Вінцук Вячорка: “Армію пераўтварылі ў палітычную жандармерыю”

2009 2009-02-27T16:16:48+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/f_viachorka_u_vojsku.jpg
фота svaboda.org

фота svaboda.org

Як паведаміў карэспандэнту Euramost.org намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка, 26 лютага Мінскі гарадскі суд пакінуў у сіле рашэнне аб правамернасці знаходжання ў арміі лідэра маладзёжнай арганізацыі “Моладзь БНФ”, яго сына Франака.

- Скончылася ўсё прадказальна, - кажа мой суразмоўца. – На паседжанні судовай калегіі Мінскага гарадскога суда пытанне разглядала праславутая суддзя Жупікава. Гэта менавіта яна ў свой час “паправіла” суд ніжэйшай інстанцыі, і “Народнай волі” тады далі штраф у пяць разоў большы, чым у “раёне”. Яна ж удзельнічала ў знішчэнні беларускага ліцэя, не дазволіўшы бацькам абскардзіць рашэнне раённага суда. А зараз і я, і адвакат выклалі ўсю сітуацыю з двух пунктаў гледжання. Але падазраю, што паседжання суда Савецкага раёна наогул не было, а ўсе пратаколы былі напісаны пасля. Таму што ніякім чынам Франак Вячорка не быў запрошаны на гэта паседжанне, а ўсе нашы тэлефанаванні ў канцэлярыю суда і прыходы туды заканчваліся стандартным адказам: “Час разгляду справы і суддзя яшчэ не прызначаны”. А пасля мы даведваемся, што справа ўжо разгледжана, Франака забіраюць у армію. Гэта найгрубейшае парушэнне грамадзянска-працэсуальнага кодэкса, якое аўтаматычна павінна цягнуць за сабой адмену рашэння першай інстанцыі.

- Акрамя таго, наколькі вядома, Франака забралі ў армію да ўступлення ў законную сілу судовага рашэння.
- І гэта таксама нахабнае парушэнне, як з боку суда так і ваенкамата. Да таго ж, сына не проста забралі ў войска, а збілі, што пацвярджаецца расследваннем ваеннай пракуратуры. Парушылі права на здароўе, а можа нават і на жыццё. Я прывёў канкрэтныя факты фальсіфікацыі і замоўчвання ў яго медычных дыягназах падчас так званага абследвання. Але суд сыйшоў параіцца ў пакой і вердыкт, які быў агучаны, быў без ніякай аргументацыі і вельмі кароткі: рашэнне першай інстанцыі пакінуць у сіле. Я думаў, што яны можа прыдумаюць нейкія фармулёўкі, каб апраўдаць тое, што ўтварылі ў раённым судзе, але ніхто сябе такімі выдумкамі нават не абцяжарваў. Але матэрыялы, якія я маю на руках, дастатковыя, каб даказаць у любым дэмакратычным судзе і любой медычнай экспертызе тое бяспраўе, якое творыцца вакол гэтага палітычнага працэса. Натуральна, што я буду працягваць як юрыдычную так і інфармацыйную дзейнасць дзеля таго, каб гэта бяспраўе было спынена.

- Ці праўда, што ваш сын зараз знаходзіцца ў шпіталі?
- Так, ляжыць у стацыянары ў Баранавічах, дзе ўрачы спрабуюць яго вылечыць ад артэрыяльнай гіпертэнзіі, што пацвярджае яго “прыдатнасць” да арміі. Калі хто не ведае, то растлумачу, што гіпертанія не лечыцца. Гэта наследнае і, на жаль, на ўсё жыццё.

- Як вы ставіцеся да выказванняў наконт таго, што апазіцыйная моладзь “косіць” ад арміі?
- Служыць павінны тыя, хто прыдатны па здароўі. Любой арміі павінны здаровыя, дзеяздольныя прызыўнікі. Але прыблізна трэць прызоўнікоў маюць праблемы са здароўем. Гэта ж вядомая статыстыка. Па Баранавічах – 38 працэнтаў, па Гомельскай вобласці – 33 працэнты… Гэта моладзь непрыдатная па сардэчна-сасудзістых захворваннях, па праблемах шкілету, па страўнікавых хваробах. Тыя, хто трапляе ў гэтыя працэнты, яны ж усюды ёсць. У тым ліку і сярод маладых дэмакратычных актывістаў. У гэтым нічога саромнага няма - мець гіпертанію, але ствараць абсалютна штучны палітычны псіхоз – вельмі гнусна. І, між іншым, скіравана супраць прэстыжу арміі, якую нельга пераўтвараць у палітычную жандармерыю. Яшчэ тры гады таму я размаўляў з высокапастаўленымі НАТАўскімі чыноўнікамі. Яны пыталіся: “Што вы думаеце пра супрацоўніцтва НАТА з беларускай арміяй? Наколькі яна заангажаваная ў палітычных рэпрэсіях?” Я адказваў, што, на шчасце, у адрозненні ад іншых сілавых структур, арміі пакуль хапае розуму трымацца здаля. Але, пачынаючы з наскрозь фальшывага прызыву Змітра Жалезнічэнкі, калі былі парушаны правы і на вучобу, і на здароўе, я змяніў сваё меркаванне і ніколі не хаваю яго на міжнародным узроўні. З прызывам Жалезнічэнкі армія ператварылася ў палітычна-рэпрэсіўны інструмент. Дэмакратычная Еўропа гэтага не заўважыла, змаўчала. І Лукашэнка пабачыў (ён заўсёды любіць запусціць пробны шар), што гэта праходзіць. Праглынула гэта і беларускае грамадства ў бальшыні сваёй, праглынула і міжнародная супольнасць. І пачалося! Каліта, Вячорка, Шыла, Хведарук…

- Як наогул Франаку служыцца ў арміі? Што рассказвае?
- Сын – чалавек таварыскі і камунікабельны, таму адносіны з салдатамі ў яго сяброўскія і зычлівыя. Ніякіх праблем са “старымі” няма. І, я вам скажу, якая можа быць боязь у моладзевых актывістаў, калі яны ўсе прайшлі турмы і ніколі не баяліся ісці пад дубінкі? Яны пабачылі ў свае 18-20 гадоў столькі, што не дай Бог кожнаму. Пра якую боязнь і нежаданне служыць Айчыне ідзе гаворка? Яшчэ трэба даведацца, хто больш зрабіў для гэтай Айчыны: Ваня Шыла ці тыя “гэбісты”, якія “вязалі” яго, мінуючы медкамісію? Што ж да Франака і вайсковага досведу, то ён бачыць той стан, у якім рэальна армія знаходзіцца. Насуперак выхваленням Лукашэнкі пра прыярытэты арміі, калі апусціцца да ўзроўню звычайнай вайсковай часткі ці шпіталя, то абсалютна відавочна, што сітуацыя гаротная. Нерамантаваныя прыбіральні, недагледжаныя харчовыя блокі і гэдак далей… Сын пісаў пра гэта. І я вельмі задаволены, што пасля гэтага была дастаткова хуткая рэакцыя ваеннага ведамства. Можа хоць такая сціплая карысць ад знаходжання Франака Вячоркі ў той жа арміі ды будзе.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international