 сакавіка з'ездзе арганізацыі. Супрацоўнікі сьпецслужбаў актыўна, у тым ліку карыстаючыся інтэрнэтам, рассылаюць ананімкі з рознымі абвінавачваннямі ў адрас вядомых дзеячоў СПБ.

 У канцы лютага Гомельская абласная ўправа юстыцыі вынесла пісьмовае папярэджаньне маладзёвай краязнаўчай грамадзкай арганізацыі “Талака” за выкарыстаньне незарэгістраванай сімволікі на сваім сайце і ў абвестках, распаўсюджаных у абласным цэнтры. У лісьце, аднак, не гаворыцца, якая менавіта гэтая сімволіка. Кіраўніца гомельскай “Талакі” Ларыса Шчыракова мяркуе, што папярэджаньне хутчэй за ўсё зьвязанае з падвышэньнем актыўнасьці грамадзкай арганізацыі: “Кожны месяц мы ладзім адну-дзьве культурніцкія сустрэчы з пісьменьнікамі, паэтамі, увогуле з творчымі людзьмі, якія, можна сказаць, знаходзяцца пад афіцыйнай забаронай. Гэта проста ціск, спроба запалохаць нашую арганізацыю ў сувязі з яе актыўнасьцю”.

  1. Парушэньні прынцыпу свободы слова і распаўсюду інфармацыі

 24 лютага судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомеля Марына Дамненка пакарала штрафамі ў памеры 20 базавых велічыняў сяброў Беларускай асацыяцыі журналістаў Зьмітра Кармазіна і Алега Ражкова за “парушэньне правілаў правядзеньня вулічных акцыяў”. Падчас судовага паседжаньня судзьдзя адхіліла ўсе хадайніцтвы пра тое, каб выклікаць міліцыянтаў і іншых сьведкаў. Насамрэч журналісты зьбіралі інфармацыю аб мерапрыемстве, прымеркаванаму да Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаўся 21 лютага. Капітан міліцыі Сяргей Алейнік заявіў Зьмітру Кармазіну і Алегу Рыжкову, што яны нібыта падобныя да двух нападнікаў, якія зьбілі чалавека, і адвёў у пастарунак на апазнаньне. Аднак там на журналістаў склалі адміністратыўныя пратаколы, якія і даслалі ў суд.

 24 лютага Гомельская абласная пракуратура вынесла папярэджаньне сябру БАЖ Тацьцяне Бублікавай за дзеяньні, як сказана, “на карысьць тэлекампаніі БелСАТ, якая ажыцьцяўляе вяшчаньне на Беларусь з тэрыторыі Польшчы”.

 7 лютага Чавускі раённы суд працягнуў разгляд адміністратыўнай справы паводле пазову рэдактара недзяржаўнай крычаўскай маланакладнай газэты «Вольны горад» Сяргея Няроўнага і заснавальніка гэтага выданьня Ўладзімера Кудраўцава да дзяржаўнай газэты“Ленинский клич”аб абароне годнасьці. Гэтая судовая справа цягнулася больш за год. Нагодай для суду сталася серыя фельетонаў, якія ад 2005 году да 2007 году амаль штосуботы друкаваліся ў дзяржаўным выданьні. Пасквілі пачалі зьяўляцца ў адказ на жорсткую крытыку «Вольным горадам» працы рэдакцыі «Ленінскага кліча». Паводле заяўнікоў, аўтары фэльетонаў мэтанакіравана скажалі факты з дзейнасьці апазіцыйных палітыкаў, каб ачарніць іх у вачах простых людзей. Папярэдне суд устанавіў, што гумарэскі пісалі рэдактарка «Ленінскага кліча» Тацяна Іўкіна, яе намесьнік Уладзімер Далецкі, а таксама карэспандэнты выданьня Аляксандар Гаўрыленка і Аляксей Іваноў. Яны і выступалі адказьнікамі ў судзе. Шаснаццаць “гумарэсак” па рашэньню суду былі накіраваныя на лінгвістычную экспэртызу, якую правяла кандыдат філалагічных навук Аксана Шчарбакова.Нягледзячы на вынікі экспертызы, паводле якіх надрукаваныя ў дзяржвыданьні “творы” зьяўляюцца памфлетамі, пераходзячымі ў пасквілі, судзьдзя Алена Каралько прыняла рашэньне адмовіць заяўнікам Сяргею Няроўнаму і Уладзіміру Кудраўцаву ў задавальнені пазову на падставе таго, што падабенства паміж персанажамі фельетонаў і заяўнікамі не ўстаноўлена.

 25 лютага судзьдзя Тацьцяна Міранюк, намесьніца старшыні суда Маскоўскага раёна Берасьця, на закрытым судовым працэсе, у якім удзельнічалі толькі прадстаўнік КДБ і адвакат, прызнала № 7-8 часопіса “ARCHE-Пачатак” экстрэмісцкім” і падлягаючым зьнішчэньню, тым самым задаволіўшы заяву УКДБ Брэсцкай вобласьці “Аб устанаўленьні фактаў, якія маюць юрыдычнае значэньне”. ­­Нагадаем: 24 кастрычніка 2008 году на беларуска-польскай мяжы ў Берасьці ў аўтара выданьня Алеся Пашкевіча падчас мытнага дагляду ­багажу канфіскавалі 10 асобнікаў № 7-8 “ARCHE”. 30 сьнежня 2008 года абласное УКДБ накіравала ў суд зыск, у якім сьцвярджала: «…Праведзеным аналізам устаноўлена, што ў часопісах утрымліваюцца зьвесткі, якія дыскрэдытуюць дзейнасьць органаў улады і праўленьня РБ, узмацняюць сацыяльна-палітычную напружанасьць і супрацьстаяньне ў грамадзтве, стымулююць дзеяньні, накіраваныя на арганізацыю і ажыцьцяўленне масавых беспарадкаў, і тым самым ствараюць пагрозу бясьпецы Рэспублікі Беларусь».

Старшыня БАЖ Жанна Літві­на пракаментавала сітуацыю: «Найбольш пытаньняў выклікае тое, што суд вынес рашэньне без адпаведнай эксьпертызы, а таксама што паседжаньне праходзіла ў закрытым рэжыме. Для мяне гэта сьведыць пра жаданьне прыхаваць сутнасьць гэтага судовага працэсу ад грамадзкасьці. Яшчэ больш абсурднай гэтая сітуацыя выглядае з улікам таго, што часопіс «ARCHE» — легальнае, зарэгістраванае выданьне і, да таго ж, адзіны беларускі СМІ, запрошаны ў сетку еўрапейскіх інтэлектуальных часопісаў «Eurozine» Гэта грубы наступ на свабоду выказвання замест павагі да правоў грамадзян на атрыманне ін­фармацыі. КДБ бярэ на сябе цэнзарскія функцыі і прысвойвае права на ісціну ў апошняй інстанцыі”.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international