Перасьлед рэлігійных канфесіяў беларускімі ўладамі працягваецца – зьліквідаваная евангелічная рэфармацкая царква

2005 2005-08-22T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Менскі гарадзкі суд вынес рашэньне аб ліквідацыі Хрысьціянскай рэлігійнай кангрэгацыі “Беларускі эвангелічны рэфармацкі збор”. Менгарвыканкам падаў на вернікаў пазоў у суд — за тое, што яны не прайшлі перарэгістрацыі.
Судзьдзя менскага гарадзкога суду Ала Салаўёва разгледзела справу аб ліквідацыі царквы на працягу адной гадзіны. Яна зачытала дакумэнты аб тым, што хрысьціянская рэлігійная кангрэгацыя “Беларускі эвангелічны рэфармацкі збор”, зарэгістраваная ў Мін'юсце ў 1992 годзе, у адпаведнасьці з новым заканадаўствам павінна мець юрыдычны адрас у нежылым фондзе. Вернікі-кальвіністы ж за два гады пасьля зьяўленьня Закону не падалі ў Менгарвыканкам новых дакумэнтаў.
Пастар Ліпень заявіў у судзе, што для яго галоўнае — гэта суд Божы. Ён назваў справу ліквідацыі царквы палітычнай і замоўленай уладамі. Сьвятар таксама сказаў, што байкатуе новы закон і патрабуе, каб кальвіністам вярнулі іхныя храмы, якія гістарычна былі замацаваны за гэтай канфэсіяй: “Мы ня можам прызнаць дыскрымінацыйнага закону. Ён парушае свабоду сумленьня. Нам трэба, каб вярнулі нам свабоду, каб вярнулі нам гістарычныя будынкі (хаця б адзін зь іх) і каб спынілі перасьлед. У нас сканфіскавалі ўсе будынкі. Сканфіскавалі, а цяпер патрабуюць нейкага юрыдычнага адрасу. Я думаю, што яны ўсё ведаюць. Ведаюць пра гісторыю рэфармацыі. Усё гэта зроблена сьвядома”.
Усясьветны альянс рэфармаваных цэркваў даслаў ліст на імя кіраўніка беларускай праваслаўнай царквы з Жэнэвы, у якім прасіў патрыяршага экзарха Філарэта паспрыяць вырашэньню пытаньня аб перадачы храму кальвіністаў у Заслаўі, дзе цяпер спраўляецца праваслаўнае набажэнства. Але — безвынікова.
Рэфармаваныя хрысьціяне існуюць у Беларусі з 1553 году. Было збудавана шмат храмаў. У ХVII ст. у часе Контррэфармацыі езуіты зруйнавалі некалькі храмаў. Пазьней, у ХХ стагодзьдзі, бальшавікі зруйнавалі яшчэ некалькі. Захаваўся храм, збудаваны ваяводам Глябовічам у Заслаўі ў сярэдзіне ХVI стагодзьдзя, і яшчэ — у Смаргоні й у Кухцічах. Там былі цэнтры Рэфармацыі, друкаваліся тэалягічныя кнігі. Цяпер будынкі належаць праваслаўным і каталікам.
У 1625 годзе кальвіністы заснавалі ў Вільні гімназію, якая лічыцца найстарэйшай навучальнай установай Беларусі. На працягу 300 гадоў свайго існаваньня Слуцкая гімназія дала Беларусі цэлы шэраг навукоўцаў, дасьледнікаў, грамадзкіх і царкоўных дзеячаў. Сярод іх вынаходнік сучаснага кірылічнага шрыфту Ільля Капіевіч, філёзаф і паэт Ян Белбоцкі, пісьменьнікі Альгерд Абуховіч, Антон Пяткевіч, славяназнаўца Зарыян Даленга-Хадакоўскі, мэдык Антон Красоўскі, астраном Вітольд Цэраскі, палітык і мэцэнат Эдвард Вайніловіч і іншыя. Да кальвінісцкай царквы належалі вядомыя асьветнікі 16-га стагодзьдзя Сымон Будны і Васіль Цяпінскі.
Сёньня па ўсім сьвеце кальвінісцкая царква (яна завецца таксама эвангельска-рэфармаванай) налічвае каля 60 мільёнаў вернікаў.
У апошнія гады ў Беларусі былі зачыненыя суполкі канфесіяў, якія ўлады палічылі “сектамі”.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international